Дзесяць сяброў Васіля Быкава

«Салідарнасць» прыгадвае людзей, якія паўплывалі на лёс народнага пісьменніка. 100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.

Гэты спіс не прэтэндуе на паўнату. Такі дзясятак можна было скласці толькі з гарадзенскага кола знаёмстваў народнага пісьменніка.

Безумоўна, у жыцці Васіля Быкава не малое значэнне мелі многія людзі. Сяргей Навумчык, Сяргей Шапран, Уладзімір Караткевіч, Валянцін Блакіт, Алесь Пяткевіч, Святлана Алексіевіч, Яўгенія Янішчыц, Іна Карпюк, Юлія Бураўкіна і многія, многія іншыя.

З Аляксеем Карпюком, Ларысай Геніюш і Данутай Бічэль у Зельве. Фота: Юрка Голуб

Аляксей Карпюк быў адным з лепшых гарадзенскіх сяброў пісьменніка. Вось што Быкаў пісаў пра яго: «Карпюк быў ня з тых, хто мог бязвольна скарыцца ўладзе, ці ворагу, ці звычайнай жыцьцёвай бязглузьдзіцы. Усё жыцьцё гэты чалавек імкнуўся асядлаць свой лёс, хаця тое і каштавала яму аграмадных высілкаў і далёка не заўжды ўдавалася. (…) Зь ягонай прагай да жыцьця ён жыў бы і болей, калі б тое жыцьцё не ўкарацілі зламысьнікі».

А гэта ўспамін Дануты Бічэль пра Быкава: «Магчыма, я была ў яго крыху закаханая, але гэта было хутчэй плятанічнае каханьне, якое натхняла на творчасьць. Гэта быў доўгі пэрыяд у маім жыцьці, і нашыя размовы, найчасьцей тэлефонныя, сканчаліся, але потым мелі працяг у маіх вершах. Цяжка сказаць цяпер, што паміж намі тады было. Мы сустракаліся, гулялі ўздоўж Нёмана, ён шмат расказваў. Яму трэба было некаму выказацца, а мне было цікава тады ўсё паслухаць, што ён гаварыў».

Працуючы ў «Гродзенскай праўдзе», Васіль Быкаў усяляк падтрымліваў Ларысу Геніюш. Ён спрыяў публікацыі яе вершаў, прывозіў да яе ў Зельву маладых літаратараў. У адзін з такіх прыездаў да яе патрапіў Уладзімір Караткевіч.

З Алесем Адамовічам. Фота: Яўген Коктыш

Быкаў пра сябра: «У асобе Алеся Адамовіча шчасліва спалучаліся дзве вылатныя якасці — мысліцеля і змагара. Ён быў патрыётам беларусшчыны і дэмакратам свету. Усё ягонае змагарнае жыццё, ягоная публіцыстыка ды ўласная літаратура пераканаўча абвяргаюць моную тэзу індывідуалізму, асабліва распаўсюджаную сярод творчай інтэлігенцыі як апраўданне яе няўдзелу ў дзяржаўнай палітыцы».

З Зянонам Пазняком

«Васіль Уладзімеравіч быў сьціплым, стрыманым і нешматслоўным, але на цяжкіх паваротах лёсу і ў палітыцы я заўсёды адчуваў ягоныя разуменьне, прыхільнасьць і падтрымку. Ён як быццам толькі прысутнічаў, але ў складаны час зьяўлялася яго патрэбнае слова і, азіраючыся, я бачыў яго надзейную постаць», — пісаў у свой час пра Быкава Зянон Пазняк.

Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін паходзілі з Вушаччыны. Іх яднала даўняе сяброўства, супольныя вандроўкі на мора і дзве кнігі на дваіх — «Калі рукаюцца душы» і «Лісты ў Хельсінкі».

Пра ступень сяброўства Васіля Быкава з Генадзем Бураўкіным сведчыць адзін са шматлікіх лістоў-віншаванняў: «Дарагія Бураўкіны, старыя, маладыя і маленькія! Шчыра жадаю вам быць здаровымі, шчаслівымі і закаханымі ў Новым, 1977 годзе.

Хай свеціць вам ясна вясновае сонейка ад студзеня да снежня, растуць дзеткі, добра пішуцца вершы. Будзьце! Ваш Васіль, з Гродні каторы».

Фота: Ларыса Глебава

З кампазітарам Яўгенам Глебавым Быкаў пазнаёміўся, калі той пісаў музыку да фільма паводле «Трэцяй ракеты». Потым быў спектакль «Альпійская балада». Пасябравалі творцы пасля таго, як Глебаў пахадайнічаў за Быкава перад сакратаром ЦК па ідэалогіі Аляксандрам Кузміным.

Для расійскага пісьменніка Аляксандра Твардоўскага Беларусь была не чужая. У часопісе «Новый мир» ён часцяком друкаваў беларускіх паэтаў і пісьіменнікаў. Быў сярод іх і Васіль Быкаў, дзеля якога Твардоўскі, па ягоных словах, гатовы быў «узыйсци на вогнішча».

Расійская рэжысёрка Ларыса Шапіцька некалькі год кантактавала з Быкавым, пакуль цягнулася праца над фільмам «Узыходжанне». Гэта былі няпростыя гады, поўныя змагання з савецкімі чыноўнікамі ад кіно і цэнзураў. Узнагародай быў «Залаты мядзведзь» на Берлінале. І высокая ацэнка Васіля Быкава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(13)