Общество
Анастасія Зелянкова

Дзесяць самых недарэчных будынкаў Мінска

Апошнім часам архітэктура Мінска актыўна папаўняецца ўсё новымі будынкамі. Узводзяцца лядовыя палацы, гандлёвыя цэнтры і іншыя аб’екты. Аднак, на думку спецыялістаў, не ўсе гэтыя збудаванні здольныя ўпрыгожыць горад. Скласці рэйтынг самых недарэчных будынкаў Мінска “Салідарнасці” дапамог гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі.

— Перш чым казаць пра сучасную архітэктуру, трэба мець на ўвазе, што горадабудаўніцтва — гэта заўсёды ідэалогія, — адзначае Сяргей Харэўскі — Не бывае архітэктуры неідэалагічнай. Ці мы маем справу з архітэктурай барока, якая ўзнікла як альтэрнатыва ідэям рэфармацыі, ці з будынкамі Манхэтэна, закліканымі ўвасобіць амерыканскую мару, ці гаворым пра славутыя хрушчоўкі, якія павінны былі сведчыць пра гаспадарчыя поспехі савецкага ладу жыцця і садзейнічаць імкліваму забеспячэнню ўсіх людзей жыллём.

Якую ідэалогію прапануюць нам сёння? Гэта імітацыя бурнага росту, якога, на жаль, няма. Нам імкнуцца паказаць перавагі цяперашняй палітыкі, цяперашняга вектара ў развіцці дзяржавы насуперак логікі, насуперак традыцыям, насуперак эканамічным рэаліям.

Сучасная практыка звялася да знішчэння самага адметнага, што было да гэтай эпохі. Малаадукаваныя, прынамсі ў галіне горадабудаўніцтва, людзі, якія сёння кіруюць нашай дзяржавай, спрабуюць зымітаваць тое, што ім здаецца прыгожым, і прытарноўваюць нашыя гарады пад свае густы — правінцыйныя ПТУшнікі ўвасабляюць свае падлеткавыя мары.

Напэўна, самая брутальная сітуацыя склалася сёння на Нямізе. Старую Нямігу знішчылі дзеля таго, каб разгрузіць цэнтральны праспект ад транспарту. Але час бег так імкліва, і транспарту станавілася так многа, што той мэты, дзеля якой знішчалася Няміга, горадабудаўнікі не дасягнулі. Сёння ж Няміга — гэта самая забруджаная і загазаваная магістраль горада.

Большасць будынкаў, якія ўвайшлі ў дзесятку самых недарэчных збудаванняў Мінска месцяцца менавіта на гэтай вуліцы.

1. Узначальвае наш рэйтынг жылы шматпавярховы дом, да якога прымыкае гандлёвы цэнтр “На Нямізе”.

— Гэта адзін з першых аб’ектаў, які трэба зняць, — лічыць Сяргей Харэўскі. — Ужо як толькі яго пабудавалі, стала бачна, што гэты велізарны дом на Нямізе — вялікая памылка. Гэты будынак знішчыў сувязь Ракаўскага прадмесця з Верхнім горадам, безнадзейна сапсаваў панараму горада і фактычна забіў сваім памерам унікальны помнік нашага дойлідства — царкву Пятра і Паўла.

Гэты дом з усіх бакоў глядзіцца проста страхоццем, такой бетоннай трушчобай. З яго лупіцца плітка, тырчаць антэны, да таго ж ён яшчэ ў працэсе будаўніцтва і ўзвядзення быў шматкроць сапсаваны. Але гэтага аказалася мала — зрабілі яшчэ адну памылку, прыбудаваўшы там гандлёвы цэнтр і высунуўшы гэты агромны пандус.

І сёння працягваюць пагаршаць сітуацыю. Царкву засунулі з усіх бакоў у бетонны акоп, перакрылі ўсе візуальныя сувязі з іншымі аб’ектамі. З-за гэтага страшнага, пачварнага дома, які не мае ніякай эстэтычнай каштоўнасці, ды і эканамічны яго эфект больш чым сумнеўны, сёння Няміга выглядае нейкай недабудаванай і недарэчнай.

Калі зняць гэты дом, раскрыецца панарама на Ракаўскае прадмесце, а ў сваю чаргу з Ракаўскага, збоку Юбілейнай плошчы, на панараму Старога горада. На думку даследчыка, на месцы колішніх двароў варта было б размясціць паркавую зону.

— І ў экалагічным і ў сацыяльным сэнсе гэта будзе ў сто разоў больш важна, чым піўнухі над закурадомленай Нямігай, — упэўнены даследчык.


2. Ніякай эстэтычнай, сацыяльнай, культурнай і эканамічнай каштоўнасці не ўяўляе сабой і будынак колішняга Белбудпраекта, пабудаванага на плошчы Свабоды ў 1972 годзе архітэктарам Шпігельманам.

— Гэтая пачвара сімвалізуе сабой поўную дэградацыю савецкай архітэктуры, стадыю яе інтэлектуальнай і тэхналагічнай нямогласці, — ставіць дыягназ наш суразмоўца. — Гэта горшы прыклад архітэктуры таго ж Шпігельмана, які, дарэчы, з’яўляецца аўтарам выдатнага будынка колішніх прыгарадных кас.

Калі зняць гэты дом, мы зможам адкрыць панараму на храмы Верхняга горада, на Ратушу. Яны больш не будуць губляцца на фоне гэтай бетоннай лапідарнай спаруды, а пачнуць зноў сягаць у неба сваімі абрысамі.

На гэтым месцы, на думку даследчыка, варта было б аднавіць сіметрычнае крыло гарадской сядзібы 18 стагоддзя. Адно крыло яго ацалела, там цяпер месціцца ваенкамат. — Застаўся адзін флігель па вуліцы Рэвалюцыйнай, другі ж быў знішчаны для пабудовы гэтай пачвары, — распавядае Харэўскі. — Горад вельмі выйграе, калі аднавіць гэты ансамль, зрабіць сіметрычны другі флігель. Утварыўся б вельмі рэдкі для Мінска ансамбль замкнёнага двара — курданэра.

3. Наступнай недарэчнай пабудовай Мінска па праве можа лічыцца новаўзведзены на Нямізе паркінг. На думку даследчыка, ні з маральнага, ні з эстэтычнага, ні нават з практычнага пункту гледжання ён не мае права на існаванне.

— Зразумела, што ён быў пабудаваны не для таго, каб вырашыць транспартныя праблемы, — адзначае Харэўскі. — Паркінг на сто машын ніяк не здыме пытання паркоўкі ў горадзе. Па-другое, калі ён будзе пушчаны, уявіцу, як машыны ў гадзіну-пік будуць выязжаць і заязджаць туды з Нямігі, якая і так уся ў заторах.

То бок нават у гэтым сваім значэнні, якое нам дэкларавалася, гэта будзе вельмі праблемны ў эксплуатацыі аб’ект. І наступным крокам стане далейшы знос помнікаў, каб выязджаць і заязджаць у гэты паркінг.

Што ж да эстэтычнага боку, то ў ацэнках гэтага будынка Сяргей Харэўскі больш чым катэгарычны:

— Гэта проста пашляціна. Вельмі яркі прыклад безгустоўнасці сучаснай практыкі. Гэта экстрапрафанацыя — паставіць на тры бетонныя паверхі прыблізныя копіі домоў, якія стаялі там унізе. Такой практыкі нідзе ў свеце няма, такое вось чыста беларускае ноў-хаў. Нішто не перашкаджае паставіць такія ж дамы, скажам, у Чыжоўцы, ці ў Малінаўцы — ім, можа, таксама хочацца нейкіх такіх прыгожых домікаў пад даўніну. Нам выдаюць за помнік тое, што помнікам не з’яўляецца. Копію выдаюць за подлінік, падробку за арыгінал. Гэта вандалізм, які пярэчыць усёй заканадаўчай міжнароднай базе ў галіне аховы помнікаў. І ўсё гэта дзеля таго, каб некалькі чалавек распараджаліся гэтым майном і зараблялі сабе грошы.


4. Брутальнай горадабудаўнічай памылкай можна назваць таксама ўзвядзенне гатэля “Еўропа”, які гарадскія ўлады паспелі заявіць як маштабную рэканструкцыю.

— Эстэтычныя якасці нават той старой “Еўропы” яшчэ ў тыя часы выклікалі бурлівыя дыскусіі, — кажа Харэўскі. — Мастацкая архітэктурная крытыка ў Мінску, Маскве, Пецярбурзе наўпрост указвала на безгустоўнасць і кітч нуворышаў, якія так нахабна паставілі такую пампезную, неадэкватную архітэктуры старасвецкага Верхняга горада будыніну.

Што ж тычыцца сённяшняга аб’екта, то да рэканструкцыі ён не мае ніякага дачынення. Ён нават пастаўлены не на сваім месцы, а на добрыя 150 метраў убок. Прычым пастаўлены на падмурках першага мінскага тэатра, пабудаванага ў канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. Гэты тэатр меў каласальную духоўную і гістарычную каштоўнасць для горада.

Будынак тэатра знеслі ў 1986 годзе. Аднак існаваў праект яго адбудовы з наступным выкарыстаннем у якасці камернага музычнага тэатра. І гэта вельмі лагічна — у Верхнім горадзе ёсць дзве музычныя школы і кансерваторыя, у распараджэнне якой планавалася прадаставіць і гэты тэатр, дзе калісьці была пастаўлена першая беларуская опера “Ідылія”. У такім выглядзе гэты аб’ект быў бы відавочна больш важным і для турыстаў. Аднак улады вырашылі зрабіць па-свойму.

— Гатэль на 60 нумароў, згадзіцеся, не вырашае ніякіх сацыяльных задач і не здымае праблему адсутнасці ў Мінску гатэляў і гатэльнага сэрвісу, — перакананы Сяргей Харэўскі. — У Мінску хапае пусташы, хапае месца для стварэння добрых, якасных гатэляў. Наступнай жа праблемай будзе забяспечыць яго паркоўкай для гасцей. А значыць — чарговы знос, чарговы захоп тэрыторыі, вельмі важнай і каштоўнай для горада.

Калі казаць уласна пра архітэктурныя якасці гэтай пабудовы, то няўзброеным вокам відаць, што нас падманулі, зрабіўшы будынак на паверх вышэй — не ўстрымаліся ад спакусы ўзяць максімум ад гэтага аб’екта.

— У выніку тая ж кансерваторыя, якая выглядала, як сапраўдны палац, цяпер глядзіцца як ПТУ ў райцэнтры ў ценю гэтай аграмаднай абсалютна негарманічнай спаруды, якая перавысіла ўсе масшатабы рэальных помнікаў. Лапідарная, абсалютна брутальная і бездапаможная савецкая адрыжка. З дваровага фасаду гэтая пачвара таксама не вытрымлівае ніякай крытыкі. Тут і відавочнае адставанне нашых архітэктараў ад найноўшых тэхналогій. Вадазлівы будынка прадугледжваюць, што вада з гэтага дома будзе цячы проста на тратуар — прымітыў. Ды нават дэкор той старой “Еўропы” яны не змаглі зымітаваць. Атрымаўся звычайны камерцыйны аб’ект, які не мае ніякага дачынення ні да аднаўлення помніка архітэктуры, ні да рэгенерацыі горада, на адбудове якога нахабна настаялі цяперашнія ўлады, — кажа даследчык.


5. Памылкай яшчэ 80-х гадоў з’яўляецца і пабудова вылічальнага цэнтра Міністэрства унутраных спраў перад Пішчалаўскім замкам — сённяшнім СІЗО на Валадарскага.

— Раней перспектыва вуліцы Інтэрнацыянальнай заканчвалася вежай Пішчалаўскага замка і стваралася атмасфера непарыўнасці гістарычнага асяродка, — распавядае наш суразмоўца. — Можна было ісці ад цэнтральнай плошчы да Гарадскога вала і любавацца гэтай рамантычнай вежай. Цяпер уся перспектыва колішняй вуліцы Валоцкай і колішняй Зборавай упіраецца ў пачварную шэрую спаруду вылічальнага цэнтра МУС.

У 80-я гады многія архітэктары і спецыялісты пратэставалі супраць такога рашэння. Альтэрнатывай была пабудова малапавярховага гандлёвага цэнтра, які б не закрываў сабой Пішчалаўскі замак. Аднак МУС тады настаяў на сваём.

Знос гэтага аб’екта даследчык раіць вырашаць разам з вывадам з замку СІЗО. А сам Пішчалаўскі замак, паводле меркавання Харэўскага, мусіць быць выкарыстаны дзеля культурных і асветніцкіх мэтаў:

— Раней у гэтым замку размяшчаўся гарадскі арсенал, царква, аптэка. Стварэнне там гістарычнага музея для Мінска было б важней, чым турма ў самым цэнтры горада. Да таго ж гэта негуманна трымаць у такіх нялюдскіх умовах людзей, многія з якіх нават невінаватыя і знаходзяцца там толькі да суда.

6. Насуперак меркаванняў гісторыкаў, рэстаўратараў і археолагаў быў узведзены і будынак пракуратуры на вуліцы Інтэрнацыянальнай, што побач з кінатэатрам “Перамога”. Яго размясцілі на падмурку колішняга касцёла Войцеха і Схаластыкі, які быў узарваны Саветамі ў 1968 годзе.

— Гэта быў вельмі прыгожы касцёл у стылі барока пачатку ХVII ст, — узгадвае гісторык. — Доўгі час гэтае месца заставалася вольным, пакуль у канцы 80-х фактычна ўпрытык да іншых будынкаў на ім не ўзвялі будынак пракуратуры. Ніякага сэнсу пакідаць яго няма. Ён не толькі не ўяўляе сабой ніякай архітэктурнай каштоўнасці, але і ў сэнсе размяшчэння не вельмі падыходзіць для пракуратуры — і ў плане пад’ездаў, і ў плане сувязей. Перанесці гэтыя дзесяць кабінетаў у іншае месца не будзе складана. А тут варта аднавіць касцёл. Яго праекты і фотаздымкі захаваліся, і зрабіць гэта — не праблема.

7. Яшчэ адной памылкай савецкіх архітэктараў на Нямізе можна лічыць Цэнтр моды. На думку даследчыка, яго знос дазволіў бы адкрыць цудоўную панараму на вуліцу Замкавую, на Ракаўскае прадмесце і даў бы магчымасць з усіх бакоў агледзець царкву Пятра і Паўла.

— Гэта было б эстэтычна і горадабудаўніча больш апраўдана, — лічыць Харэўскі. — Гэты дом даўно зжыў сябе. Але абавязкова трэба захаваць барыльеф, які месціца на гэтым будынку — гэта унікальны помнік манументальнага мастацтва. Толькі трэба знайсці для яго іншае месца. Я б размясціў яго дзе-небудзь у раёне Нацыянальнай бібліятэкі — там хапае для яго месцаў.

А сам гэты дом варта знішчыць разам з пачварным домам колішняга інтэрната на паркавай магістралі, побач з кнігарняй “Светач” — абсалютна кончаная абшчага. У выніку адкрылася б панарама з боку Ракаўскага прадмесця, вуліцы Дзімітрыеўскай, Шпалернай, Вызвалення на Траецкае прадмесце, на царкву Марыі Магдалены, на Свіслач.

8. Узгаданая вышэй Нацыянальная бібліятэка таксама папоўніла рэйтынг самых недарэчных будынкаў сталіцы. Арыгінальнасць у новаствораным “брыльянце”, на думку Харэўскага, могуць убачыць толькі людзі з правінцыйным разуменнем архітэктуры:

— Любы, хто знаёмы з архітэктурай 60-70-х гадоў, раскажа вам пра дзесяткі такіх праектаў у розных канцах свету — ад Арабскіх Эміратаў да ЗША. Такіх дэдэкаэдраў і ішых геаметрачных “брыльянтаў” у свеце пабудавана вельмі шмат.

А сённяшняя бібліятэка — гэта праект застойных часоў. Ён яшчэ ў 88-м годзе атрымаў на ўсесаюзным аглядзе творчасці маладых архітэктараў нейкую прэмію. І вось зараз гэты анахранізм ва ўсіх сэнсах, які дэманструе поўную нямогласць і інтэлектуальны тупік савецкай архітэктуры, запазычаны з заходніх узораў, нарэшце быў увасоблены.

Да таго ж дадзеная пабудова абсалютна непрыдатная для нашага клімату. Каб забяспечыць яе ацяпленнем, кандынсаваннем і вентыляцыяй, спатрэбяцца велізарныя рэсурсы.

— Мы будзем сведкамі, як паціху гэтае шкло будзе замяняцца на бляху, як будуць увесь час мучыцца з эксплуатацыяй гэтага недарэчнага, нязграбнага збудавання, якое ўзвялі, каб толькі пусціць пыл у вочы, — прагназуе даследчык. — Ніякай архітэктурнай вартасці гэты будынак не ўяўляе, і ў людзей, якія бачылі сапраўды выдатную сучасную архітэктуру ў розных краінах, гэтая правінцыйная патуга здзівіць свет выклікае толькі крывую ўсмешку.

9. Яшчэ адным такім “новым старым” аб’ектам з’яўляецца нядаўна ўзведзены будынак Чыгуначнага вакзала. Спроба прыпаднесці яго як шэдэўр сучаснай архітэктуры больш чым дзіўная, паколькі задумваўся ён у сярэдзіне 80-х.

— Гэта ўзор савецкай архітэктуры эпохі Брэжнева, — канстатуе Харэўскі. — Менавіта тады вакзал і быў запраектаваны. Пакуль яго пабудавалі дзесяць разоў памяняліся праекціроўшчыкі. У выніку мы маем гэты гіганцкі пачварны вакзал, які жудасна сапсаваў кампазіцыю ўсёй вакзальнай плошчы. Канешне, зносіць яго цяпер было б неразумна — пабудавалі сабе і пабудавалі, — але ў далейшым трэба пазбягаць такіх відавочных памылак.

10. Вялікай горадабудаўнічай памылкай было і будаўніцтва Палаца рэспублікі, які народ яшчэ ў канцы 80-х трапна празваў “саркафагам”. Гэта таксама праект брэжнеўскіх часоў 1984 года.

— Гаварыць пра архітэктурныя якасці гэтага аб’екта, зразумела, не прыходзіцца, — упэўнены Сяргей Харэўскі. — Матывацыя праекціроўшчыкаў, што ён будзе сваім абліччам стасавацца з будынкам ЦК, суседнімі адміністрацыйнымі будынкамі і музеем Вялікай Айчыннай вайны досыць слабая. Дзякуй богу, выканаўцаў схапілі за руку, бо паводле іх праекта, трэба было выразаць Аляксандраўскі сквер перад цяперашняй рэзідэнцыяй. А плошча павінна была мець новую вось — наўпрост ад ганка ЦК да Палаца Рэспублікі мусіў быць суцэльны гіганцкі пляц.

На шчасце, гэтаму праекту не далі здзейсніцца.

— Зараз можна толькі папраўляць гэтыя памылкі, — мяркуе даследчык. — Калі будзе адноўлены на рагу вуліцы Інтэрнацыянальнай і Энгельса сабор Св. Тамаша Аквінскага, узарваны ў 1954 годзе, то сваім фасадам ён закрые від на гэтую “гаргару” з боку Верхняга горада. А з боку плошчы просіцца стварэнне зялёнай зоны, каб змікшыраваць зелялінай маштаб гэтага “цыклопа”, які выклікае ў нас асацыяцыі з прамысловай архітэктурай.

Шчыра кажучы, называць недарэчныя будынкі Мінска можна было б яшчэ доўга. Гэта і старыя савецкія аб’екты, як, напрыклад, будынак ВДНХ на Купалаўскай, які даўно зжыў сябе, ператварыўшыся ў тлумны базар, і новыя шматкроць раскіданыя па Мінску сучасныя “шкляныя падзелкі” ў выглядзе банкаў, тарговых цэнтраў і лядовых палацаў.

Прамысловыя аб’екты — заводы і прадпрыемствы — мы наўмысна абышлі ўвагай, паколькі тут і без вытанчанага мастацкага густу можна заўважыць, наколькі “ўпрыгожваюць” яны твар горада. Не закранулі мы і знакамітыя хрушчоўкі, якія сёння так актыўна спрабуюць “аблагародзіць” гарадскія ўлады, незважаючы на тое, што яшчэ ў савецкія часы гэтыя дамы будаваліся як часовае жыллё на 25-30 гадоў.

— Што ж да сучаснай архітэктуры, то за гэтую эпоху незалежнасці ўвогуле не было зроблена нічога такога, пра што варта гаварыць, — выносіць прысуд Сяргей Харэўскі. — У сучасных праекціроўшчыкаў цалкам адсутнічае ансамблевае мысленне. Паглядзіце, як сёння забудавалі тую ж вуліцу Сурганава. Нейкім пахабкам панатыркалі розных “шкляных цацак”, замест таго, каб забудаваць яе паводле аднаго генеральнага праекта. Гэтая ж цэнтральная вуліца магла б сапраўды стаць тварам новага Мінска.

Больш таго, сучасныя “горадабудаўнікі” зусім не паважаюць сваіх папярэднікаў — там нешта прылепяць, як рэстаран “Лідо” да Палаца фізкультурніка, тут нешта прымацуюць. А трэба думаць, што мы пакінем унукам. Што захаваем і што пабудуем. У нас жа пакуль ёсць только мысленне дэкадамі і пяцігодкамі. Што паспелі набудаваць ад выбараў да выбараў — а далей, хоць трава не расці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)