Дзень Волі. 10 фактаў і важных момантаў, якія трэба ведаць пра Беларускую Народную Рэспубліку

104-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці БНР прысвячаецца. З дапамогай архіўных публікацый прыгадваем найважнейшыя моманты ключавой падзеі ў гісторыі нашай краіны.

Чаму Дзень Волі — час збіраць камяні

Гэты каментар быў напісаны да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Але сёння ён толькі набыў моц і актуальнасць:

— 25 сакавіка – час збіраць камяні, а не раскідваць. Хай гэта будзе дзень кансалідацыі, а не канфрантацыі. Мы мусім зрабіць усё, каб 25 сакавіка набыло яшчэ адзін сэнс – як дзень паразумення для ўсіх, хто за незалежнасць нашай дзяржавы. Толькі ў такім выпадку гэта будзе агульнанацыянальнае свята для беларусаў безадносна да іх палітычных поглядаў.

Як Ленін прыспешыў стварэнне незалежнай Беларусі

У студзені 1918-га ў Петраградзе бальшавікі разагналі дэлегатаў Усерасійскага ўстаноўчага сходу. На думку гісторыкаў, тыя падзеі аказалі непасрэдны ўплыў на незалежніцкі рух у тагачаснай Беларусі.  

Яшчэ ў снежні 1917-га, у часе Першага Усебеларускага з’езду, загучалі многія галасы на карысць абвяшчэння незалежнасці. Аднак, былі і тыя, хто выступаў за аўтановію ў складзе дэмакратычнай Расіі.

Разгон у Петраградзе канчаткова пераканаў айцоў-заснавальнікаў БНР у тым, што будучыні ў маладой краіны ў складзе расійскай дзяржавы няма.

«Вольнасьць слова, друку, сходаў…»

9 сакавіка 1918 года была прынятая ІІ Устаўная гармата «Да народаў Беларусі». Гэтым дакументам абвяшчалася стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

«У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць», — гаварылася ў дакуменце.

Да чаго імкнуліся стваральнікі беларускай дзяржавы? Іх памкненні актуальныя і для сённяшняй Беларусі: «вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў: бязумоўная вольнасьць сумлення, незачэпнасць асобы і памешканьня».

«…кінуў наш край у пажар вайны»

У ІІІ Устаўной грамаце, што 25 сакавіка 1918 года абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, можна адшукаць горкія паралелі з сённяшнім днём. Працытуем гэты фрагмент: 

«Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму‚ які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; не пытаючыся народу‚ ён кінуў наш край у пажар вайны‚ якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія.

Цяпер мы‚ Рада Беларускай Народнай Рэспублікі скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці‚ якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народнай Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржавай».

Урад БНР. Гісторыя знакамітага фота

Члены першага складу Народнага Сакратарыята. Злева направа: сядзяць – Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, стаяць – Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Члены першага складу Народнага Сакратарыята. Злева направа: сядзяць – Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, стаяць – Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Гэтым здымкам часта ілюструюць публікацыі пра першы ўрад абвешчанай 25 сакавіка 1918-га Беларускай Народнай Рэспублікі.

Калі і дзе ён быў зроблены? Чаму некаторыя гісторыкі не раяць называць групу людзей на фота першым урадам БНР? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні, а таксама гісторыя пра першую публікацыю здымка ў сакавіку 1990-га, — чытайце тут.

Жанчыны, якія звязалі свой лёс з БНР

Жанчыны сярод дэлегатаў Усебеларускага з’езда (1917) Палута Бадунова (сядзіць трэцяя справа), у другім шэрагу злева ад цэнтру Паўліна Мядзёлка і Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас)

На большасці фотаздымкаў, прысвечаных дзеячам Беларускай Народнай Рэспублікі, мы амаль не бачым жанчын. Дыспрапорцыя на карысць мужчынаў ва ўрадах ды іншых кіраўнічых органах БНР відавочная. Тут можна даведацца пра тых нямногіх жанчынаў, што спрычыніліся да гісторыі стварэння першай беларускай дзяржавы.

Як выглядала Беларусь у часы БНР

Каб сучаснаму беларусу зразумець, у якіх умовах стваралася першая беларуская рэспубліка, варта азнаёміцца з фотагалерэяй тых часоў. Вуліцы і плошчы тагачасных беларускіх гарадоў і мястэчак, запоўненыя вайскоўцамі чужых армій, разбурэнні ў выніку Першай сусветнай вайны — адны з самых частых сюжэтаў і выяваў.

Аднагодкі БНР

Абвяшчэнне Дэкларацыі аб незалежнасці ў Пярну, 24 лютага 1918. Адзін з першых здымкаў Эстонскай Рэспублікі

У 1918-м годзе адбыўся сапраўдны парад незалежнасці на абломках Расійскай імперыі. Беларусы ў своім імкненні да незалежнасці не былі самотнымі. Ужо існавала Украінская Народная Рэспубліка, следам пра незалежнасць абвесцілі палякі, латышы, літоўцы і эстонцы.

Важны момант: як і БНР, так і астатнія нашыя суседзі сутыкнуліся з бальшавіцкай Расіяй, якая рознымі спосабамі намагалася перашкодзіць маладым рэспублікам здабыць самастойнасць. Найперш, з дапамогай стварэння ўрадаў-марыянетак.

Як стагоддзе БНР аб’яднала беларусаў

У 2018-м улады часткова дазволілі адсвяткаваць 100-гадовы юбілей абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Шэсце было забароненае, аднак адбыўся шматысячны мітынг і канцэрт каля Опернага тэатру.

Наконадні на дзяржаўным узроўні праводзідіся святочныя мерапрыемствы, у Купалаўскім парку з’явілася памятная шыльда ў гонар братоў Івана і Антона Луцкевічаў, якія ўваходзілі ў першую Раду БНР.

Дзень Волі павінен стаць дзяржаўным святам

101-я ўгодкі БНР у Гродне

Такой думкі прытрымліваюцца многія беларусы. Вось як гэта абгрунтоўвае гісторык, даследчык спадчыны БНР Анатоль Сідарэвіч, які год таму расказаў «Салідарнасці», як Дзень Волі святкавалі пры паляках, камуністах і Лукашэнку:

— 25 сакавіка, як у літоўцаў 16 лютага, павінна стаць дзяржаўным святам, выхадным днём. Няхай у гэты дзень будуць розныя маніфестацыі, канцэрты, імпрэзы. А чаму б яшчэ і не вайсковы парад? Адным словам, гэта павінна быць радаснае свята.

З іншымі артыкуламі пра Беларускую Народную Рэспубліку можна азнаёміцца ў адмысловай рубрыцы «Салідарнасці» БНР-100

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)