Дыпламатычны скандал: Мінск і Стакгольм адклікалі дыпламатаў
Пасля прызначэння шведскай прадстаўніцы пры беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой амбасадаркі Крыстыны Юганэсан паміж афіцыйным Мінскам і Стакгольмам узнік дыпламатычны скандал.
Як паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе МЗС Швецыі, «цяпер у Стакгольме для кансультацый знаходзіцца часовы павераны ў справах Швецыі ў Мінску. Праца ў амбасадзе Швецыі ў Мінску працягваецца ў звычайным рэжыме. Цяпер у Мінску для кансультацый знаходзіцца пасол Беларусі ў Стакгольме».
Амбасадарам Беларусі ў Швецыі акрэдытаваны Дзмітры Мірончык.
З 5 верасня 2022-га Эва Сундквіст выконвае абавязкі часовага паверанага ў справах Швецыі, кіраўніка місіі ў Мінску.
6 лістапада ў Вільні міністар замежных справаў Швецыі Тубіяс Більстрэм абвясціў аб прызначэнні Крыстыны Юганэсан, якая раней працавала амбасадаркай Швецыі ў Мінску, дыплаяматычнай прадстаўніцай пры беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой.
Апрача таго, Тубіяс Більстрэм у 6 лістапада ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» заявіў, адказваючы на пытанне, ці прызнае ён Святлану Ціханоўскую абраным прэзідэнтам:
— Мы прызнаём яе чалавекам, які перамог на выбарах і які па праве павінен быў стаць інаўгураваным прэзідэнтам Беларусі.
Паводле інфармацыі РС з дыпламатычных крыніц у Мінску, гэта выклікала незадавальненне ўладаў Беларусі, якія адклікалі свайго амбасадара са Стакгольма і запатрабавалі, каб у сталіцу Швецыі для кансультацыяў паехаў кіраўнік дыпламатычнай місіі гэтай краіны ў Мінску.
У замежнапалітычным ведамстве Швецыі РС таксама паведамілі, што пасля новага прызначэння Крыстыны Юганэсан МЗС Швецыі правёў перамовы з беларускімі прадстаўнікамі.
Читайте еще
Избранное