Общество

Другая галадоўка на Акрэсціна – на гэты раз у мужчынскай камеры. Яны дамагліся свайго

Былы арыштант паведаміў праваабаронцам, што ў канцы кастрычніка мужчынская «палітычная» камера № 13 абвяшчала галадоўку, каб адстаяць нармальныя ўмовы ўтрымання. І яны дамагліся гэтага.

У чатырохмясцовых камерах утрымліваюцца прыблізна па 16 чалавек. Часам у камеру да «палітычных» закідваюць бяздомных людзей, на падлогу выліваюць хлорку.

Па словах мужчыны, перадачы не даходзілі, а лекі бралі не ўсе. Як адзначае мужчына, найбольш жорстка да арыштантаў ставіліся медык, раздатчыца ежы і адна ахоўніца. 

– У адной маленькай камеры не адчынялася акно. А калі сядзіць 16 мужыкоў, то па сценах цячэ кандэнсат і ад недахопу кіслароду баліць галава. Мы прасілі раздатчыцу ежы не зачыняць кармушку, каб хоць крыху паступала паветра. Але яна зачыняла яе і казала: «Дыхаць трэба было дома, мразі».

Таксама мужчына распавядае пра жорсткае стаўленне адной медработніцы:

– Адзін раз яна вырашыла пакараць усю камеру, не выдаўшы лекі, нягледзячы на тое, што ў камеры было пару гіпертонікаў, адзін чалавек з адбітымі ныркамі і адзін дыябетык.

Арыштант распавёў, што, калі ў камеру №13 закінулі бяздомнага чалавека, то яны ўсёй камерай з 20 кастрычніка абвясцілі галадоўку. Праз двое сутак адміністрацыя здалася і забрала бяздомнага.

Раней галадоўку аб'яўляла жаночая камера на Акрэсціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(18)