Общество
Галіна Абакунчык, ”Радыё Свабода”

Дробныя прадпрымальнікі пратэстуюць супраць масавых праверак і штрафаў

Прадпрымальнікі шэрагу рэгіёнаў Беларусі рыхтуюцца да акцыяў пратэсту супраць ціску кантрольных органаў, якім яны лічаць масавыя праверкі і буйныя штрафы, якія назіраюцца апошнім часам. Дробныя бізнэсоўцы перакананыя: такім чынам улады вырашаюць праблему дэфіцыту мясцовых бюджэтаў.

Ад сёньня каля чатырохсот прадпрымальнікаў Рэчыцы страцілі свае працоўныя месцы на рынку “Славянскі”. Улады парушылі дамоўленасьці і распачалі датэрміновую рэканструкцыю тэрыторыі. Толькі пасьля паходу гандляроў у мясцовую адміністрацыю ім выдзелілі новую пляцоўку. Але на гэтым праблемы ня скончыліся, кажа рэчыцкі актывіст Алег Шабетнік:

“А 8-раніцы ў нас тут ці ня мітынг будзе. Бо, акрамя таго, ёсьць вялікія праблемы з падаткавай службай. У некалькіх чалавек тут арыштавалі тавар, а затым будзе суд. А суд дае штраф да 50 базавых велічыняў і канфіскацыю тавару. Толькі на гэтым тыдні такое адбылося з траімі чалавекамі”.

Толькі за першыя дні чэрвеня аналягічныя выпадкі зафіксаваныя таксама ў Мазыры, Гомелі, Крупках, Беразіно, Жодзіна й іншых гарадах. Прадпрымальнікі заяўляюць, што ўлады спрабуюць адабраць грошы ў гандляроў, каб папоўніць мясцовыя бюджэты. Як гэтыя заявы камэнтуюць у Міністэрстве па падатках і зборах, цікаўлюся ў намесьніка міністра Аляксандра Дарашэнкі:

“Якія папаўненьні? Плянавыя праверкі, і чаму яны скардзяцца? Калі яны нічога не парушылі, то якія могуць быць штрафы? Няхай выконваюць закон, і ніякіх штрафаў ня будзе”.

Аднак прадпрымальнікі заяўляюць: падаткавікі выпісваюць штрафы ў залежнасьці ад разнарадак, якія ім паступаюць зьверху. Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў:

“У Смалявічах ёсьць дамоўленасьць з падаткавай службай, што калі паступаюць гэтыя разнарадкі, а яны паступаюць рэгулярна, прадпрымальнікі самі выбіраюць, каго штрафаваць. Да прыкладу, шэсьць чалавек па паўтара мільёна. Затым прадпрымальнікі скідваюцца і аплочваюць вось гэты замоўлены штраф зьверху. Гэта ёсьць у Плешчаніцах і іншых гарадах. Я калі пачаў удакладняць, то выявілася, што на 20-30% такія дамоўленасьці існуюць у малых гарадах па ўсёй Беларусі”.

Як паведаміў Віктар Гарбачоў, 20-25 чэрвеня ў рамках кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” гандляры будуць абмяркоўваць шляхі вырашэньня гэтай праблемы. Ня выключана, што яны распачнуць агульнабеларускі страйк.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)