У мяне такое ўражанне, што цяперашняя пазіцыя афіцыйнага Кіева такая: падтрымліваць сувязі з усімі колькі-небудзь значнымі беларускімі палітычнымі сіламі — у роўнай ступені. І з палком Каліноўскага, і з кабінетам Ціханоўскай. Магчыма, з Андрэем Саннікавым, з Зянонам Пазняком, Валерыем Цапкалам. З усімі пакрысе.
Дракахруст: «Заява Лукашэнкі гучыць смешна. Ну які «дагаварняк» можа быць паміж марыянеткамі?»
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст расказаў Филину пра запозненую рэакцыю Мінска на інцыдэнт у Польшчы і просьбы да НАТА звярнуць увагу на «беларускі фактар».
— Святлана Ціханоўская сустрэлася з экс-прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам на форуме па бяспецы ў канадскім Галіфаксе. Парашэнка назваў гэтую сустрэчу важнай і дадаў, што яе ўдзельнікі «ўзгаднілі сумесныя меры па супрацьдзеянні расійскім акупантам і выкарыстанні імі тэрыторыі Беларусі і яе інфраструктуры для ўдараў па Украіне».
Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што цяпер каманда Ціханоўскай можа забыць пра сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім. Як вы лічыце, ці быў гэты кантакт сапраўды важным, ці гаворка ўсё ж пра сімвалічнасць? І ці слушная перасцярога Усава?
— Гэтая сустрэча адначасова і важная, і адначасова збольшага сімвалічная. Мы памятаем, што калі Ціханоўская сустрэла халодную рэакцыю афіцыйнага Кіева на свае прапановы, у прыватнасці, аб альянсе, некаторыя палітолагі параілі звярнуць увагу на іншыя сектары палітычнага і грамадскага поля Украіны.
У дадзеным выпадку Ціханоўская проста выконвае гэтую параду: калі не прымае Зяленскі, то чаму б не сустрэцца з Парашэнкам? Парашэнка не вораг Зяленскаму, не вораг Украіне. Ён узначальвае важную палітычную сілу ў сваёй краіне. Украіна, у адрозненне ад Беларусі, тая краіна, дзе ўлада не з’яўляецца адзіным цэнтрам уплыву.
У гэтым сэнсе я не лічу, што сустрэча з Парашэнкам азначае нейкі выклік Банкавай, асабіста Зяленскаму. Я не лічу, як напісаў Усаў, што гэта назаўсёды закрывае шлях да сустрэчы з украінскім прэзідэнтам. Шлях да Зяленскага для Ціханоўскай быў закрыты, ці сустракалася б яна з Парашэнкам, ці не сустракалася.
І стаяць з працягнутай рукой, калі табе яе не паціскаюць — гэта такое крыху няёмкае становішча. А калі высветлілася, што не самы апошні ўкраінец можа яе паціснуць, трэба гэта рабіць. Працэс адбываецца.
І ад таго, што Ціханоўская сустрэлася з Парашэнкам, я не думаю, што стаўленне да яе надта пагоршылася. Вялікага значэння гэтая сустрэча не мае. Сувязі з афіцыйным Кіевам гэта не разарве, бо яны і так былі вельмі ўмоўныя.
— Аляксандр Лукашэнка з тыднёвым спазненнем адрэагаваў на падзенне ракеты ў Польшчы. Ён лічыць, што гэты інцыдэнт падобны да «дагаварняка». Пры гэтым ён пахваліў прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Маўляў, той шчыра заявіў, што ракета была не расійская. Што гэта было, на вашу думку?
— Гэта цікавая рэакцыя Лукашэнкі. Цікава тое, што ён адрэагаваў з такім спазненнем. Тут ён грае адразу на двух наратывах. Па-першае, Расія тут не вінаватая, вінаваты ўвесь свет. Другі момант — даўні расійскі наратыў, яшчэ з 90-х, узор філасофіі постпраўды: гэта ўсё падман, усё не так, як бачыцца, за ўсім стаяць змовы, «дагаварнякі».
Тут Лукашэнка цалкам упісаўся ў расійскае канспіралагічнае мысленне. Акрамя таго, ён упісаўся ў часткова расійскі, часткова беларускі дыскурс пра тое, што ўсе хочуць вайны. Усе хочуць ваяваць, пры чым ваяваць з Беларуссю.
Польшча хоча ваяваць, Украіна. І таму, маўляў, яны зладзілі такі «дагаварняк», каб пачаць вайну НАТА з Расіяй, з Беларуссю. Але гэтыя заявы вельмі дзіўна гучаць на фоне іншага наратыву, які ўвесь час гучыць з вуснаў што беларускай улады, што расійскай: і Кіеў, і Варшава, і Берлін — бязвольныя марыянеткі Вашынгтона. Усе танчаць пад вашынгтонскую дудку.
Але які «дагаварняк» можа быць паміж марыянеткамі? Калі ўсё кіруецца з Вашынгтону, то там павінны былі б пляскаць у ладкі, маўляў, гэта была руская ракета, Расія пачала ўварванне. Але паколькі рэакцыя Белага дома была іншай, то цяперашнія выказванні Лукашэнкі не вельмі стасуюцца з мільён раз прамоўленымі ім словамі, што ўсе марыянеткі кіруюцца са сталіцы ЗША.
Гэта гучыць смешна, канечне: у дзвюх марыянетак «дагаварняк» супраць Вашынгтону. Тым не менш Лукашэнка нікому і не абяцаў, што ён будзе лагічны і кансістэнтны ў сваіх поглядах і выказваннях.
— Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што Літва не можа пачувацца ў бяспецы побач з такім суседам, як Беларусь. Па яго словах, Масква адвольна карыстаецца беларускай тэрыторыяй, цяпер там трэніруюцца расійскія вайскоўцы, якія могуць пайсці ва Украіну, але і ў Літву таксама. Разам з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудай ён звярнуўся да NATO з просьбай звярнуць увагу на «беларускі фактар». Наколькі апраўданыя такія асцярогі і чым можа скончыцца гэтая просьба?
— Я думаю, што ў дадзеным выпадку прэзідэнты Літвы і Польшчы сыходзяць з вядомага прынцыпу пра важнасць не намераў, а магчымасцяў. Магчыма, на дадзены момант расейцы і не збіраюцца напасці на літоўцаў і палякаў. Але за апошні час колькасць расійскіх вайскоўцаў у Беларусі павялічылася з тысячы да дзесяці тысяч.
Гэта, магчыма, недастаткова вялікая групоўка для ўварвання ў Польшчу ці Літву, але гэта больш, чым тысяча. Гэта больш пагрозлівая групоўка. Сапраўды, наступ можа быць у любы бок. Асабліва на фоне рыторыкі афіцыйнага Мінска пра тое, што «на нас хочуць напасці» менавіта Польшча і Літва. І ў такой сітуацыі ў некага можа ўзнікнуць спакуса прэвентыўнага нападу. У гэтым сэнсе, каб такой спакусы не было, а магчымасці для яе, няхай і невялікія, ужо з’явіліся, трэба мацаваць абароназдольнасць гэтых краін.
У прынцыпе, гэтая заява прагучала цалкам у рэчышчы прынятага на летнім саміце НАТА рашэння пра ўмацаванне ўсходняга фланга альянсу. Таму гэтую заяву можна разглядаць не як прыватную ініцыятыву, а як вынік калектыўнага рашэння. Гэта не азначае, што НАТА павінна напасці на Беларусь, такая выснова з гэтага не вынікае.
— Якой можа быць рэакцыя Лукашэнкі? Ці можа ён у адказ запрасіць у Масквы дадатковы кантынгент?
— Думаю, што можа. Але гэта будзе спектакль. У дадзеным выпадку ваенныя рашэнні прымаюць у Маскве. Лукашэнка можа папрасіць, можа не папрасіць. Расейцы могуць самі ўвесці, ні пра што ў яго не пытаючы. А могуць на ягоную просьбу адказаць адмовай.
Тут гаворка пра механізм узрастання эскалацыі. Калі кіраўніцтва НАТА пойдзе насустрач Літве і Польшчы, павялічыць кантынгент у гэтых краінах, то адпаведныя крокі можа зрабіць і Масква. Гэта цалкам магчыма. А тое што крокі НАТА будуць зробленыя ў адказ на расійскую актыўнасць у Беларусі, можа быць не прынята пад увагу.
Лідары Польшчы і Літвы адчуваюць небяспеку. Хто б што не гаварыў, для іх гэта пагроза. І яны прапануюць на яе адрэагаваць. Ці будзе рэакцыя сакрушальнай? Ваенныя эксперты кажуць, што наяўнасць трохсот тысяч вайскоўцаў у НАТА не азначае, што ўсе гэтыя тры сотні тысяч стануць на мяжы.
Нейкая частка, натуральна, будзе абараняць мяжу, а нейкая частка, сілы хуткага рэагавання, могуць знаходзіцца ў Вялікабрытаніі, Партугаліі, Нямеччыне. І яны могуць быць перакінутыя вельмі хутка на тэатр ваенных дзеянняў, калі ён узнікне.
Так што гэтыя словы літоўскага прэзідэнта не абавязкова гавораць пра пашырэнне вайсковых кантынгентаў, найперш сухапутных. Гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра размяшчэнне сістэм супрацьпаветранай абароны.
Читайте еще
Избранное