Дракахруст: Пратэсты ў Расеі — бонус для Лукашэнкі

Парадаксальна, але гэта так, піша палітычны аглядальнік Юры Дракахруст на Радыё Свабода.

Не, калі расейскія пратэсты ў хуткім часе перамогуць, калі Навальны ў турме і Пуцін у Крамлі памяняюцца месцамі, то для Лукашэнкі гэта будзе катастрофай.

Але калі гэта і адбудзецца, то няхутка, на думку нават вельмі аптымістычных экспэртаў.

Аднак пры цяперашнім стане расейскіх пратэстаў яны, безумоўна, выгадныя Лукашэнку. Ён увесь час пасьля пачатку беларускай рэвалюцыі паўтараў, як мантру: гэта першы этап, мэта лялькаводаў — раскартухаць Расею, іх цэль — Расея.

Ці былі тыя лялькаводы, ці такая ў іх мэта, калі і былі, ці мы назіраем зьяву, падобную да каскаду арабскіх рэвалюцыяў 2011 году — і для Лукашэнкі, і для Пуціна гэта няважна. Важны сам па сабе факт, што пасьля таго, як загарэлася Беларусь, загарэлася і Расея.

Салідарнасьць аўтарытарных уладароў была адным з фактараў, якія абумовілі пазыцыю Пуціна адносна палітычнага крызісу ў Беларусі ў жніўні летась, яго падтрымку Лукашэнкі.

Але цяпер значэньне гэтага фактара для Крамля шматкроць падвышаецца. Цяпер абстрактная салідарнасьць аўтарытарыяў умацоўваецца пагрозай, пад якой апынуліся абодва ўладары.

Свае і чужыя

Яшчэ раней Лукашэнка сваім нехлямяжым «выкрыцьцём» гутаркі Ніка і Майка прадэманстраваў, хто для яго ў Расеі свае, а хто — ворагі. Сур’ёзныя людзі ў Маскве маглі рагатаць над гэтай няхітрай містыфікацыяй, але сэнс пасланьня як прысягі на вернасьць там зразумелі і тады.

У сваю чаргу, і Навальны, падтрымаўшы беларускія пратэсты, паказаў, хто для яго ў Беларусі свае.

Гэтае вызначэньне, хто для каго свой, а хто вораг у суседзкім крызісе, цяпер стала толькі больш выразным.

І раней высілкі лідэраў беларускага пратэсту наладзіць камунікацыю з Крамлём ня мелі плёну. Цяпер шанцы на гэта яшчэ меншыя. Асудзіць расейскі пратэст і Навальнага — гэта палітычна немагчыма, нават калі ў некага такія думкі былі. Падтрымаць — запісаць сябе ў ворагаў Крамля, трапіць з Навальным у адзін човен.

Дарэчы, пра адзін човен, у якім Пуцін апынуўся зь ім, казаў неаднойчы Лукашэнка. Цяпер, фігуральна кажучы, барты гэтага чоўна для Пуціна непераадольныя, расейскія пратэсты пазбавілі яго свабоды манэўру адносна Беларусі.

Грошы замест патрабаваньняў рэформы

У практычным пляне адсюль вынікаюць дзьве рэчы.

Першая — гэта тое, што падштурхоўваць Лукашэнку да канстытуцыйнай рэформы з Масквы ня будуць нават мякка. Напаміны пра абяцаньні наконт гэтага і так апошнім часам сышлі практычна на нішто.

Але цяпер гэта адбудзецца і на канцэптуальным узроўні. Лукашэнку падштурхоўвалі да рэформы, разважаючы так, што нельга вырашаць палітычныя крызісы пры дапамозе голай сілы, пры дапамозе дубінкі, патрэбнае палітычнае рашэньне.

Маўляў, вось у Расеі летась правялі рэформу, прынялі фактычна новую Канстытуцыю — і глядзіце, як гэта выдатна разьвязала супярэчнасьці ў грамадзтве, прадухіліла палітычны выбух.

Ды бачылі 23 студзеня, як удала прадухіліла. Ад Калінінграду да Ўладзівастоку «прадухіліла».

Ну, а калі не прадухіліла, дык навошта даваць аналягічныя парады Лукашэнку?

І другі момант — грошы. 1,5 мільярда даляраў далі, калі пратэстаў у Расеі не было, калі выбар Пуціна не абмяжоўваўся адным чоўнам, адным акопам з Лукашэнкам.

А цяпер ён ім абмяжоўваецца. Таму дапамога «брату па зброі», паплечніку па барацьбе з рэвалюцыйнай «заразай», можа зрабіцца і шчадрэйшай.

Кузнецов: «Протесты в России могут принести Беларуси пользу только в одном случае»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(6)