Общество

Дракахруст: Пра што можна (і варта) дамовіцца з прыхільнікамі Лукашэнкі?

Юры Дракахруст на Радыё Свабода разважае, пра што могуць дамовіцца прыхільнікі і пераменаў і тыя, хто перамен ня хоча ці баіцца?

Адразу прадбачу пярэчаньні: дык «Саша 3%», «яго падтрымлівае толькі АМАП», «сыстэма трымаецца ўжо толькі на гвалце», «такая пастаноўка пытаньня — адбельваньне рэжыму, гэта да Прэйгермана» і г.д.

Пра ўсе гэтыя пярэчаньні я ведаю. Але ёсьць факты.

Рэвалюцыя не перамагла ( інакш тую ж праблему мы абмяркоўвалі б у зусім іншай плашчыні).

Паводле сьвежага, красавіцкага апытаньня гараджанаў краіны брытанскім Chatham House колькасьць прыхільнікаў Лукашэнкі (паводле розных паказьнікаў) — каля чвэрці насельніцтва. Гэта далёка ня большасьць, але і не настолькі мізэрная меншасьць, каб яе меркаваньні можна было (і варта было) ігнараваць і цяпер, і ў новай Беларусі.

Звычайна прыхільнікі пераменаў успрымаюць пытаньне прымірэньня, пагадненьня з прадстаўнікамі сучаснага рэжыму, як пытаньне: караць ці дараваць за парушэньні законаў і прамыя зьверствы альбо праводзіць люстрацыю.

Што такое лукашызм без Лукашэнкі?

Але я ў дадзеным выпадку не пра гэта. Пераважная большасьць з тых 25% прыхільнікаў Лукашэнкі з апытаньня Chatham House хутчэй за ўсё асабіста ня мелі ніякага дачыненьня да гвалту і не выконвалі наагул ніякіх уладных паўнамоцтваў.

І рабочая гіпотэза — што яны падтрымліваюць рэжым з прычыны сваіх інтарэсаў і сваіх каштоўнасьцяў. Іншымі словамі, яны падтрымліваюць Лукашэнку, бо лічаць, што пры альтэрнатыве яны будуць жыць горш і новыя парадкі будуць супярэчыць таму, у што яны вераць.

Пэрсаналізацыя беларускага рэжыму сапраўды вельмі высокая, ён ня мае гістарычнай пераемнасьці. У манархіях кіроўны дом, дынастыя, былі большым, чым кароль, цар ці імпэратар, які сёньня на стальцы. У аднапартыйных камуністычных дыктатурах партыя была большым, чым дзейны генэральны сакратар.

У сучаснай Беларусі гэта ня так. Некалі Аляксандар Лукашэнка памрэ (як і ўсе мы), і таму натуральнае пытаньне — а што яго цяперашнія прыхільнікі падтрымліваюць у яго асобе, што яны не хацелі б страціць пасьля яго нават натуральнага сыходу?

Прапагандысты і ідэолягі рэжыму ня надта пераймаюцца тым, каб сфармуляваць гэтыя інтарэсы і каштоўнасьці рэжыму, не апэлюючы ўвесь час да асобы Лукашэнкі. У чалавечым сэнсе гэта і зразумела: сфармуляваць гэтыя рэчы, абстрагуючыся ад дзейнага ўладара — гэта намякнуць на тое, што ён і ў рэальнай палітыцы ўжо неабавязковы. А гэта ўжо ледзь не экстрэмізм і нават тэрарызм.

Таму варта паспрабаваць сфармуляваць, рэканструяваць гэтыя інтарэсы і каштоўнасьці прыхільнікаў Лукашэнкі, не апэлюючы да яго асобы, сфармуляваць як «пазыцыю запыту», якую неабавязкова цалкам прымаць, але зусім ня варта (ды і не атрымаецца) цалкам ігнараваць.

Пры гэтым варта адзначыць, што многія з гэтых інтарэсаў і каштоўнасьцяў зусім не чужыя ладнай частцы пратэстоўцаў.

Будучае, вынік пераменаў — гэта заўсёды, кажучы словамі Маякоўскага, «езда в незнаемое». Тыя, хто прагне пераменаў любой цаной, магчыма, гатовыя прыняць любы іх вынік. Але жаданьні, страхі, перасьцярогі тых, што пераменаў ня хоча, баіцца ці асьцерагаецца — гэта рэч цалкам легітымная і вартая прынамсі абмеркаваньня.

Тры «кіты» лукашызму

1. Цьвёрдая, здольная прымаць рашэньні і дамагацца іх выкананьня, улада

Прыхільнікі Лукашэнкі наўрад ці маюць нейкае глыбіннае непрыняцьцё дэмакратыі як такой ці нават парлямэнцкай рэспублікі як такой. Аднак яны перасьцерагаюцца, што выразны падзел уладаў, частая зьмяняльнасьць улады, адсутнасьць галоўнага «адказнага за ўсё» у рэальных беларускіх умовах прывядзе да хаосу, бязладзьдзя, а тое і страты дзяржавы.

«У мяне няма паўнамоцтваў» у адказ на іх рэальныя скаргі, пажаданьні і патрабаваньні — яны дакладна ня хочуць улады, якая будзе размаўляць зь імі так.

Пажаданьне цьвёрдай улады, дарэчы — гэта хіба цемрашальства? А цьвёрдасьць улады што вызначае — структура ўлады (парлямэнцкая рэспубліка, парлямэнцка-прэзыдэнцкая, прэзыдэнцкая) ці нешта іншае?

Гарбачоў фармальна меў гіганцкія паўнамоцтвы, але яго ўлада рассыпалася, высыпалася, як пясок скрозь пальцы. Для некага — і дзякаваць Богу, развалілася жахлівая таталітарная імпэрыя, ГУЛАГ на адной шостай сьвету — туды і дарога. Але прыхільнікі Лукашэнкі ня хочуць, каб наступны кіраўнік Беларусі стаў новым Гарбачовым. Для іх — каб не новы Гарбачоў, дык хай ужо будзе Лукашэнка.

2. Дабрабыт, прыватызацыя і справядлівасьць

Рынак усё расставіць на свае месцы, неэфэктыўнае — гэта цяжар для эканомікі, паглядзіце, як квітнее Захад, зробім гэтак жа і будзе нам шчасьце — гэтыя тэзы на нашых абшарах гучаць з часоў перабудовы.

А мяне асабіста рынак куды «расставіць»? — задаюць пытаньне прыхільнікі Лукашэнкі. І магчыма ня толькі яны. Тое, што летась усеагульны страйк не атрымаўся — гэта магчыма вынік не адно страху рэпрэсіяў, адсутнасьці адказу на пытаньне, як страйкоўцы і іх сем’і будуць выжываць падчас страйку, але і перасьцярогаў наконт будучыні.

А ў парадызе новай Беларусі мы дзе будзем працаваць, як зарабляць? Ну як — круціцца будзеце, шукаць магчымасьці, якіх адкрыецца шмат, але рынак нікому нічога не гарантуе. Ах, не гарантуе — ну тады хай ужо застаецца Лукашэнка.

3. Расея

Мы за добрыя, добрасуседзкія адносіны з Расеяй — гэта гаварылі і гавораць усе беларускія палітыкі. А што гэта азначае канкрэтна? Беларусь і Расея прынамсі ў трох міждзяржаўных саюзах — зь імі як будзе? Якія гарантыі, што новая ўлада не скасуе гэтыя саюзы ці хутчэй не пачне выпетрываць гэтыя саюзы, а наадварот — умацоўваць нефармальна, а тое і фармальна сувязі з Захадам. І стане Расея паступова ці хутка для Беларусі проста звычайным гандлёвым партнэрам, а тое і ворагам. Але расейцы ж для беларусаў браты. А для новай улады яны будуць братамі? Для Лукашэнкі, як бы то ні было — браты. Дык хай ён і застаецца.

Напэўна, так ці прыкладна так разважаюць яго прыхільнікі, да пэўнай ступені абстрагуючыся ад яго асобы. Ён для іх добры таму, што адпавядае гэтым перасьцярогам, чаканьням, страхам і спадзевам.

Паводле апытаньня Chatham House сярод гараджанаў такіх, нагадаю — каля чвэрці. З улікам сялянаў дык па краіне ў цэлым напэўна і больш.

Як знайсьці балянс?

Людзі — статкавыя жывёлы. І можна дапусьціць, што амапаўцы і судзьдзі адчуваюць за сабой падтрымку гэтай хай і ня большасьці, але ладнай часткі грамадзтва. А калі б было не 25%, а 5% — дык здаліся б, кінулі б свайго правадыра і лідэра? Можа і кінулі б.

Дык што рабіць з гэтай чвэрцю беларусаў? Размаўляць і дамаўляцца. Не пра тое, застаецца ці не ва ўладзе Лукашэнка, а прынамсі пра тры выкладзеныя вышэй праблемы.

Паўтаруся — гэта іх «пазыцыі запыту», гэта ня значыць, што кампраміс будзе дасягнуты на шляху іх поўнага прыняцьця. Гэта значыць, што кампраміс мусіць быць дасягнуты на нейкай кропцы паміж гэтымі пазыцыямі і пазыцыямі пратэстоўцаў.

Насамрэч кожную з трох, выкладзеных вышэй, праблему можна сфармуляваць як балянс: паміж аўтарытарнай брутальнасьцю і бяссільным бязладзьдзем, паміж эфэктыўнай эканомікай і зьбядненьнем значнай часткі насельніцтва, паміж арыентацыяй на Расею і як захаваньнем незалежнасьці, гэтак і рэалізацыяй праэўрапейскіх памкненьняў значнай часткі беларусаў.

«Хай сыйдзе, а там разьбярэмся»

Галоўнае — каб сышоў Лукашэнка, а там разьбярэмся, неяк вырашым — скажуць некаторыя чытачы.

Ну летась не разабраліся, неяк ня вырашылі, а ён пры гэтым не сышоў. Можа, таму і не сышоў, дарэчы, што не разабраліся і ня вырашылі.

Можна, зразумела, спадзявацца, што вырашыцца потым. Неяк, дарэчы, у любым выпадку вырашыцца — так ці інакш. Але і потым неабавязкова лагодна, бязболесна і ўпарадкавана.

Бо гэта вялікія беларускія пытаньні. Справа ня ў пошуку правільных адказаў на іх (правільных для каго?), а ў пошуку адказаў, на якія б беларусы, хай і скрыгочучы зубамі, пагадзіліся паміж сабой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(59)