Дракахруст: Масква ізноў дае «ваенна-тэхнічныя адказы» Захаду
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра новы крамлёўскі шантаж з вобласці невыканальнага.
— Прадстаўнік расійскага МЗС Аляксей Палішчук агучыў умовы, пры якіх Масква гатовая будзе вывесці сваю тактычную ядзерную зброю з беларускай тэрыторыі: калі ЗША выведзе з Еўропы сваю зброю і знішчыць там адпаведную інфраструктуру.
То бок, у сённяшніх варунках гэта азначае ніколі? Ці гэта такое запрашэнне паразмаўляць на гэтую тэму?
— Так, я думаю, што тут хутчэй пра ніколі. У той ступені, наколькі гэта будзе залежыць толькі ад Расіі. Калі ўявіць сабе, што Лукашэнка зробіць нейкі моцны разварот на Захад, альбо ў Беларусі прыйдзе да ўлады чалавек, які захоча прыбраць адсюль расійскую зброю, то ўсялякае можа быць.
Але пазіцыя, заяўленая намеснікам міністра Палішчуком, адпавядае пазіцыі, якую Пуцін агучыў яшчэ да 25 сакавіка: у амерыканцаў праграма Nuclear sharing дзейнічае ў Еўропе ад канца 1950-х, дык вось мы цяпер яе «адлюструем».
Маўляў, пакуль вы будзеце трымаць сваю ядзерную зброю ў Еўропе, мы сваю будзем трымаць у Беларусі.
Да слова, здаецца, міністр РФ Лаўроў агучваў яшчэ адну опцыю — уступленне ў НАТА Фінляндыі. Як дадатковы аргумент для размяшчэння зброі на беларускай тэрыторыі.
Вы змянілі стратэгічную канфігурацыю — дадалася новая краіна, а яшчэ адна, Швецыя, можа далучыцца неўзабаве. Вось і мы зменім стратэгічную канфігурацыю.
Па-сутнасці, гэта паўтарэнне на новым узроўні ўльтыматума канца 2021 года. Калі прагучала ў бок Захада: «Вы падбярыце лапкі да ўзроўню 1997-га і мы тады нічога не будзем рабіць».
А калі не, то як казаў тады Пуцін, вас будзе чакаць ваенна-тэхнічны адказ.
Зараз таксама гучыць ваенна-тэхнічны адказ. Ім апынуўся ўвод ядзернай зброі ў Беларусь.
Нейкія дробныя саступкі тут наўрадці задаволяць Маскву, каб гэтую зброю вывесці. Іншая справа, што Злучаныя Штаты, якія задаюць тон у дыскурсе Захаду, дэманстратыўна не рэагуюць на гэты крок Крамля.
То бок, магла быць эскалацыйная рэакцыя. Тым больш, што ёсць прапанова польскага боку. Польскі прэм’ер-міністр Маравецкі нядаўна выказваў пажаданне, каб амерыканская ядзерная зброя была разешчаная ў Польшчы.
Амерыканцы вельмі халодна на гэта адрэагавалі: маўляў, няма пра што размаўляць. Нават не спрабавалі патлумачыць, што мы можам гэта абмеркаваць, або нам гэта не падыходзіць. Генерал Кірбі, прэс-сакратар Рады бяспекі ЗША, адказаў, што ў яго няма на гэты конт каментара.
А з іншага боку, і той жа Кірбі, ды іншыя амерыканскія топ-чыноўнікі яшчэ з сакавіка, калі зброі яшчэ не было, неаднаразова як мантру паўтаралі, што няма патрэбы ў нейкіх стратэгічных дзеяннях у адказ на размяшчэнне расійская зброі ў Беларусі.
То бок, калі Пуцін насамрэч хацеў такім чынам справакаваць эскалацыю, то яму на гэта эскалацыяй не адказваюць. Увёў зброю і ўвёў, стратэгічна гэта нічога не мяняе. Беларусам, канечне, кепска ад гэтага. Але ЗША не горш ад гэтага, чым было дагэтуль.
Дарэчы, у Польшчы рабілі апытанне восенню мінулага году, тады большасць выступала за размяшчэнне амерыканскай ядзернай зброі. Але ў пытаннях ядзерных пагрозаў у амерыканцаў абсалютная прэрагатыва ў вырашэнні, што нясе небяспеку, а што бяспечнае.
Читайте еще
Избранное