Филин

Юлія Кот

Дракахруст: Беларускі рэжым спрабуе выбіць сабе «прыстаўны стульчык»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст у інтэрв’ю Филину — пра тое, што стаіць за перарваным інкамунікада палітзняволенага экс-банкіра Віктара Бабарыкі.

У адным з праўладных тэлеграм-каналаў з’явіліся фотаздымкі і відэа з Віктарам Бабарыкам. Такім чынам упершыню амаль за два гады ўлады перарвалі рэжым інкамунікада, у якім утрымліваецца былы банкір.

Пачуцці шмат каго з беларусаў трапна выказаў кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак: «Беларусь 2025 — радавацца што бачыш чалавека жывым». Але разам з тым гранічна зразумела, што ні пра якую «адлігу» і раптоўнае змякчэнне беларускага рэжыму гаворка не ідзе.

Тады навошта спатрэбілася гэтая публікацыя, і чаму менавіта цяпер?

На думку палітычнага аглядальніка Юрыя Дракахруста, першая і галоўная задача датычыцца стасункаў з Захадам:

— Цяперашняя сустрэча, фота і відэа з яе ўбудоўваюцца ў цэлы шэраг крокаў беларускіх уладаў, — адзначае суразмоўца Филина. — Я маю на ўвазе восем хваляў памілаванняў, якія адбыліся мінулым годам, спатканнне Марыі Калеснікавай з бацькам — а цяпер мы бачым працяг.

Юры Дракахруст

Сам па сабе рэжым інкамунікада — рэч вельмі жахлівая, і не ўсе рэпрэсіўныя рэжымы такое практыкуюць. Я размаўляў з расейскімі праваабаронцамі — там сітуацыя таксама вельмі цяжкая, але, прынамсі пакуль, інкамунікада няма. Падобнае бывае ў цэнтральнаазіяцкіх краінах, дзе чалавек проста знікае і больш пра яго нічога не вядома. І калі такі жах адбываецца ў еўрапейскай краіне, рэакцыя на гэта вострая, у тым ліку на Захадзе.

Цяперашняя дэманстрацыя Віктара Бабарыкі выглядае, на думку аналітыка, не як запрашэнне да дыялогу: маўляў, вось ваш апазіцыянер, як мінімум ён жывы, пакажыце, на што вы гатовыя дзеля яго. Бо і на папярэднія хвалі памілаванняў адказу фактычна не было, вызваленне вязняў проста канстатавалі як пазітыўны крок.

Больш за тое, днямі МЗС Германіі адзначыла, што карэнная змена лініі, абранай ЕС датычна Беларусі, не праглядаецца і ў новым 2025 годзе — таму прынамсі на афіцыйным узроўні жэсты і сігналы беларускіх уладаў водгуку не маюць.

— Але я не выключаю, што ўлады разлічваюць на два чыннікі. Перадусім — на самі па сабе «выбары». На тое, што магчыма не адразу, але напрыклад, у жніўні, калі скончыцца пяцігадовы адлік з мінулых выбараў, сітуацыя зменіцца, і ў тым ліку крыху памяняецца статус Ціханоўскай і стаўленне да яе на Захадзе.

Але самы галоўны разлік — гэта Трамп. Бо немцы заяўляюць, што няма падстаў пераглядаць стасункі, але якой будзе палітыка Захаду пасля 20 студзеня, не ведае ніхто. У гэтым сэнсе вельмі цікавыя заявы Трампа на ўчорашняй прэсавай канферэнцыі пра Грэнландыю, Панаму, далучэнне Канады — яны задаюць новыя фарматы сусветнай палітыкі.

Нават калі гэта тролінг, ён усё адно паўплывае на сітуацыю ў свеце, а калі ўсур’ёз — то не выключана, што перад беларускім рэжымам адкрыюцца новыя магчымасці.

У прыватнасці, Юрый Дракахруст звяртае ўвагу на рыторыку Трампа па пытанні вайны і міру ва Украіне. Цяпер ужо няма заяў пра «мір за 24 гадзіны», але ёсць развагі пра тое, што мірнае ўрэгуляванне можа заняць паўгады. А раз гэта працэс, то чаму б і не паспрабаваць у яго на нейкім этапе трапіць — што і робяць беларускія ўлады, дасылаючы свае сігналы.

— Але ж ва ўладаў не толькі Віктар Бабарыка ў закладніках, а тысячы людзей, і шэраг з іх таксама ў рэжыме інкамунікада. Ці могуць прад’явіць шырокай публіцы, і ў прыватнасці Захаду, іншых знакавых вязняў: Алеся Бяляцкага, Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага?

— Яны ж не справаздачу даюць па ўсіх прэтэнзіях і абвінавачаннях, гэта проста сігналы — таму і паказваюць тых, хто самы вядомы на Захадзе — Калеснікаву і Бабарыку. Ці пакажуць іншых? Можа быць. А можа, і не. Пасланне такое: мы вам паказалі, што з гэтымі ўсё ў парадку, не падумайце, у нас не Савецкі Саюз, дзе давалі «дзесяць год без права перапіскі» (што насамрэч было эўфемізмам расстрэлу).

Але, на мой погляд, гэта не тое, што трэба Трампу. Яму гэта можа быць і не вельмі трэба. Але ў вачах тых жа немцаў, калі ўсё будзе мяняцца, гэта такі маленькі плюсік у карму.

Я сказаў бы, што беларускія ўлады набіраюць маленькія плюсікі, робяць маленькія добрыя справы, спадзеючыся, што калі іх набярэцца шмат, то колькасць можа перайсці ў якасць.

Мірныя перамовы, дадае палітычны аглядальнік, зусім не абавязкова будуць праходзіць як Версальская дамова пасля Першай сусветнай — тады на абмеркаваннях прысутнічалі не толькі ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, але і такія краіны, як Бразілія, Тайланд (мо па іх прыкладзе беларускі рэжым і спрабуе выбіць сабе «прыстаўны стульчык»).

Але ўжо зараз абмены палоннымі паміж Расіяй і Украінай, падобна, адбываюцца праз Беларусь, на беларускай тэрыторыі нядаўна сустракаліся амбудсмены Украіны і РФ — Беларусь хоча гуляць хоць нейкую ролю ў гэтых стасунках.

— Яшчэ адна лінія, якая, на маю думку, прысутнічае ў сустрэчы і публікацыі відэа з Віктарам Бабарыкам — фармат гэтай сустрэчы. Тое, што туды паслалі Пратасевіча, а не зрабілі здымак, прыкладам, вязня і начальніка калоніі як прадстаўніка дзяржавы. А Пратасевіч — ён у дадзеным выпадку хто? Хіба Бабарыка прасіў яго аб сустрэчы?

Гэтая лінія, мабыць, не галоўная. Але яна ўкладваецца ў такі трэк, як стварэнне рэжымам прывіду нейкай «альтэрнатывы». Як і вылучэнне і ўдзел Канапацкай у «выбарах». Бо першапачатковая ідэя, мяркую, была — зрабіць на расейскі капыл. Вось ёсць у нас дазволеныя партыі, яны і вылучаюць кандыдатаў на «выбары». А хто Канапацкая, калі яна ніякую партыю не прадстаўляе?

Тым не менш у 2016 годзе, калі яе дапусцілі ў парламент, яна была своеасаблівым сымбалем новых павеваў, хай і куртатай, але лібералізацыі. Альбо прыгадаем яе ўдзел у выбарах 2020 года — калі памятаеце, яна не гуляла прамой ролі падгалоска Лукашэнкі, і адзіная з усіх кандыдатаў частку сваёй прамовы на тэлебачанні сказала па-беларуску.

Зараз, думаю, Канапацкая — гэта нібыта «альтэрнатыва» палітычная, а ўдзел Пратасевіча ў гэтай гісторыі — гэта пасланне частцы беларускага грамадства, а таксама і Захаду, што ў нас цяпер вось такая грамадзянская супольнасць. Вы хацелі, каб была не толькі дзяржава, але і грамадзянская супольнасць? Калі ласка, яна ў нас ёсць і яна з тварам Ромы Пратасевіча. Паглядзіце, гэта Пратасевіч дамогся, каб вывесці Бабарыку з рэжыму інкамунікада.

Наколькі гэтая гульня кагосьці пераканае? Не думаю, што яна зробіць моцнае ўражанне. Тым не менш — а што яны губляюць?

Хаця да 20 студзеня, на мой погляд, больш увогуле нічога не будзе — бо ўсе ў чаканні. І ўчорашняя канферэнцыя Трампа паказвае, што магчымыя рэзкія крокі ў самых нечаканых накірунках, у тым ліку і наконт міру.

Зразумела, што наўпрост да Беларусі ў Трампа рукі дойдуць не хутка. Але мірны працэс, які ў нейкіх формах пачнецца, можа закрануць Беларусь і паўплываць на змену настрою і стаўлення да рэжыму Лукашэнкі.