Штосьці гэта азначае. Хутчэй за ўсё тое, што Лукашэнка проста робіць кніксен перад Крамлём. І ад таго, што Лукашэнка яшчэ раз крыкне «Хлопцы, давайце разам!», гэта на нешта паўплывае — гэта смешна. А так Пуціну, натуральна, будзе прыемна.
Дракахруст: «Ад таго, што Лукашэнка яшчэ раз крыкне «Хлопцы, давайце разам!», гэта на нешта паўплывае — гэта смешна»
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст расказаў Филину, навошта Лукашэнка ізноў заклікае АДКБ вызначыцца наконт канфлікту ва Украіне.
— АДКБ плануе правесці ў Беларусі тры вучэнні. У сувязі з гэтым Лукашэнка заявіў, што ціха адсядзецца ні ў каго з чальцоў арганізацыі не атрымаецца. Што хутка прыйдзе час вызначацца, каб заняць пэўную пазіцыю. Маўляў, трэба дзейнічаць супольна, бо так заўсёды прасцей і лягчэй.
Гэта не першая спроба ўцягнуць калегаў па АДКБ у канфлікт ва Украіне. Ранейшыя поспеху не мелі, то на што цяпер разлік?
— Па шчырасці, у гэтай заяве мала чагосьці новага. Думаю, у значнай ступені гэта дэманстрацыя лаяльнасці Маскве, Пуціну. Маўляў, глядзіце, мы вас падтрымліваем, а гэтыя не падтрымліваюць. Узнагародзьце нас, дзякуй хоць бы скажыце.
Што тычыцца нейкіх ваенных перспектываў, то на дадзены момант невядома, што будзе праз месяц, пра два, праз паўгода. Перспектывы пакуль не праглядаюцца. Выглядае, што расейцаў задавальняе той узровень падтрымкі, якую аказвае Беларусь. Яна дае пляцоўку для атак, хоць апошнім часам яны не такія і частыя. Тут трэніруюцца расійскія вайскоўцы, якіх пасля перакідваюць на галоўны тэатр ваенных дзеянняў.
Хачу нагадаць пра сустрэчу з Лаўровым у мінулым месяцы, калі Лукашэнка сказаў: мы робім усё, пра што нас расейцы просяць. Лаўроў тады, што называецца, кіўнуў. У працяг гэтай тэмы прыгадаю вялікае інтэрв’ю кіраўніка расійскага МЗС прапагандысту Кісялёву, які спытаў, ці будзе Расія прыцягваць да сваёй «спецаперацыі» АДКБ. Лаўроў адказаў, прынамсі тады, што не.
І яшчэ адзін цікавы момант: палігоны ў Беларусі наведаў іншы прапагандыст Салаўёў. Ён шмат казаў пра баявое брацтва, пра правакацыі ўкраінцаў, пра тое, што беларусы, калі што, іх на шматкі парвуць. Але пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта не азначае таго, што беларускае войска будзе хутка ваяваць. Ён падкрэсліў, што задача ў беларусаў — стрымліваць.
Мы ведаем, што часта расійскія прапагандысты ідуць значна далей за Крэмль. Яны ўжо і Ла-Манш гатовыя браць, Кадыраў хоча «дэнацыфікаваць» Польшчу. Але ў дадзеным выпадку Салаўёў вельмі акуратна выказаўся: ня трэба спяшацца і казаць, што беларусы ўжо заўтра пойдуць ваяваць.
— Польшча закрыла адзін з буйнейшых памежных пераходаў з Беларуссю. Ёсць меркаванне, што гэта адказ на жорсткі прысуд Анджэю Пачобуту. Беларускі бок адрэагаваў — у Гродне прайшоў пікет праўладнай «Белай Русі», прапаганда пагражаае палякам «Паланэзамі».
Што азначае такая рэакцыя — рэжым сапраўды зачапіў дэмарш Варшавы ці гэта дзеянні ў рэчышчы ваеннай рыторыкі?
— Я думаю, што тут хутчэй другі варыянт. Я не сказаў бы, што гэта нейкая вострая рэакцыя. Вострая — гэта крокі наўзаем. Штосьці таксама перакрыць. Хоць тут, як выглядае, гэты транзіт ужо асабліва нікому не патрэбны, ні беларускаму боку, ні польскаму.
Зрэшты, гэты выпадак паказвае, што Польшча гатовая паказваць зубы. Што яна не будзе абмяжоўвацца гучнымі заявамі і выказваннем занепакоенасці. Для палякаў гэта сапраўды важнае пытанне, бо Анджэй — насамрэч адзін з рэальных лідараў польскай грамады ў Беларусі, у пэўным сэнсе яе сімвал.
І калі такую знакавую асобу садзяць, рэпрэсуюць, то палякі адказваюць. Я думаю, што гэта адна з галоўных прычынаў іх дэмаршу.
Акрамя таго, пра гэта кажуць некаторыя эксперты, той жа палітолаг Андрэй Казакевіч, — для краінаў Балтыі і Польшчы, пытанні жорсткай палітыкі пытанні санцыяў — гэта пытанні прамой ваеннай бяспекі.
То бок, чым мацней яны ціснуць на беларускую эканоміку, тым менш у яе магчымасцяў вырабляць зброю і дапамагаць Расіі. А тое, што пры гэтым церпіць хтосьці яшчэ, простыя беларусы, родныя палітэмігрантаў, то гэта такія выдаткі палітычных рашэнняў.
— У Беларусь прыяўжджаюць заходнія палітыкі. Нядаўна стала вядома пра візіт дэпутата нямецкага Бундэстага, цяпер у Мінск прыляцеў кіраўнік МЗС Венгрыі. Гэта прыватныя ініцыятывы ці ўсё ж гэтых людзей маглі дэлегаваць для пэўных мэтаў?
— Што тычыцца нямецкага дэпутата ад «Альтэрнатывы для Германіі» Пятра Быстрана, то я думаю, гэта была ягоная ўласная ініцыятыва або ініцыятыва ягонай партыі.
Гэтая партыя знаходзіцца ў глыбокай апазіцыі, у пэўным сэнсе гэта палітычны ізгой. Магчыма, разлік быў на тое, што некаторыя выбаршчыкі могуць ацаніць такую ініцыятыву.
Што тычыцца візіта венгерскага міністра Петэра Сіятры, то тут больш складаны момант. Я думаю, тут таксама прыватная ініцыятыва, але ўжо цэлай краіны, наўрадці міністр проста так дзеля піяру паедзе.
Так, Венгрыя паказвае сваю пазіцыю. А з іншага боку, магчыма, Еўразвяз не выключае магчымасці паспрабаваць пагаварыць. А можа ў Мінску новыя думкі ўзніклі, новыя ідэі? І гэты міністр тут выступае ў ролі шэрпы.
Ніхто не кажа, што яму гэта даручылі Шольц ці фон дэр Ляйен, не. Але ў гэтым выпадку, у адрозненне ад гісторыі з дэпутатам, ёсць пэўнае паразуменне. Міністр едзе зусім не ад імя Еўразвязу, але калі ён нешта пачуе цікавае, то ў любым выпадку перадасць. А там ужо будуць вырашаць.
Мне гэта нагдвае, як у 2011-м, пасля выбараў, у Беларусь адбыўся такі ж раптоўны візіт балгарскага міністра замежных спраў Мікалая Младзенава. Гэта таксама быў такі сабе шэрпа: прыехаў, пагаварыў. І нармалізацыя адбылася.
Тады нейкія дакументы ўзнікалі, фармальныя і нефармальныя абавязальніцтвы беларускага боку. А ён быў зацікаўлены ў паразуменні. Думаю, зараз адбываецца штосьці падобнае.
— Улады Малдовы заявілі пра магчымую спробу Расіі дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне з дапамогай наймітаў з Расіі, Беларусі і Сербіі.
Пра што можа сведчыць гэтая гісторыя? Гэта элемент інфармацыйнай вайны, каб напружыць Кіеў і Захад? І наколькі вераемны тут беларускі след?
— Канечне, яны могуць нешта рыхтаваць. Могуць рэальнае штосьці дзеля дэстабілізацыі сітуацыі, а могуць і дзеля піяру. Калі казаць пра ўдзел беларусаў, то я не веру, што беларуская ўлада магла б тут наўпрост удзельнічаць. У рэшце рэшт, салдатаў удачы сярод беларусаў хапае.
Вядома, што беларусы ваявалі на Данбасе на тым баку, і цяпер ваююць. Некаторыя і цяпер вярбуюцца да «вагнераўцаў». Так што беларусы могуць у гэтым паўдзельнічаць. А вось улада, я не выключаю, недалёка стаіць ад гэтага. Глядзіць, хто і куды едзе. Але наўпрост не ўмешваецца. Зразумела, што там усім запраўляюць расейцы.
А калі фармальна паглядзець, то ў Абхазію ўлады ездзілі, а ў Прыднястроўе, здаецца, не. Тут яны даволі акуратна сябе паводзяць.
— То бок, калі і будзе ўдзел, то па ўласнай ініцыятыве?
— Так, удзел вольных стралкоў. Але, я кажу, прыглядаць за імі будуць.
— У 2014-і і пазней сачылі за ўсімі — і за праўкранскімі беларусамі, і за тымі, хто ваяваў на баку сепаратыстаў.
— Так, сачылі за ўсімі. Але і не пасылалі самі туды, і не ўхвалялі публічна. Вось, маўляў, малайцы, героі рускай справы. Такога не было. І нават зараз няма.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное