Общество

Доктар Мартаў: «Закупляць вадамёты было важней, чым рыхтавацца да другой хвалі»

Загадчык аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Ўладзімер Мартаў, якому паведамілі пра непрацяг кантракту, расказаў Радыё Свабода, што магло стаць прычынай гэтага.

Прадстаўнік вядомай віцебскай дынастыі мэдыкаў адкрыта выказвае сваю пазыцыю наконт гвалту ў краіне, рэальную сытуацыю з каранавірусам, працу мэдычных чыноўнікаў і ад’езд лекараў у іншыя краіны.

Уладзімер Мартаў

Што адбылося

Вядомы рэаніматоляг атрымаў ліст за подпісам галоўнага лекара Андрэя Захарава, у якім гаворыцца, што кантракт зь ім, які заключылі 4 красавіка 2016 году, ад 3 красавіка спыніцца з «заканчэньнем тэрміну яго дзеяньня», падаўжаць ня будуць. Уладзімер Мартаў стаў першым лекарам у краіне, які ў красавіку 2020 году, у разгар эпідэміі каранавірусу, не пабаяўся публічна агучыць свае думкі пра тое, што адбывалася тады ў шпіталях, акрэсьліўшы сапраўдныя маштабы хваробы ў Беларусі. У жніўні Мартаў стаў адным зь першых лекараў, якія адкрыта выступілі супраць катаваньняў пратэстоўцаў. Ён напісаў адкрыты ліст, у якім сказаў, што «мэдыкі выступілі, выступаюць і будуць выступаць супраць гвалту».

«Первый, кто начал говорить правду про коронавирус». Белорусы хотят вернуть на работу доктора Мартова

«Сыстэма вырашае зусім іншыя задачы, колькасьць захварэлых і памерлых — не прыярытэт»

Паводле Ўладзімера Мартава, рашэньне аб непрацягу кантракту для яго не было нечаканым, бо ён «уступіў у непераадольную супярэчнасьць» з кіраўніцтвам шпіталя.

— Калегі мае шакаваныя, бо я сапраўды важны чалавек у аддзяленьні, і не таму, што загадчык — і раней такі быў. Ёсьць навыкі, уменьні, ёсьць настаўніцтва. Я той чалавек, зь якім можна абмеркаваць любую сытуацыю, якога можна запытацца пра любую ідэю. У пляне творчага падыходу ў лячэньні пацыентаў я быў чалавекам, які адкрыты ўсяму новаму.

Зьвяртаю ўвагу доктара Мартава, што ў час пандэміі спэцыяльнасьць рэаніматоляга, анэстэзіёляга — адна з найбольш запатрабаваных. Ён адказвае:

— Калі б аказаньне мэдычнай дапамогі было галоўным для беларускай сыстэмы аховы здароўя, не было б праблем. Сыстэма вырашае зусім іншыя задачы, колькасьць захварэлых і колькасьць памерлых — не прыярытэт. Асноўная задача, асабліва цяпер, — трымаць і не пушчаць, не дапускаць іншадумства, незадаволенасьці. Мэдыкі апынуліся ў першых шэрагах незадаволеных тым, што адбылося ў краіне, тым палітычным крызісам, у які краіна пагрузілася. І мэдыкі разумеюць прычыны гэтага крызісу, разумеюць, што безь яго вырашэньня нічога добрага ў краіне ня будзе. І мэдыкаў трэба паставіць на месца, і гэта — задача.

«Я пражыў вялікае мэдычнае жыцьцё, разумею, як павінна і як не павінна функцыянаваць сыстэма»

Уладзімер Мартаў — прадстаўнік вядомай віцебскай дынастыі мэдыкаў. Бацька быў знакамітым хірургам, нядаўна яго ня стала. Жонка — дзіцячая лор-доктарка. Паводле Ўладзімера, яе шакавала тое, што адбылося ў жніўні.

Уладзімер Мартаў

— Сёлета 30 гадоў ад заканчэньня інстытуту, на дзяжурства ў шпіталь я пачаў хадзіць зь першага курсу, з 1985 году. 18 гадоў я працую ў шпіталі хуткай дапамогі, зь іх пяць гадоў — загадчыкам аддзяленьня. Я пражыў вялікае мэдычнае жыцьцё, шмат бачыў, шмат разумею, як функцыянуе, як павінна і як не павінна функцыянаваць сыстэма. Мая сямʼя мяне падтрымлівае і шакаваная тым, што адбываецца. Гэта патрабуе вырашэньня, бо доўга называць белае чорным, а чорнае белым не атрымаецца. Я ня ведаю, што будуць рабіць людзі, якія цяпер робяць выгляд, што нічога не адбываецца, удзельнічаюць у рэпрэсіях, хай малых...

Уладзімер Мартаў атрымаў вялізарную колькасьць прапановаў і падтрымкі, за што вельмі ўдзячны ўсім. Зьяжджаць зь Беларусі прынцыпова не зьбіраецца.

— Адʼезд палегчыць жыцьцё людзям, якія шкодзяць прафэсіі і пацыентам, а я не хачу спрашчаць ім жыцьцё. Яны павінны заняцца іншай працай, а не сыстэмай аховы здароўя, аказаньня мэдычнай дапамогі, у чым яны нічога не разумеюць. 2 красавіка я забіраю працоўную кніжку і хацеў бы зрабіць паўзу, крыху адпачыць, агледзецца. Я ведаю, чаго я не хачу. А наконт таго, чаго хачу, трэба падумаць яшчэ. Трэба адпачыць, бо другая хваля каранавірусу аказалася больш працяглай, чым першая, і стомленасьць назапашваецца.

«Ні пра якую падрыхтоўку да другой хвалі не магло быць і гаворкі»

У жніўні Ўладзімер Мартаў стаў адным зь першых лекараў, якія адкрыта выступілі супраць катаваньняў пратэстоўцаў, напісаў адкрыты ліст. Галоўнай прычынай непрацягненьня кантракту, лічыць ён, была ня столькі палітыка, колькі разыходжаньне з начальствам у разуменьні таго, чым павінны займацца дактары.

— «Трымаць і не пушчаць» — ці ўсё ж аказваць мэдычную дапамогу? І палітыкі тут мала, толькі ёсьць агульная атмасфэра — «загнаць усіх пад лаўку», усе праблемы схаваць пад дыванок, у нас усё добра, і давайце перагорнем старонку і вернемся ў 2019 год. У інтэрвію, якое я даваў у лістападзе, я казаў, што ў Беларусі не рыхтаваліся да другой хвалі, што рыхтаваліся даць адпор хваляваньням, выказваньню незадаволенасьці. Закуплялі вадамёты, і яны аказаліся важнейшымі, чым падрыхтоўка да другой хвалі.

Уладзімер Мартаў мяркуе, што ў высокіх кабінэтах гэтая яго заява выклікала вялікую незадаволенасьць.

— Мы выйшлі зь першай хвалі ў першым паўгодзьдзі, пралячылі вельмі шмат хворых, цяжкіх хворых, і, адпаведна, расходавалі больш грошай, і гэта выклікала вялікую незадаволенасьць «партыі і ўраду». Кіраўніцтва ўвесь жнівень і палову верасьня ўгаворвала нас ашчаджаць, таму што бюджэт быў зьвярстаны на год без уліку каранавірусу. Гэта дзікасьць. Зразумела, што ні пра якую падрыхтоўку да другой хвалі не магло быць і размовы. Трэба было зэканоміць грошы, што мы расходавалі за першую хвалю. І калі нахлынула другая хваля, мы проста да яе не рыхтаваліся. Людзі, якія сваім начальнікам паказваюць, што тыя прафэсійна займаюцца ня тым, чым патрэбна, — нязручныя людзі. У гэтым мала палітыкі, а вельмі шмат асабістага.

«Кіраўніцтва проста не цікавіць рэальны стан рэчаў з каранавірусам»

Прапаноўваю Ўладзімеру Мартаву паглядзець на каранавірусную сытуацыю ў Чэхіі, прыкладна аднолькавай паводле колькасьці насельніцтва зь Беларусьсю. Тут жорсткі локдаўн, абмежаваньні дзейнічаюць даўно. Нягледзячы на іх, штодня каля 15 тысяч новых захварэлых на ковід і 150–200 сьмерцяў. На гэтым тле афіцыйныя лічбы Мінздароўя выглядаюць непраўдападобнымі. Калі ўлічыць, наколькі менш прымаецца абмежавальных захадаў у Беларусі, можна меркаваць, што рэальныя лічбы ў Беларусі могуць быць вышэйшыя за чэскія. Як ацэньвае Ўладзімер Мартаў рэальныя маштабы пандэміі ў Беларусі?

— Я дрэнна ведаю, як Чэхію накрывала, якая хваля, ці была першая, як першая хваля працякала. Мы пэўна не сынхронныя. Калі я езьдзіў у заходнія раёны Віцебскай вобласьці (Браслаў, Паставы), са зьдзіўленьнем даведаўся, што яны ня ведалі першай хвалі, увесну там не было ўзьлёту захворвальнасьці, як у Віцебску. І для іх восеньню была цяжкая хваля, якая стала першай, а для Віцебску гэта была другая хваля. Таму мы з Чэхіяй не супадаем па піках. У Віцебску пік захворвальнасьці пройдзены месяц-паўтара таму, і цяпер колькасьць захварэлых і памерлых усё ж стала меншая. Але на піку ў нас былі, канечне, сурʼёзныя лічбы, асабліва з улікам таго, што не было ніякіх сурʼёзных карантынных мерапрыемстваў. Тое, што наша статыстыка не адпавядае рэальнасьці, зразумела. Па-мойму, яна друкуецца ў адным асобніку для аднаго чалавека, і абсалютна нікому на яе нельга арыентавацца.

Пытаюся ў доктара, як робіцца фальсыфікацыя на ўзроўні шпіталяў.

— Тут такі фокус. Можна падаваць «пацыенты, якія памерлі праз ковід». Па сваёй службе мы падавалі «пацыенты, якія памерлі з ковідам». Напрыклад, чалавек, які атрымаў інсульт і захварэў на каранавірус, мае меней шанцаў выжыць. Але памрэ ён ад інсульту. Розьніца сьмяротнасьці калясальная. Гэта тычыцца і іншых спадарожных хваробаў, цяжкіх, анкалягічных ды іншых. І тое, што «карона» гэтых пацыентаў забʼе ў большай колькасьці — праўда. Мы падавалі статыстыку пацыентаў, якія памерлі з ковідам. Былі анэкдатычныя дні, калі ў Беларусі афіцыйна памерла 7 чалавек, а зь іх 7 чалавек у маім шпіталі і 7 у Віцебскім абласным шпіталі. Што адбываецца далей, хто і як лічыць, як яны шыфруюцца... Гледзячы па ўсім, кіраўніцтва проста не цікавіць рэальны стан рэчаў. І гэта таксама шмат пра што кажа. Ня хочуць яны ведаць, якая ім розьніца, бо нічога мяняць яны не зьбіраюцца. І няважна, колькі памерла — 7, 14, 20, 50 ці 100 на дзень.

«Мы ніколі не атрымлівалі такіх грошай, як падчас пандэміі»

Што да платы дактарам, якія працуюць з хворымі на каранавірус, Уладзімер Мартаў лічыць, што рашэньне аб гэтым было слушнае і своечасовае.

— Мы ніколі не атрымлівалі такіх грошай, як падчас пандэміі каранавірусу. Калі мэдыкі пазбавяцца гэтых выплат і пяройдуць на звычайныя заробкі, якія будуць утрая меншыя (як для анэстэзіёлягаў), чым каранавірусныя, то многія задумаюцца, ці трэба працаваць за такія грошы. Гэтыя грошы дазволілі купіраваць паніку і дазволілі мэдыкам ня думаць аб адʼезьдзе на заробкі і працаваць у сваёй краіне. І са сродкамі засьцярогі цяпер таксама цярпіма. Я б не сказаў, што ідэальна, але цяпер няма такога бязладзьдзя, як на пачатку пандэміі, у сакавіку-красавіку.

«Сарокін быў у сваім праве і абверг хлусьню»

Згадваем у размове суд над доктарам Сарокіным за нібыта выдачу мэдычнай таямніцы. Пытаюся: а якую маральную і юрыдычную адказнасьць павінны несьці людзі і ўстановы, якія даюць непраўдзівую статыстыку і тым ствараюць рэальныя пагрозы жыцьцю людзей?

— Я і ўсе мае калегі сачылі за справай Арцёма Сарокіна. Гэта проста бязладзьдзе. Мае калегі ведаюць яго асабіста, вучыліся зь ім, вельмі высока яго ацэньваюць. Усё, што я пра яго даведаўся, вышэй нават за тое, чаго я чакаў — і ў прафэсійным, і ў чалавечым пляне. Выбраць такую фігуру ў якасьці закладу — верх непрыстойнасьці. Ён быў у сваім праве і абверг хлусьню, ён маладзец. Мае промні падтрымкі яму. Што тычыцца людзей, якія хлусяць... Мэдычныя чыноўнікі павінны прайсьці празь люстрацыю і пакінуць кіраўнічыя пасады. Гэта для іх будзе дастаткова. Гэтыя людзі проста небясьпечныя для грамадзтва.

Уладзімер Мартаў лічыць, што рэпрэсіі ў мэдычным асяродзьдзі кропкавыя і прадуманыя.

— Выбіраюць фронтмэнаў, знакавыя фігуры. Задача, каб людзі замаўчалі, забаяліся і зрабілі выгляд, што ўсё добра. Хай унутры яны думаюць што хочуць, але звонку яны павінны праяўляць ляяльнасьць. Гэтая задача відавочная. Многія дактары зьяжджаюць, і чым яны маладзейшыя, тым лягчэй гэта зрабіць. Зьяжджаюць самыя актыўныя, якія маглі б нешта рухаць наперад. Калі застаюцца адны згодныя, нічога добрага ў гэтым няма. З майго шпіталя зьехала няшмат людзей, але гэта ўсё зоркі першай велічыні, яна сталі загадчыкамі аддзяленьняў у Маскве. Калі такія людзі не патрэбныя і не запатрабаваныя тут, то з кім мы застанёмся і што будзем рабіць?

«Маё аддзяленьне выйшла з плякатам „Мэдыкі супраць гвалту“»

Пытаюся, якая дапамога патрэбная цяпер доктару Мартаву.

— Людзям, якія мне пішуць і прапаноўваюць дапамогу, я адказваю, што мне нічога ня трэба. Пакуль усё ў парадку. Я хачу, каб сытуацыя ў маім шпіталі нармалізавалася. Паўгода таму яна была нармальная, у нас быў галоўны лекар, потым яго звольнілі, быў выканаўца абавязкаў, і мы працавалі, першую хвалю прайшлі цярпіма. Людзі з задавальненьнем хадзілі на працу. Цяпер увесь шпіталь «стаіць на вушах» з волі аднаго чалавека. Гэта ненармальна. У мяне ёсьць ідэя, якую я выношваю і пачынаю выказваць... Калі новы галоўны лекар прыходзіць на працу ў шпіталь, і пасьля яго прыходу памерла менш пацыентаў, чым да яго, то, напэўна, гэта добры галоўны лекар. А калі памерла болей, то напэўна, гэта дрэнны галоўны лекар, што б ён ні рабіў. Ёсьць такі крытэр. Мэдычная дапамога і яе якасьць — на першым месцы. Не бухгальтэрыя, не прыбыткі, галоўнае — аказаньне мэдычнай дапамогі. Дзеля гэтага мы ходзім на працу.

Уладзімер Мартаў разважае пра дылемы, якая цяпер стаяць перад дактарамі.

— Чаму я пачаў выступаць, выказваць сваю пазыцыю? На пачатку пандэміі я бачыў, што адбываецца нешта ненармальнае, і гэта не абмяркоўваецца, а калі не абмяркоўваецца, то гэтай праблемы няма і яна ня будзе вырашаная. У доктара ёсьць праблема, калі яму проста перашкаджаюць выконваць прафэсійныя абавязкі. Дактары, акрамя таго, што яны дактары ці мэдработнікі, яшчэ і грамадзяне краіны. У іх ёсьць правы, і калі гэтыя правы груба, нахабна парушаюцца, мэдыкі не павінны маўчаць. Маё аддзяленьне выйшла з плякатам «Мэдыкі супраць гвалту» не таму, што яны дактары ці мэдработнікі, а таму, што гэта немагчыма было трываць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(62)