Общество

Доктар Мартаў — пра кавiд: «Думайце самі. Усё ў вашых руках»

Доктар-рэаніматоляг Уладзімер Мартаў, былы загадчык аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі на Радыё Свабода — пра чацьвёртую хвалю пандэміі.

— Набраўся ж досьвед у лячэньні каранавіруснай інфэкцыі. Ці гэта выключна пытаньне арганізацыі?

— Мне таксама незразумела. Калі ўважліва слухаць беларускія навіны пра каранавірус, то абмяркоўваецца шпіталізацыя ў лякарні, месцы ў рэанімацыях, абмяркоўваюцца кіслародныя пункты, колькасьць балёнаў, апаратаў ШВЛ. Абмяркоўваюцца рэчы, якія да перамогі над пандэміяй маюць аддаленае дачыненьне, бо чуму ў чумным бараку не перамагаюць.

У чумны барак трапляюць зь цяжкімі выпадкамі. Рэанімацыя — верхавіна айсбэргу. Перамога адбываецца па-за рэанімацыяй. У рэанімацыі ніякіх перамогаў няма, там ідзе змаганьне за кожнага чалавека.

Мне проста незразумела, чаму няма таго, што называецца арганізацыйныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы, якія павінны перамагчы каранавірус. Я разумею, чаму гэтага не было ў першую хвалю. Палітыка, не палітыка, ілюзіі, уяўленьне, што само пройдзе. Але цяпер ня ведаю, у каго засталіся ілюзіі, што гэта само пройдзе.

— Ці зрабілі вы прышчэпку ад каранавірусу?

— Так, я вакцынаваўся кітайскай вакцынай. Гэта было сьвядомае рашэньне, як мне падаецца, аптымальнае ў нашых умовах. Я не адразу вакцынаваўся, бо год таму перахварэў, хаця і ў лёгкай форме. Пакуль я працаваў у «чумным бараку», у мяне было адчуваньне, што сталы кантакт, падхопліваньне малых дозаў — свайго роду вакцынацыя, бо вакол хварэюць.

Цяпер я не працую і мала кантактую зь людзьмі, і нехта з маіх сяброў, якія працуюць, можа мне гэта «прывезьці». Было зразумела, што трэба абараняцца, і вакцынацыя — адзін з надзейных спосабаў пазьбегнуць цяжкага цячэньня хваробы.

— Што вы параіце людзям рабіць ці не рабіць, каб захаваць здароўе і жыцьцё сваё і сваіх блізкіх падчас новай хвалі каранавіруснай эпідэміі?

— Я заклікаю ўсіх думаць над тым, што вы робіце з пункту гледжаньня пандэміі. Як аказалася, думаць пра вас, за вас і вашых блізкіх ніхто больш ня будзе. Пандэмія — гэта не прыдумка. Дагэтуль сустракаю меркаваньні, што гэта ўсё прыдумана і гэта ўсё для чыпаваньня.

Гэта варʼяцтва, асабліва з пункту гледжаньня таго, што ўжо чацьвёртая хваля. Думайце самі. Маскі, дыстанцыяваньне, вакцынацыя — гэта ваша рашэньне. Усё ў вашых руках.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(33)