Общество

Яна Сакалова

Для чаго насамрэч па ініцыятыве Генпракуратуры стварылі дапаможнікі для школьнікаў?

Гісторык — пра тое, да якіх наступстваў прывядзе выкладанне ў школах паводле навучальных дапаможнікаў, створаных па ініцыятыве Генпракуратуры.

Як паведаміла БЕЛТА начальнік кіравання агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова, дапаможнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны» падрыхтаваныя да гэтага навучальнага году па ініцыятыве Генпракуратуры.

Дапаможнікі падрыхтаваныя з улікам ўзроставым асаблівасцяў навучэнцаў — асобна для 1-4-х класаў, 5-9-х і 10-11-х.

Навіну «Салідарнасці» пракаментаваў гісторык Павел Церашковіч.

Павел Церашковіч

— Пакуль што няма ніякай інфармацыі, што гэта за падручнікі, хто іх ствараў, як гэта будзе ўключана ў вучэбны план ці гэта будзе па-за ім. Ёсць інфармацыя, на якую звяртае ўвагу прадстаўніца Міністэрства адукацыі, што падручнікі зробленыя па ініцыятыве пракуратуры, і гэта азначае, што пракуратура ў чарговы раз урываецца ў сферу, да якой яна не мае ніякага дачынення.

Хаця раней пракуратура ўжо ўлезла ў пытанні гісторыі, вынікам чаго стала публікацыя кнігі «Генацыд беларускага народу», якая з пункту гледжання гістарычнай навукі аніякай каштоўнасці не мае.

Аднак калі ўважліва паглядзець тэкст, то становіцца зарзумелым, чаму пракуратура занялася пасля 2020-га года праблемай генацыду беларускага народу. У кнізе вялікі кавалак тэкста (старонак 20-25) прысвечаны пратэстам 2020-га. І ўсё гэта пададзенае такім чынам, што нібыта тыя пратэсты сталі працягам генацыду, які адбываўся ў гады Другой сусветнай вайны.

То бок увогуле тая кніжка не пра генацыд. Новых фактаў адносна вайны там няма, тэкст з большага – плагіят і кампіляцыі. Галоўны сэнс публікацыі і ўвогуле ўсяго таго, чым цяпер займаецца пракуратура, — звязаць пратэсты з падзеямі Другой сусветнай вайны. Гэта чыстая прапаганда.

Думаю, і стварэнне навучальных дапаможнікаў з’яўляецца прапагандысцкай акцыяй, якая, канешне, будзе ўплываць на дзяцей, гэта непазбежна. Асабліва на малодшых школьнікаў, якім будзе ўбівацца ў галаву, што «на нас напаў калектыўны Захад» і г.д.

Пракуратура займаецца зусім не тым, чым павінна: кантролем за выкананнем законаў — тым, што яна не зрабіла ў 2020-м годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)