Коктейль

Дашкевіч: «Тры словы скалануць асновы акупацыйнай адміністрацыі»

Палітык разважае пра тое, як абазначыць зараз свой пратэст, калі немагчыма гэта зрабіць маршамі і сцягам.

Зміцер Дашкевіч са сваімі дзецьмі. Здымак зроблены пасьля 20-ці сутак адсідкі. Фота Сяргея Сацюк-Грабоўскага

— Стаміўся зьдзіўляцца вычварнай фантазіі турэмшчыкаў, але такі ўжо час – кожны раз зьдзіўляешся новым адкрыцьцям, — піша Зміцер Дашкевіч. — Што я зразумеў са сваёй апошняй Менска-Жодзінскай вандроўкі – дна не існуе. Трэба ўзброіцца думкай, што наперадзе нас чакаюць няпростыя часіны, бо логіка любой злачыннай сыстэмы аднолькавая: сыстэма вар'яцее болей і болей – да самага свайго скону. Зло разбурыць само сябе.

Таму сёньня нам трэба не пра злачынцаў думаць, нам трэба думаць пра саміх сябе, пра нашу сям'ю – наноў народжаную нашу нацыю.

Мы ўсё стараліся абазначыць сябе, каб даказаць, што нас большасьць. Мы абазначалі сябе шматсоттысячнымі маршамі, мы абазначалі сябе Сьцягамі. Цяпер за марш – 30 содняў, за сьцяг – 30 содняў. Усё гэта немагчыма для абазначэньня мільёнаў. Што тады нам рабіць? Здацца? Не, але разьвівацца далей – наноў народжаная нашая нацыя павінна загаварыць, загаварыць на роднай мове.

Сёньня спаўняецца 26 год, як рэжым разадраў Бел-Чырвона-Белы сьцяг і вынес сьмяротны прысуд роднай Мове. Але вось паўстала нацыя – і ўзьняла свой Сьцяг. Пакуль нам было добра, калі мільёны маглі абазначыць сябе маршамі ці сьцягамі, мы ня думалі пра Мову. Цяпер нам кепска, цяпер мы стогнем у бетонных камерах і на жалезных нарах, плачам, чытаючы жахлівыя навіны. Цяпер нас непакоіць думка: што рабіць далей?! Далей вярнуць сабе родную Мову, як мы вярнулі сабе родны Сьцяг!

Сёньня, у 26-ую гадавіну першага антыканстытуцыйнага перавароту няхай кожны патрыёт пачне гаварыць. Калі сёньня мільёны прыхільнікаў пераменаў скажуць у краме замест «спасибо» – «дзякуй», а набываючы жэтончык замест «пожалуйста» – «калі ласка», а на працы замест «здравствуйце» – «прывітаньне», то толькі гэтыя тры словы скалануць асновы акупацыйнай адміністрацыі.

14 траўня 1995 году, у той найчарнейшы дзень гісторыі Беларусі, манкурты былі перакананыя, што перамаглі назаўжды. Дакажам ім сёньня, што перамаглі мы, бо што перамагла Праўда, бо перамагла мова Янкі Купалы і ягонае Слова, Слова «Жыве Беларусь»!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(65)