Политика
Павал Самохін

Дашкевічу далі паўтары гады

Сёння вынесены прысуд па справе Зьмітра Дашкевіча. За ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі лідар “Маладога Фронту” атрымаў паўтары гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Нагадаем, што справу супраць Зьмітра Дашкевіча, Сяржука Лісічонка, Барыса Гарэцкага й Алега Корбана 27 сакавіка распачаў аддзел КДБ па барацьбе з тэрарызмам. Раённыя пракуратуры, згодна з распараджэньнем КДБ, дапыталі як сьведкаў дзясяткі людзей па ўсёй краіне. Урэшце, абвінавачаньне было вынесена толькі Зьмітру, якога арыштавалі 15 верасня і паўтары месяцы ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары.

Ён быў абвінавачаны “ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Паводле 193-га артыкулу КК РБ маладому палітыку пагражала пакараньне да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Як лічыць большасць беларускіх праваабаронцаў, суд над Зьмітром Дашкевічам - ня проста разгляд справы супраць канкрэтнага чалавека. Яны называюць працэс “сымбалічнай расправай з ідэяй масавай арганізацыі моладзі, незалежнай ад кантролю дзяржавы”. А праз зачыненае паседжанняў суда нават для бацькоў Зьміцера, “ўлада кінула выклік ня толькі ўсяму беларускаму моладзеваму руху, але і паспрабавала паставіць пад пытаньне маральныя й духовыя пытаньні, узьнятыя моладзьдзю ў сакавіку гэтага году”.

Негледзячы на гэта, маладафронтаўцы й сябры Зьміцера разгарнулі шырокую кампанію ў ягоную абарону. Ліст у падтрымку Дашкевіча падпісаліся вядомыя грамадзкія дзеячы, палітыкі - усяго 1 350 асобаў. Больш тысячы сьведкаў пагадзіліся даваць паказаньні па гэтай палітычнай справе.

Падчас паседжанняў суда, тры дні запар, каля будынку Кастрычніцкага суду праходзіла акцыя салідарнасьці з палітычным вязьням. Некалькі соцень грамадзкіх актывістаў і палітыкаў пікетавалі суд падчас разгляду справы.

Аднак гэта не надта дапамагло. Жорсткі прысуд вынесены. Відаць, інакш і быць не магло.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)