Общество

Дашкевіч: «Зэк, у якога за плячыма 18 гадоў адседкі,  узьняў кулак і гукнуў сукамерніку: Жыве Беларусь!»

Зміцер Дашкевіч распавёў пра некалькі сустрэч, які здарыліся з ім у зняволенні.

— Я ўжо хацеў улегчыся ў стакане Бараўлянскага РУУС спаць, як у камеру закінулі папаўненьне — дзецюка майго веку, трохі пад градусам. Я падумаў: «Супер, вось ён электарат самаабвешчанага! Вось цяпер я зразумею, што яны ад нас хочуць?!»

— Сямейны скандал?

— Так.

«Клас!» — падумаў я ізноў, аж сон адбіла!

— Жонка здала?

— Не, маці.

— Буяніў?

— Ды не, бутэлькі размалёўваў.

— Якія бутэлькі?

— Шампанскага.

— І навошта яны табе?

— Кліент папрасіў.

— І шо ты там маляваў?

— Сьцяг бел-чырвона-белы.

— Сьцяг?! — прыўстаў я.

— Сьцяг! — горда адказаў той. — І гэта, — паказаў рукамі сардэчка, кулак і вікторыю. — А маці ў мяне «ябацька», дык пачалі мы зноў сварыцца, і яна міліцыю выклікала.

«Во це і трохпрацэнтны», — з расчараваньнем падумаў я і паставіў сабе задачу працягнуць пошукі, а сукамернік гэтым часам зацягнуў: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах, успомню Вострую Браму сьвятую і ваякаў на грозных канях!..»

У 4-мясцовую камеру ІЧУ Менскага раёна мяне закінулі ўжо за поўнач. У ёй было два арыштанты: у аднаго 18 турэмных гадоў за плячыма, у другога — пару, абодва — падазраваныя па крыміналках.

— За што? — не вылазячы з-пад коўдры запытаў самы сядзелец.

— За Курапаты.

— Стаіце там яшчэ?

— Стаім.

— І што там?

— У кабак жраць езьдзяць.

— Як там жраць можна, там жа людзей забівалі? — зьдзівіўся зэк і, падняўшыся, прысеў на нару.

Зьдзівіўся і я: чалавек, які палову сьвядомага жыцьця катаўся па зонах, лепш бачыць за тых, хто яго ў гэтыя зоны садзіў.

Мы пра тое-сёе пагаманілі, зэкі разоў пяць закурылі маленькую камеру і перад сном самы сядзелец узьняў кулак і гукнуў сукамерніку:

— Жыве Беларусь!

— Жыве! — адказаў той і абодва заваліліся спаць.

«Афігець!..» — падумаў я і палез на нару.

Пасьля адбою ў 8-мясцовую камеру да змагароў зайшоў дзяцюк гадоў 35-ці і на роспыты адказаў, што пасадзілі яго быццам бы за п'янае брыдкаслоўе на вуліцы. Адарваўшыся ад кнігі, я глянуў на хлапака і зьдзівіўся: надта ўжо прыстойна і акуратна ён выглядаў, каб апынуцца п'яным дзебашырам.

Высьветлілася, што хлопец працуе ветэрынарам, а ў суседнім калгасе скралі нейкае дарагое ветэрынарнае абсталяваньне. А як нехта паказаў на яго, то кіраўнік крымінальнага вышуку Бараўлянскага РУУС ветэрынара пад ноч проста з хаты і прыхапіў. Але прад'явіць чалавеку не было што, і ён пачаў абурацца, чым раззлаваў міліцэйскага начальніка, і той, дадзенай самазванцам уладай, абвесьціў: «Як ты такі борзы, то пасядзіш трохі! Выбірай за што сядзець будзеш: за сьцяг ці за мацяршчыну?»

— Які такі сьцяг? — зьдзівіўся небарака.

— Не кажы толькі, што на мітынгі не хадзіў? — хмыкнуў шакал.

— Ну хадзіў, мама прасіла схадзіць зь ёй, дык мы разам і былі.

— Ну дык вось і сядзеш! Мы ўсіх пасадзім! Кожную камеру прагледзім! Кожную морду ўстановім!

***

Змітра Дашкевіча затрымалі 15 студзеня ў Курапатах, дзе ён штопятніцы трымае варту каля скандальнага рэстарана «Паедзем, паядзім». 18 студзеня суд Мінскага раёна асудзіў актывіста і прадпрымальніка на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле народнага артыкула 23.34 — удзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(47)