Дашкевіч: «Растлумачце, што па рэпрэсіях Беларусь сёньня — гэта Крым»

Актывіст пра перажыванні ў сувязі з удзелам Беларусі ў вайне супраць Украіны.

— Я маю сяброў ва Ўкраіне і ведаю — усе яны нашыя браты і сёстры, якія спачуваюць Беларусі і дзякуюць за падтрымку, — дзеліцца актывіст Зміцер Дашкевіч сваімі перажываннямі. — Але таксама я не хачу сказаць, што ўсе мы такія беленькія. Наша зямля выкарыстоўваецца ў якасьці пляцдарму для вайсковай атакі на братні народ Украіны — гэта боль і скруха. І каб нацыя не паўстала ў 2020-м, то проста цяпер трэба было б выйсьці кожнаму сумленнаму мужчыну — і сесьці ў турму.

Але ў 2020-м нацыя паўстала і паўтары гады ўвесь сьвет назіраў за тым, што народ — гэта адно, а рэжым — зусім іншае. Я спытаў аднаго сябра, які хадзіў гукаць «Не — вайне!» і нацыянальныя лёзунгі двух братніх народаў, ці хадзіў ён у 2020-м? «Не, – кажа, – не хадзіў». — «Добра, — адказваю я, — тады табе трэба было схадзіць ачысьціцца».

Але для чаго цяпер людзі ў Эўропе ціснуць на нашае сумленьне, якое і так разрываецца? Каб гэтыя дзеці пад акупацыяй зноў і зноў ішлі ў акрэсьцінскія катоўні?

Актывіст звярнуўся да дэмакратычных лідараў беларусаў.

— Кіраўнікі, якія прадстаўляеце наш народ у Вольным сьвеце ды пішаце нам адозвы, сёньня дазволю сабе напісаць да вас адозву я.

Дзясяткі ці сотні тысяч беларусаў у выгнаньні, зьбярыцеся ўсе разам пад Сьцягам Хрыста і з плакатамі «Беларусь за Украіну!» пад амбасадамі Ўкраіны па ўсім сьвеце! Ня душы нашыя мучайце, якія стогнуць як і вашыя, а патлумачце Зяленскаму і ўсім украінцам, што такое рэфэрэндум?

Бо мне адзін сябар сёньня распавядае: «Піша мне знаёмы з Украіны, навошта мы за вайну на рэфэрэндуме прагаласавалі?». Падыміцеся і патлумачце Сьвету тое, што адбываецца ў Беларусі! Бо калі я гляджу, як украінцы спыняюцца ля варожых танкаў ці акупантаў і гоняць іх ці троляць, я сабе такое ўявіць не магу.

У Беларусі за эмацыйныя каменты садзяць па крымінальных справах на гады. У Беларусі, калі падыйсьці да міліцыянтаў і пачаць нешта даказваць — зьбіцьцё і турма, калі выйсьці пад тэхніку — расстрэл ці крыміналка за тэрарызм. Растлумачце, што па рэпрэсіях Беларусь сёньня — гэта Крым з палітвязьнямі па 10-20 гадоў турмы. Ніхто ж ня кажа ва Ўкраіне і сьвеце, што Крымска-Татарскі народ напаў на Ўкраіну? Дык дакажыце ім, каб і пра Беларусь не казалі, — просіць грамадскі дзеяч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(59)