Общество

«Да гэтага моманту баюся пачуць, што мой здымак паламаў ім жыцьцё»

Улады Беларусі працягваюць перасьледаваць супрацоўнікаў незалежных мэдыя. Больш за 30 прадстаўнікоў СМІ на гэты момант знаходзяцца за кратамі. Шмат беларускіх фатографаў у сёньняшніх умовах з прычыны няспынных рэпрэсій проста ня могуць дакумэнтаваць падзеі, якія адбываюцца ў краіне, паведамляе Радыё Свабода.

Свабода паразмаўляла зь незалежнымі фотарэпартэрамі пра тое, як зьмянілася іх праца за апошні час, пра фотажурналістыку ў новай рэальнасьці і пачуцьцё адказнасьці перад людзьмі, якія з прычыны іх публікацый зазналі перасьлед.

«Добрай здымкай лічылася тая, зь якой ты бясьпечна вярнуўся дадому»

– У першыя дні пратэстаў я працавала ў рэжыме робата — здымала ўсё, што бачыла, нават нейкія мэталічныя дэталі ад сьвятлашумавых гранат, асколкі. Думала, што няхай я ня ведаю, што гэта, але, магчыма, гэта важна, — расказвае фатографка Вольга Шукайла. — Маёй галоўнай задачай было адлюстраваць тое, што адбываецца, даслаць своечасова здымкі ў рэдакцыю, каб яны сталі дакумэнтам тых падзей.

Вольга Шукайла — аўтар шматлікіх вядомых фатаздымкаў, у тым ліку знакамітай публікацыі з жанчынамі ў счэпцы, якую, паводле яе слоў, яна зрабіла зусім выпадкова.

– Калі я ўбачыла жанчын у першым шэрагу пратэстоўцаў, падумала: «О, цікава», бо звычайна на іх месцы стаяць мужчыны. Адразу я зьняла агульны плян людзей, якія знаходзяцца на праспэкце. А потым, калі ўжо падышла бліжэй, зрабіла наступны кадар. Адразу жанчыны спрабавалі неяк пазіраваць, але потым быў момант, калі яны ўжо не зьвярталі на мяне ўвагі, і менавіта тое фота я і выбрала для публікацыі.

Вольга прызнаецца, што не магла прадбачыць, што гэты здымак набудзе такую папулярнасьць:

– Я ня думала, што ён так «выбухне». Паколькі не было інтэрнэту, я ня ведала, што адбываецца ў сетцы. Здымак я зрабіла ў панядзелак увечары, а ў сераду раніцай прачнулася ад вялікай колькасьці паведамленьняў, і тады адкрыла Фэйсбук і ўбачыла, што гэтае фота практычна паўсюль.

Дзяўчына кажа, што звычайна яна ня сочыць за лёсам герояў сваіх публікацый. Але ў выпадку з тым здымкам атрымалася крыху інакш.

– Некаторыя мае знаёмыя і калегі пачалі ў мяне цікавіцца, а што адбылося далей з гэтымі жанчынамі. У людзей узьнік запыт на тое, што адбылося потым. І толькі з гэтым фота атрымалася такая гісторыя.

На пытаньне пра сваю рэакцыю на навіну аб нядаўнім затрыманьні Златы Януковіч, студэнткі 3 курсу хімфаку БДУ, адной з гераінь таго здымка, Вольга адказвае:

– Гэта вельмі складаныя пачуцьці, бо першапачаткова ты адчуваеш віну за тое, што празь цябе ў некага непрыемнасьці. Але амаль адразу ж у цябе ўключаецца рэжым, што я журналіст, я сумленна і праўдзіва выконвала сваю працу, на той момант найлепшым чынам, якім толькі магла, ня ўмешвалася ў падзеі, даставіла фота ў рэдакцыю, яго своечасова апублікавалі, і ўвесь сьвет убачыў, што адбываецца. Гэта значыцца, што мая місія выканана, — кажа Вольга. — Вядома, лёгка абвінаваціць ва ўсім журналіста. Я і да гэтага моманту баюся пачуць, што гэты здымак паламаў ім [жанчынам] жыцьцё і зрабіў нешта дрэннае, але я разумею, што гэтыя думкі трэба адсякаць. Таму, калі ўспрымаць усё настолькі блізка, то тады можна ўвогуле пакласьці камэру і выдаліць увесь свой архіў — адным словам, гэта б ня мела ніякага сэнсу.

Тым ня менш Вольга кажа, што падчас апошніх месяцаў працы ў Беларусі яе неаднаразова наведвалі думкі пра магчымыя наступствы для герояў яе публікацый. Пры гэтым, паводле слоў Вольгі, важна было пастаянна памятаць і пра сваю бясьпеку.

– Калі спачатку ты ацэньваў сваю працу крытэрамі, колькі добрых здымкаў ты прынёс, то апошнія месяцы ў Беларусі добрай здымкай была тая, зь якой ты бясьпечна вярнуўся дадому. Некаторыя зь іх доўжыліся нават менш за хвіліну. Ты разумеў, што ў цябе вельмі мала часу, каб „ніадкуль зьявіцца і ў нікуды зьнікнуць“. Наступіла новая рэальнасьць.

Паколькі пратэстоўцаў усё часьцей сталі затрымліваць менавіта на падставе фота, Вольга зазначае, што яна і яе калегі стараліся здымаць людзей такім чынам, каб іх цяжка было пазнаць.

– Я не прыхільніца замазваньня твараў асоб у апублікаваных раней здымках. Насамрэч у фатографа заўсёды ёсьць выбар, як зьняць, каб героя практычна немагчыма было ідэнтыфікаваць. Тут можна ўзгадаць праект Аляксандра Васюковіча «Кожная трэцяя», там, дзе ён здымаў ахвяр хатняга гвалту так, што мы не маглі сказаць, хто гэтая жанчына, і калі б мы яе пабачылі дзесьці ў горадзе, мы б яе не пазналі, — кажа Вольга. — Калі мы вучыліся на курсах фотажурналістыкі, нам казалі, што калі ты здымаеш, ты не павінен стаць прычынай таго, што ў чалавека потым могуць узьнікнуць праблемы, кшталту „не нашкодзь“. З гэтай тэзай мы працавалі шмат гадоў, і вось два апошнія гады паставілі ўсё пад пытаньне.

Вяртаючыся да затрыманьня Златы і яе «пакаяльнага» відэа, апублікаванага ў праўладных тэлеграм-каналах, Вольга кажа наступнае:

– Пакуль мы ня ведаем, што ёй «шыюць» і ці сапраўды маё фота паўплывала на яе затрыманьне. Мне вельмі спадабалася, што Злата добра трымалася ў тых жудасных умовах. Было бачна, што яна хвалюецца. Я, калі глядзела відэа, таксама хвалявалася. Я вельмі спадзяюся, што ў яе ўсё будзе добра і яна ня будзе на мяне трымаць зла за той здымак.

«Не фатографы вінаватыя ў тым, што людзей затрымалі, а тыя, хто затрымліваў»

Гісторыя з затрыманьнем гераіні пасьля публікацыі фота была і ў фатографа Натальлі (імя зьмененае. — РС).

– Гэта быў жаночы марш на скрыжаваньні Багдановіча і Машэрава, калі жанчыны ачапілі АМАПаўцаў, а не наадварот, што было даволі незвычайна, — кажа Натальля. — Некаторыя дзяўчаты пазіравалі для фота, у адной зь іх быў плякат з цытатай гурту «Кровосток». Яе здымак я і даслала ў рэдакцыю.

Па словах Натальлі, сама ўдзельніца акцыі таксама апублікавала гэтае фота ў сябе на старонцы ў сацсетках. Неўзабаве яе затрымалі і зьмясьцілі на Акрэсьціна, там дзяўчына правяла 3 сутак.

Пра тое, што ў матэрыялах справы аб адміністрацыйным правапарушэньні фігураваў той самы здымак, Натальля даведалася не адразу.

– Яна сказала мне пра гэта празь некалькі месяцаў. Але нават празь нейкі час было страшна і балюча даведацца, што менавіта з прычыны майго здымка кагосьці арыштавалі, і гэты чалавек правёў некалькі дзён у нечалавечых умовах. Яна расказвала, што тады на Акрэсьціна было страшна холадна, і яны саграваліся, прыціснуўшыся адна да аднае, калі клаліся спаць...

Натальля кажа, што не ўяўляе, як можна адключыць маральны бок у любой працы. На яе думку, заўсёды важна мець уяўленьне аб добрым і дрэнным.

– Пасьля той гісторыі з затрыманьнем я ўсё часьцей пачала думаць, што мая праца можа прычыніць нейкую шкоду іншым. Пра гэта я шмат размаўляла з калегамі, сябрамі і псыхолягамі, пасьля чаго амаль удалося ўпэўніць сябе, што не фатографы вінаватыя ў тым, што людзей затрымалі, а тыя, хто затрымлівае. Бо прычынай арышту сёньня можа паслужыць усё што заўгодна, ніхто не застрахаваны, — кажа фатографка. — Падчас працы ў Беларусі я сама, як і многія іншыя людзі, усё часьцей думала, што вось-вось — і мяне затрымаюць. У выніку па мяне прыйшлі і пасадзілі на 10 сутак.

Сёньня Натальля ўжо некалькі месяцаў жыве за мяжою. Дзяўчына прызнаецца, што яе апавяданьні пра перажыты досьвед і пра тое, як журналістаў затрымліваюць за выкананьне сваёй працы, у замежнікаў ня ўкладваюцца ў галаве.

Згадваючы сваю працу ў апошнія месяцы перад выездам зь Беларусі, дзяўчына кажа, што не хацела б зноўку вярнуцца ў той час.

– Я працавала ў Беларусі да траўня 2021 году, тады з кожным месяцам здымаць станавілася ўсё страшней і страшней, — кажа Натальля. — Памятаю, што калісьці я хацела паспрабаваць сябе ў ваеннай фотажурналістыцы, малявала сабе нейкія рамантычныя вобразы. Цяпер я так ужо ня думаю, канечне.

«Чалавек, які ідзе на пратэст, павінен сам усьведамляць, як потым гэта можа інтэрпрэтавацца»

Сяргей, былы фотарэдактар аднаго буйнога беларускага парталу, лічыць, што сёньня працаваць у Беларусі стала практычна немагчыма, бо «камэра для сілавікоў — як чырвоная ануча для быка».

У кантэксьце сваёй працы і калег-фотажурналістаў у першыя месяцы пасьля пасьлявыбарчых падзей ён кажа наступнае:

– Мяне вучылі вельмі дасьведчаныя людзі, што здымаць трэба ўсё, а ставіць — не. Канечне, мы публікавалі шмат фота з вуліц, бо напачатку пратэсты і нават перадвыбарчыя мерапрыемствы ніхто не ўспрымаў як будучую падставу для затрыманьня... Чалавек, які ідзе на пратэст, павінен сам усьведамляць, як потым гэта можа інтэрпрэтавацца.

Сяргей падкрэсьлівае, што асоба, якая вырашыла ўзяць удзел у вулічных масавых пратэстах, павінна разумець рызыкі.

– Калі я, напрыклад, здымаў пратэсты ў Нямеччыне ў 2017 годзе, то паліцыя нават спыняла агрэсіўных пратэстоўцаў, якія казалі „не здымайце нас“, таму што ты ўдзельнічаеш у мерапрыемстве, каб выказаць свой пратэст — маўляў, навошта ты тады прыйшоў, калі ты не дазваляеш сябе здымаць?

Па словах Сяргея, заўсёды вельмі цяжка глядзець наперад і прадбачыць наступствы здымкаў для людзей, якія на іх адлюстраваныя.

– Невядома, што прыйдзе на розум гэтым вынаходлівым людзям, якія называюць сябе праваахоўнікамі. Калі зараз затрымліваюць людзей з-за здымкаў, якім ужо больш за год, то такімі тэмпамі цяжка сказаць, што цяпер не пачнуць абвінавачваць і тых, каго, напрыклад, сфатаграфавалі на мітынгах у падтрымку Ціханоўскай падчас перадвыбарчай агітацыі ў Менску і рэгіёнах, — кажа Сяргей. — Мы ня думалі, што далёка можа зайсьці гэтая хваля рэпрэсіі, і працавалі паводле сцэнараў, якія ў нас былі заўсёды. Апошнія 2 гады сталі новым досьведам для нас, абсалютна перавярнулі карціну з журналістыкай і ў выніку фактычна яе зьнішчылі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(12)