Цыганкоў: «Як толькі большасьць у самой Расеі і за яе межамі вырашыць, што гэтая сыстэма ненармальная — яна зьнікне»

Палітычны аглядальнік — пра тое, чаму быць антырашыстам — маральная норма.

Віталь Цыганкоў

— Памятаю, як у канцы 80-х я тлумачыў савецкім людзям, што ў слове «антыкамуніст» няма нічога кепскага. Што «антыкамуністы» — гэта абсалютна пераважная большасьць людзей на планеце, —піша Віталь Цыганкоў. — Усе тыя, хто супраць экпрапрыяцыі ўласнасьці, супраць ГУЛАГаў, супраць дыктатуры пралетарыята, супраць «выбараў» без выбару.

«Вы хочаце, каб у вас забралі ўсю маёмасць, каб не было грошай, прыватнай уласнасьці, каб ежу выдавалі па картках?» — пытаўся я суразмоўцаў. «Калі не — дык значыць, і вы антыкамуніст».

Я б назваў гэта «метад кубачка кавы». Калі вы спакойна п'еце каву, і разважаеце пра нейкія рэчы абстрактна, нібыта ў вакууме, без уліку цяперашняй часовай рэальнасьці.

А рэальнасьць была такая: існаваў СССР, у якім было 20 мільёнаў камуністаў. Але як толькі большасьць людзей стала думаць, што камунізм — гэта ненармальна, дык ён і зьнік.

Тое самае сёньня, быць «антырашыстам» — гэта абсалютная маральная, фактычна адзіна магчымая, норма. Гэта азначае, што ты супраць забойства мірных людзей, супраць вайны, супраць заваёваў, супраць дзікай хлусьні і замбаваньня, супраць беззаконьня і несправядлівасьці. Рэальнасьць ствараецца выключна ідэямі і перакананьнямі людзей, яна не бывае сама па сабе.

Як толькі большасьць людзей у самой Расеі і за яе межамі вырашыць, што гэтая сыстэма ненармальная і ня мае права на існаваньне – яна зьнікне. І ніякае ФСБ і ядзерная зброя нічым гэтаму не перашкодзяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(16)