Цыганкоў: «У Лукашэнкі не ваенны, а рытарычны ўдзел у вайне. Войска не пашлю, але ўвесь час буду пра гэта казаць»

Палітычны аналітык — пра тое, што робяць украінскія ўлады, каб Беларусь не ўвайшла ў вайну.

Днямі кіраўнік Беларусі нечакана звярнуўся да тэмы Вялікага Княства Літоўскага, разважаючы пра галоўную ролю беларускага народа ў пабудове той дзяржавы. Наступным днём ён па сутнасці прызнаў беларускі саўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Гэта ўсё адбывалася на фоне святкаванняў Дня Незалежнасці 3-га ліпеня.

– Хочацца яшчэ раз нагадаць, што 3-га ліпеня Беларусь аніякай незалежнасці не набыла, а засталася ў складзе СССР і ад таго, што вызвалілі Менск ад немцаў у 1944-ым, краіна незалежнай не стала, – заўважае палітычны аналітык Віталь Цыганкоў у эфіры «Е*рарадыё». – Але ў гэты дзень Лукашэнка звычайна гаворыць штосьці нацыятворчае, пра гісторыю і гэтак далей, – нагадвае ён.

– Заўважу яшчэ, што пару хвілін Лукашэнка традыцыйна гаворыць па-беларуску, можа быць, раз на год або на паўгады. І ёсць такая заканамернасць, якую адзначаюць палітычныя аналітыкі і якая можа крыху накручана – ён гаворыць пра гісторыю і гаворыць па-беларуску, калі Расія надта моцна яго прыціскае.

Таму гэта даволі лагічна ў момант, калі ўжо ад самастойнасці і нават у яго разуменні незалежнасці мала што засталося. Калі Расія ўсё вырашае і калі відавочна націскае на пытанне па больш актыўнаму ўдзелу ў вайне.

…І заўважу, што нават пры Лукашэнку ў беларускіх падручніках па гісторыі ніколі не ставілася пад сумнеў пытанне ВКЛ. ВКЛ дзеці вучаць у школах, у адрозненне ад часоў СССР, даволі грунтоўна. І тут ён не баіцца быць занадта патрыётам і лягнуць тым самым літоўцаў.

Тым не менш, ужо на наступны дзень Лукашэнка заявіў, што даўно прыняў рашэнне пра пытанне беларускага ўдзелу ў вайне ва Украіне і фактычна прызнаў сябе суагрэсарам.

– У яго няма выйсця, – лічыць Цыганкоў. – Мы не ведаем, што дакладна адбываецца на перамовах з Масквой, але відавочна, што ад яго патрабуць больш актыўны ўдзел у ваенным сэнсе. А ён спрабуе ўдзельнічаць у рытарычным, то бок войска не пашлю, але ўвесь час буду пра гэта казаць. Бо ён разумее, наколькі рэальны ўдзел будзе катастрофай і для яго, і для яго ўлады, і для ягонай будучыні.

Віталь Цыганкоў лічыць, што заявы Лукашэнкі кшталту «я ж там аберагаю, каб рускаму салдату нікто не ўдарыў у спіну, аберагаю ад Польшчы, якая ўжо гатовая напасці, і ад краін Балтыі» – гэта спосаб адбівацца ад Масквы і працягваць сваю лінію абароны.

А што, на думку эксперта, робіць улада Украіны, каб Беларусь не ўвайшла ў вайну?

– Раней Украіна спрабавала заігрываць з Лукашэнкам, заяўляючы, што мы спадзяемся, што беларуская ўлада на гэта не пойдзе, – тлумачыць Цыганкоў. – Узгадваецца адна з рэплік Зяленскага, што яму ўсё роўна, ці Лукашэнка там будзе пры ўладзе, ці хтосьці іншы, адно б войскі з нашай тэрыторыі ва Украіну не пайшлі.

Такі вось Realpolitik, калі нам усё роўна, дэмакратычны там лідэр або не, галоўнае, каб не нападаў на Украіну.

І гэта крыху неправільная заява, хаця б з таго пункту гледжання, што, калі вы хочаце Realpolitik у дачыненнях з Беларуссю, чаму ад Захада просіце ставіцца не ​​Realpolitik да вашай украінскай праблемы?

Захад таксама можа сказаць, што нашы інтарэсы ў тым, каб Расія не пайшла далей Украіны. То бок, вы там змагайцеся самі, мы дамо столькі зброі, каб Расія не дайшла да Львова, а далей вы самі.

Але ж Украіна патрабуе ад Захада больш маральнага, больш менавіта чалавечага і гуманнага стаўлення. І ў гэтым сэнсе мы, беларусы, хацелі ад Зяленскага, каб ён не толькі цікавіўся, што Беларусь не нападзе, а каб таксама цікавіўся, якая ўлада будзе ў Беларусі, – кажа Цыганкоў і заўважае, што насамрэч стаўленне ўкраінскіх уладаў да нашай краіны пачало змяняцца.

– Апошняя заява (Зяленскага – «С».) кажа, што ўжо трошкі змянілася гэтая рыторыка. Цяпер ужо ідзе адсылка і Зяленскага, і іншых украінскіх кіраўнікоў непасрэдна да беларускага народа.

Ідзе падзяленне Лукашэнкі ад беларускага народа, чаго мы ўсе чакалі. Ён ужо разумее, што за кіраўніка Беларусі прымуць любое рашэнне ў Крамлі, а ён падпарадкуецца.

І Зяленскі дае зразумець, звяртаючыся да народа і да беларускага войска, што гэта будзе не ў вашых інтарэсах, а толькі ў інтарэсах Лукашэнкі, якія не супадаюць. Гэта ўжо зусім не тое, што гучала адтуль у лютым-сакавіку. Гэты ўжо пэўны прагрэс, – падкрэслівае Віталь Цыганкоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(16)