Цыганкоў: «Расіі яшчэ ёсць што прадавіць, выціснуць з Беларусі»

Палітычны аглядальнік — пра тое, каму насамрэч патрэбная ядзерная зброя на тэрыторыі нашай краіны. І ці пагодзіцца Захад перагарнуць старонку ў стасунках з рэжымам.

Днямі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дамову з РФ аб гарантыях бяспекі і публічна папрасіў размясціць у нашай краіне «Арэшнік». Ці зменіць гэта пазіцыю ЗША датычна Беларусі? А як зменіцца сітуацыя пасля «выбараў», прызначаных на студзень 2025 года? Што значыць чарговы ўсплёск агрэсіўнай рыторыкі правіцеля ў бок Захаду?

Магчымыя варыянты развіцця падзей агучыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у эфіры Еўрарадыё.

— Смешна, калі ў атачэнні Лукашэнкі расказваюць пра чамаданчык нібыта з кнопкай ядзернай зброі, — зазначае Віталь Цыганкоў. — Я-то думаў, што ў гэтым чамаданчыку яму, можа, сабойкі носяць, бо не давярае чужой ежы — супчыкі і беларускую бульбу вараную. Смех чуць, бо відавочна: чамаданчык — у руках Расіі.

Нават калі быў той час, што Савецкі Саюз разваліўся, а савецкая ядзерная зброя заставалася ў Казахстане, Беларусі і Украіне даволі доўга, — чамаданчык быў толькі ў Ельцына, а потым у Пуціна.

Таму незразумела, для каго цяперашнія развагі Лукашэнкі. Ясна, што для ўнутранага карыстання ён гаворыць пра «Арэшнік» і ядзерную зброю, маўляў, мы будзем вырашаць, як прымяняць. Але ж чытаючы ваенных экспертаў салідных, дакладна можна сказаць, што нічога падобнага.

Тое, што Лукашэнка ўспрымае як сваю абарону і стараецца перакуліць рэальнасць з ног на галаву, — насамрэч усё наадварот. Расія выконвае свае геапалітычныя задачы, пашырае сферу прысутнасці на тэрыторыі Беларусі, размяшчаючы ядзерную зброю і «Арэшнік», Лукашэнку прымушаюць гэта рабіць, ставяць перад фактам. А ён падае як сваё вялікае дасягненне і радасць: цяпер на нас ніхто не нападзе. Нібыта да гэтага нехта збіраўся нападаць.

На самай справе не тое што для незалежніцкай, свабоднай Беларусі ніякай карысці гэта не нясе — нават для лукашэнкаўскай Беларусі няма ніякіх плюсаў.

Што да дамовы аб гарантыях бяспекі, якую падпісалі Лукашэнка і Пуцін, і далейшага паглыблення «саюзнай інтэграцыі», то палітычны аглядальнік нагадвае, што працэс распачаўся вельмі даўно. Яшчэ ў 1990-х Лукашэнка, «груба кажучы, памяняў мову на калбасу» і пачаў крок за крокам рабіць геапалітычныя саступкі Расіі, а пэўны час нават спадзяваўся яе ўзначаліць.

— Малады КДБшнік Пуцін, які прыйшоў замест Ельцына, абламаў яму гэтую мару, за што ў глыбіні душы Лукашэнка яго ненавідзіць, але вымушаны супрацоўнічаць. Таму ў 2010-я гады ён ужо супраціўляўся расійскаму націску, адстойваў свой суверэнітэт і сваю ўладу.

А пасля 2020-га ўсё ў другі раз кардынальна змянілася, Расія паставіла сваёй дапамогай Лукашэнку ў большую залежнасць, і цяпер ужо з пазіцыі сілы прадаўлівае ўсе дарожныя мапы інтэграцыі.

Ён нічога не можа з гэтым зрабіць, таму пачынае праз вызваленне палітвязняў ці розныя кулуарныя дамоўленасці закідваць вудачкі на Захад — а Захад ужо не рэагуе, паколькі фактычна не лічыць яго суб’ектам.

<Трэба> ці разарваць ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй, ці вызваляць усіх палітвязняў, каб яму зрабілі насустрач нейкія крокі. Нічога добрага ў гэтай сітуацыі для Беларусі няма.

Лукашэнка пакуль прадстаўляе для Расіі інтарэс, цалкам задавальняе яе стратэгічныя інтарэсы, таму і на «выбарах» будзе мець яе падтрымку. Можа быць, падчас сустрэчы з Пуціным ён хацеў атрымаць нейкую публічную падтрымку, а той гэтага не сказаў, бо гэта надта дорага каштуе, а Расіі яшчэ ёсць што прадавіць, выціснуць з Беларусі. Як казаў Астап Бэндэр, за кожны скормлены вам вітамін я запатрабую тысячу дробных паслуг.

Адпраўку беларускага войска на вайну ва Украіну Віталь Цыганкоў па-ранейшаму лічыць малаверагоднай, «паколькі гэта канец для Лукашэнкі, і ён гэта разумее». Журналіст нагадвае, што прайшло ўжо амаль тры гады, а войска нікуды не пасланае — і падпісанне дамовы з Пуціным наўрад ці гэта зменіць.

— Думаю, усе юрыдычныя падставы для гэтага ёсць і так: інтарэсы Саюзнай дзяржавы і гэтак далей. Канешне, гэты дакумент — чарговая кропка ў працэсе большага ўцягвання Беларусі ў арбіту расійскіх інтарэсаў, але я б не стаў казаць, што ён мае радыкальнае значэнне. Застаюся пры сваім, што Лукашэнка будзе да апошняга ўпірацца, каб беларускія войскі не пайшлі на вайну супраць Украіны.

Пасля «выбараў», мяркуе аглядальнік, змякчэнне сітуацыі ў Беларусі было б лагічным пасля абвяшчэння «перамогі» Лукашэнкі:

— Мой прагноз — 83-85%, 90% не будзе.

Далей шмат чаго залежыць, па-першае, ад ходу вайны і як Трамп будзе старацца яе завяршыць, а па-другое, ад жадання Захаду перагарнуць старонку, да чаго Лукашэнка актыўна будзе заклікаць. Але я пакуль не бачу матываў для паляпшэння стасункаў.

Вядома, калі будуць працягвацца вызваленні палітвязняў, паслядоўна, па 20-30 чалавек кожныя некалькі тыдняў — Захад будзе вымушаны неяк рэагаваць. Таксама, калі Лукашэнка будзе рабіць заявы, што ён не пры чым да дзеянняў Расіі. Але ж ён крычыць пра ядзерную зброю і «Арэшнік» — з чаго б Захаду ісці на нейкія сустрэчныя крокі, калі расія ўсё больш ваенным чынам пранікае ў Беларусь?

І калі ніякіх водгукаў ад Захаду на запыты Лукашэнкі не будзе, яшчэ ў студзені-лютым ён будзе закідваць гэтыя вуды, а потым, баюся, працягне рэпрэсіі. Вось такі расклад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)