Цыганкоў: «Абсалютна не бачу прычын, каб Лукашэнка паехаў у Крым»

Аналітык пра тое, ці ўдасца беларускаму рэжыму надалей трымаць дыстанцыю ў збліжэнні з Расіяй.

Нядаўна адразу з некалькіх крыніц было агучана настойлівае запрашэнне «першым авіярэйсам з Мінска ў Сімферопаль», каб Лукашэнка наведаў Крым. Ці адкажа правіцель Беларусі згодай і што будзе рабіць далей – прагінацца пад умовы Расіі ці «закуклівацца» да стану Паўночнай Карэі?

– Запрашэнне ў Крым – гэта выдатны ход з боку Расеі, – адзначыў палітычны аналітык Віталь Цыганкоў на Еўрарадыё. – Без варыянтаў для іх выйгрышны.

Фота baj.by

То бок мы цябе запрашаем і паказваем – ты ўжо настолькі прагнуўся, страціў сувязь з інтарэсамі Беларусі і з рэчаіснасцю, што гатовы пайсці і на гэты крок, што ў даддзеным выпадку будзе канчатковым абрубленнем Украіны, якая ад статусу напаўнейтральнай ператворыцца ў актыўнага ворага Беларусі, і ўсё гэта будзе сказвацца на эканоміцы і іншых сферах.

Альбо мы табе такое прапаноўваем і правяраем, бо раней нават услых падобнае не прапаноўвалі. Калі пагодзішся – ну класна, «зарывай» сябе сам канчаткова. А калі не – аказваецца, ты на словах заклікаеш да інтэграцыі, да дапамогі, маўляў, ты страціў шматвектарнасць, развярнуўся і глядзіш толькі на Расію, а дзе ж твае дзеянні – не можаш нават рытарычна прызнаць Крым? Чым твая адданасць пацвярджаецца?

Тады мы загаворым з табой па-іншаму. Загаворым пра банкаўскія і фінансавыя справы, пра нафту, пра газ – і такія званочкі ўжо гучаць з самых розных бакоў.

Так што з пункту гледжання Масквы гэта адназначна вельмі мудры ход.

Але ён (Лукашэнка) не пойдзе на гэта. Мой прагноз – абсалютна не бачу прычын, каб гэта здарылася. Бо акрамя таго, пра што я казаў вышэй, ёсць пытанне самазахавання, нейкае адчуванне наступстваў. І калі ён адчувае, што гэта ўсё пацягне за сабой, то безумоўна, на гэта не пойдзе.

Палітычны аналітык мяркуе, што ў дадзенай сітуацыі па пытанні «чый Крым» не варта параўноўваць Беларусь і Арменію:

– У Арменіі горшая сітуацыя, яна больш залежыць ад Расіі традыцыйна геапалітычна. То-бок, чаму рускія, умоўна кажучы, шавіністы пішуць, што Беларусь можа ў любы момант развярнуцца на Захад, а Арменія нікуды не можа – у іх суседзі Азербайджан, Турцыя побач, Грузія…

Пры любым кіраўніцтве Арменія вымушаная абапірацца на Расію, сябраваць з ёй, так што ў гэтым сэнсе рэвалюцыя ў Арменіі нічога не змяніла. І калі б Лукашэнка прызнаў Крым, то Масква намякнула б той жа Арменіі і паставіла яе кіраўніцтва ў вельмі няёмкую сітуацыю.

Але ў дадзеным выпадку Лукашэнка можа яшчэ адчуваць часовасць нейкую сітуацыі цяперашняй максімальнай залежнасці ад Расіі, якая здарылася пасля жніўня. Але ясна, што яму гэта не падабаецца, ён хоча гэта адкруціць назад, альбо зноў пачаць геапалітычныя і іншыя гульні з Захадам (як гэта было ў 2014-2015 годзе, акурат пасля Крыма, калі ў Беларусі канчаткова выпусцілі ўсіх палітвязняў), альбо ісці ў самаізаляцыю а-ля Паўночная Карэя.

Зрэшты, апошні сцэнар з «карэізацыяй» Беларусі Віталь Цыганкоў лічыць немагчымым. Чаму?

– Горш у нас не будзе, калі ўлічыць, што там (хоць мы не ўсё ведаем) у розныя часы адбываліся і масавыя растрэлы, і голад… Калі мы параўноўваем цяперашнюю Беларусь і з 37-м годам, і з Паўночнай Карэяй, трэба разумець умоўнасць гэтых параўнанняў.

Перш за ўсё, такія рэчы як Паўночная Карэя, часткова Куба, – трымаюцца на нейкай ідэалогіі, якая дазваляе кіраўнікам гэтых краінаў трымаць свой народ у пэўных умовах. Гэта ідэалогія супрацьстаяння з Амерыкай, ці, шырэй, з усім светам, абъяднанне вакол любімага правадыра.

І зараз, калі так ці іначай зрабіць сацыялогію ў гэтых краінах, то мы можам тлумачыць, што людзі адурманеныя, пастаўленыя ў пэўныя жорсткія ўмовы, – але рэальна там будзе вялікі працэнт падтрымкі галоўнага кіраўніка. У нас такога няма. У нас няма ні ідэі вакол улады – ідэя ва ўлады на сёння адна, гэта захаваць уладу.

Згадайце яшчэ жнівеньскіяі  апошнія ліпеньскія дні 2020-га, апошнія выбарчыя сустрэчы Лукашэнкі – помніце, з кім іх праводзіў? Гэта былі вайсковыя структуры, АМАП – нездарма ж тады ўзнікла мянушка «прэзідэнт АМАПу», таму што ён хадзіў не ў працоўныя калектывы, а толькі ў армію і да АМАПу. Той «электарат» яго і трымае гэты год.

І нават калі ён заявіў, маўляў, «давайце перагорнем старонку» і абвясіў Год народнага адзінства. Ну добра, заявілі – так зрабіце гэта! Павызваляйце ўсіх, можа быць, як там Караеў, тады яшчэ міністр унутраных спраў, вылез да Маркава на АНТ і прасіў прабачэння за тое, што нехта нявінна пацярпеў. Гэта, можа, і была б ідэя, якая б кагосьці прымірыла, кагосьці пераканала, што ўлада ўсвядоміла свае памылкі…

Не, усё робіцца наадварот! Сажаюць за тое, што хтосьці назваў міліцыянта нехарошым словам, у допісах у чаце асудзіў дзеянні пракурора, і гэтак далей. Адбываецца пагаршэнне сітуацыі, павелічэнне рэпрэсіяў. Не тое што ідэі няма, улада паказвае: я вам, народу, не збіраюся падабацца, не атырмалася – не буду і старацца, буду вас утрымліваць гвалтам.

Нават у Паўночнай Карэі ўлады нейкім чынам выкарыстоўваюць народныя традыцыі з глыбіні вякоў – часткова прыдуманыя, часткова рэальныя... Там спалучэнне дзвюх рэчаў: карэйскага нацыяналізму і ідэяў чучхе, спецыфікі карэйскага камунізму, апірышча на ўласныя сілы. То бок згубна ці не, але там трымаюць людзей на нейкай ідэі, дзеля якой яны павінны трываць і голад, і нястачу. Натуральна, што гэтую ідэю свет лічыць памылковай, ганебнай і бесперспектыўнай, але яна ёсць.

На чым трымацца Беларусі? Немагчыма ў цэнтры Еўропы адключыць інтэрнет, на ім працуюць і ўлада, і банкі. І мы маем 15-17% даверу да дзяржаўных СМІ, астатнія людзі чытаюць недзяржаўныя СМІ і інтэрнет. Вось два самыя важныя адказы, чаму ў Беларусі немагчымая Паўночная Карэя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(47)