Политика

Цікавасьць да беларускай тэмы ў Польшчы значна зьнізілася, бо няма пра што спрачацца, — экспэрт

Польскі палітычны аглядальнік, журналіст выданьня Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі расказвае Радыё Свабода, чаму ў Польшчы зьнізіўся інтарэс да беларускай тэмы, і тлумачыць, пры якім варыянце Лукашэнка разьлічвае вярнуцца да старой палітыкі «шматвэктарнасьці».

Сейм Польшчы. 8 студзеня 2025

— У Польшчы пачынаецца кампанія выбараў прэзыдэнта краіны, якую прызначылі на 18 траўня. У якой ступені ў гэтай кампаніі і ўвогуле сёньня ў палітычным жыцьці Польшчы прысутнічае беларуская тэма?

— Беларуская тэма цяпер фактычна зусім не прысутнічае ў гэтай кампаніі, бо няма пра што спрачацца паміж галоўнымі палітычнымі сіламі. Да парлямэнцкіх выбараў восені 2023 году спрачацца было пра што. Цяперашняя выканаўчая ўлада — Грамадзянская кааліцыя — тады была ў апазыцыі і крытыкавала кіроўную партыю ПІС («Права і справядлівасьць») за яе «занадта жорсткую» палітыку на памежжы. Яна таксама падымала пытаньне, чаму ўраду ПІС не ўдалося вызваліць Анджэя Пачобута (гучалі абвінавачаньні ў недастатковых высілках).

А потым, калі Кааліцыя прыйшла да ўлады, высьветлілася, што Пачобута і ім не ўдалося вызваліць. А памежная палітыка ў сувязі зь мігранцкім крызісам засталася такая ж, як і пры папярэдніках. І цяпер абодва бакі асабліва ня маюць магчымасьці крытыкаваць адзін аднаго ў беларускім пытаньні, бо абодва не дабіліся вялікіх посьпехаў.

А тое, чаго ўдалося дасягнуць (зьніжэньне мігранцкага крызісу), адбылося дзякуючы супрацы ўраду Грамадзянскай кааліцыі з прэзыдэнтам Дудам, які прадстаўляе ПІС.

Калі ж казаць увогуле пра міжнародную палітыку, то тут асноўныя тэмы — вайна ва Ўкраіне, расейская пагроза, стасункі з Трампам, палітыка ўнутры Эўразьвязу. Тут ёсьць пра што спрачацца, і тут падыходы ў палітычных апанэнтаў бываюць розныя.

А пра Беларусь няма пра што спрачацца, і гэта сёньня ня тая тэма, на якую палякі гавораць паміж сабой. Таму беларуская тэма пакуль асабліва не прысутнічае ў гэтай выбарчай кампаніі.

— Акурат у гэтыя дні праходзіць візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Варшаве, дзе яна сустракаецца з асноўнымі польскімі лідэрамі. Наколькі гэтая падзея шырока асьвятляецца ў прэсе? Ці яна не зьяўляецца вялікай інфармацыйнай нагодай для польскіх СМІ?

— Так, нагода ня вельмі. Гэта ўжо не 2020 год, калі Сьвятлана Ціханоўская была гераіняй польскай масавай увагі, гераіняй таго моманту ў гісторыі. А цяпер такога ўжо няма. Гэтая тэма цяпер цікавіць пераважна спэцыялістаў, якія займаюцца Беларусьсю.

— Калі ўсё ж гаварыць пра розьніцу ў падыходах да беларускай тэматыкі, то калі ў канцы 2023 году да ўлады ў Польшчы ў выніку парлямэнцкіх выбараў прыйшоў лібэральны ўрад Грамадзянскай кааліцыі, то многія чакалі, што і палітыка ягоная ў пэўных пытаньнях будзе больш лібэральнай.

 Аднак новы ўрад да беларускіх пытаньняў ставіцца больш жорстка, калі можна так сказаць. Зьявіліся і візавыя абмежаваньні, праблемы ў тэлеканалу «Белсат». Чаму так адбылося? Гэта была наўмысная палітыка ці проста так сышліся пэўныя абставіны?

— Часткова сышліся абставіны, а часткова — гэта не выпадкова. Сышліся абставіны — гэта калі мы кажам пра візы для беларусаў. Беларусы міжволі сталі ахвярай візавага скандалу папярэдняга ўраду, калі консулы, зьвязаныя зь нейкімі чыноўнікамі ў МЗС, прадавалі польскія візы ў Афрыцы ды іншых рэгіёнах.

І калі прыйшла новая ўлада і пачала з гэтым разьбірацца, то проста скараціла большасьць праграм, якімі карысталіся і беларусы. Не было нейкай матывацыі, каб палепшыць умовы для беларусаў. Польскія ўлады прыйшлі да высновы, што тыя, хто хацеў выехаць зь Беларусі, гэта ўжо зрабілі. І таму прыярытэтам зьяўляецца абмежаваньне карупцыйных магчымасьцяў у візавай сыстэме.

Што тычыцца «Белсату», то гэтыя дзеяньні можна патлумачыць тым, што папярэдняя дырэктарка Агнешка Рымашэўская была для новага ўраду ў пэўным сэнсе сымбалем папярэдняй улады.

Яна даволі актыўна выказвала свае палітычныя погляды, і гэта многім асобам з новай улады вельмі не падабалася.

Я, напрыклад, пачуў у МЗС ад аднаго з чыноўнікаў, які займаецца справамі Беларусі, што яны хацелі «разбурыць імпэрыю Рымашэўскай». І яны гэта робяць.

Што тычыцца ўвогуле адносінаў Варшавы зь менскім рэжымам, то існуе разуменьне, што пасьля прыходу да ўлады Дональда Трампа (асабліва калі ЗША пачнуць нейкія фармальныя ці нефармальныя размовы з Расеяй) Лукашэнка можа мець нейкую сваю ролю.

І тады гэта можа стаць вакном магчымасьцяў, каб нейкія справы зь ім вырашыць.

Пакуль непасрэдна такіх сыгналаў няма, але Трамп такі чалавек, што трэба рыхтавацца да ўсялякіх сцэнароў.

І Варшава ў такім выпадку рыхтуецца да таго, каб паставіць наступныя пытаньні перад Лукашэнкам: цалкам скончыць мігранцкі крызіс, вызваліць Анджэя Пачобута і выдаць злачынцу, якія забіў польскага памежніка ў 2024 годзе. Але пакуль гэта ўсё больш тэарытычна.

— А як Варшава ўспрымае апошнія рухі Лукашэнкі — вызваленьне некаторых палітвязьняў, зьмяншэньне мігранцкага ціску, нейкія заявы, што ён ня мае дачыненьня да вайны Расеі супраць Украіны і гэтак далей?

— Як мне здаецца, гэта Варшавай успрымаецца не як дзеяньні Лукашэнкі, а як падрыхтоўка ім да пэўных дзеяньняў у тым выпадку, калі нешта істотнае адбудзецца ў амэрыканска-расейскіх адносінах. Лукашэнка, вядома, хацеў бы адыграць такую ж ролю, як у 2014-2015 гадах, ролю міратворца. Вядома, гэта ня вельмі рэалістычна, бо надта шмат зьмянілася пасьля 2020 і 2022 гадоў. Але ён на гэта разьлічвае і мяркуе, што гэта яму дазволіць вярнуцца да той гульні, якую ён вёў да 2020 году.

Маімі суразмоўцамі ў варшаўскіх кабінэтах гэта ўспрымаецца як падрыхтоўка Менскам да магчымых пераменаў глябальнага маштабу, да якіх беларускі рэжым хоча быць гатовым.