Ці паляцяць беларусы на мора?

Задалі некалькі актуальных пытанняў тураператарам наконт чартараў.

З кожным днём усё больш еўрапейскіх краін анансуе пра спыненне авіязносін з Беларуссю. У такіх умовах толькі за сёння «Белавія» вымушана адмяніла палёты ў восем краін да 30 кастрычніка. Людзі, якія набылі (ці планавалі) набыць туры і паляцець у адпачынак, задаюцца лагічным пытаннем: а што чакае чартары? Распыталі ў прадстаўнікоў буйных турыстычных агенцый і ў кансалідатараў рэйсаў. Публікуем асноўны тэзісы з таго, што нам змаглі паведаміць.

Куды яшчэ лётае «Белавія»?

Па стане на 27 мая даступнымі лічыліся кірункі ў Ізраіль, на Кіпр, у Сербію, Венгрыю і Малдову. Адкрытым для вылетаў застаецца расійскі кірунак і агулам «усход».

Што з чартарамі проста зараз?

Пакуль усе чартарныя рэйсы (у тым ліку сённяшнія), якія ў нас абслугоўвае выключна «Белавія», былі выкананыя без праблем. Усе вылеты, нават у папулярныя ў беларусаў сёлета Албанію і Чарнагорыю, прайшлі спакойна.

Спецыяліст па чартарам расказаў «Нашай Ніве», што і маршрут у Турцыю праз Украіну застаўся ранейшымі, мяняць пакуль нічога не прыйшлося. У штатным рэжыме самалёты адпраўляцюцца і ў папулярныя Туніс, Егіпет.

«Калі нас і чакаюць праблемы, то, вядома, у першую чаргу на еўрапейскіх кірунках. Самымі «стабільнымі» на бліжэйшую будучыню выглядаюць варыянты адпачынку ў ААЭ, Грузіі і на Мальдзівах. Але пакуль усе нашы вылеты ў прынцыпе ідуць па праграме, без нейкіх змяненняў», — пракаментавалі нам адразу з некалькіх туркампаніях.

Што туркампаніі плануюць рабіць у выпадку форс-мажораў?

Усе адзначаюць, што ў дадзенай сітуацыі прыходзіцца жыць адным днём, але ў выпадку яшчэ большай паветранай ізаляцыі кампаніі згадаюць інструкцыі з мінулага года, калі шмат якія краіны зачыніліся для турыстаў праз каранавірус.

«Летась мы прапаноўвалі кліентам пакідаць дэпазіт і захоўваць грошы да лепшых часоў. Таксама рэальная замена «забароненай» краіны на іншую, даступную для вылетаў. Ну, і ніхто не адмяняў страхоўку ад невылетаў і вяртанне грошай за тур — шляхі вырашэння праблемы будуць абірацца ў індывідуальным парадку».

Ці магчыма «дакупіць» вылет з Расіі, калі прыйдзецца?

Нават калі для «Белавія» закрыюць усе заходнія кірункі, застаецца варыянт вылетаў з Масквы. Але на гэты момант Масква як стартавы пункт не разглядаецца.

«Мы б хацелі даць грамадзянам больш інфармацыі, але пакуль, як і звычайныя людзі, увесь час маніторым навіны і чакаем новай інфармацыі. Сітуацыя можа кардынальна змяніцца ўжо заўтра. Але мы верым, што менавіта чартары санкцыі ЕС не закрануць: гэта нікому не выгадна», — каментуе прадстаўнік аднаго з буйных беларускіх кансалідатараў чартарных рэйсаў.

Ад больш разгорнутых каментароў у беларускіх кампаніях пакуль што адмаўляюцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(5)