Политика

Ці мог бы Лукашэнка шантажаваць Захад ядзернымі кампанэнтамі

25 гадоў таму з тэрыторыі Беларусі была выведзеная апошняя ядзерная ракета. Ці варта было Беларусі пагаджацца на вывад ядзернай зброі? Што атрымала і што магла атрымаць Беларусь у абмен на вывад ядзернай зброі?

Гэтыя пытаньні на Радыё Свабода абмяркавалі палітычныя аглядальнікі Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Дракахруст:

Лукашэнка казаў, што рашэньне аб вывадзе ядзернай зброі ў пачатку 90-х прынялі нацыяналісты на чале з Шушкевічам, і што калі б у нас ядзерная зброя засталася, з намі размаўлялі інакш.

У Дэклярацыі аб сувэрэнітэце было запісана і наконт без’ядзернасьці, і наконт нэўтральнасьці — «Беларусь імкнецца». А імкнуцца да чаго б не было можна доўгім шляхам. І ў гэтым сэнсе што АДКБ фармальна не супярэчыла (маўляў, так, мы імкнемся да нэўтральнасьці, але пакуль...), так, магчыма і ядзерную зброю можна было ў сябе захаваць, магчыма.

У пачатку 90-х я бачыў гэтую «кухню», і сапраўды бачыў, наколькі амэрыканцы былі зацікаўленыя ў вывадзе ядзернай зброі, наколькі для іх гэта была галоўная праблема. Але вось дзіўна, што ў той жа час расейцы, прынамсі расейскія дыпляматы, аналітыкі, абсалютна не пераймаліся. Хаця здаецца, таксама былі зацікаўленыя — зброя ж павінна была выводзіцца ў Расею (ці не выводзіцца).

Магчыма, індыфэрэнтнасьць Расеі тлумачылася тым, што кіраўніцтва Беларусі (Кебіч і Шушкевіч) былі за дастаткова блізкія адносіны з Расеяй, і расейцы, магчыма, думалі, што вось будзе ў нас ядзерная зброя ў Беларусі, а там ужо падлётны час зь Берасьця меншы, чым, умоўна кажучы, са Смаленску.

І магчыма, яны разьлічвалі, што нам добра і так, і гэтак: выведуць беларусы пад ціскам амэрыканцаў — добра, ня выведуць — гэта ж фактычна будзе наша ракета, проста бліжэй да Лёндану, Парыжу, Бэрліну ляцець.

Кампэнсацыя была ад Расеі, незадоўга да вываду ракет — і гэта быў абмен велізарных беларускіх пазыкаў за газ, своеасаблівы клірынг у мільярд даляраў, за ядзерныя кампанэнты Беларусі, за самі ракеты, выведзеныя ў РФ.

Навумчык:

Безумоўна, Беларусь павінна была пазбавіцца ад ядзернай зброі. І менавіта дэпутаты БНФ прапанавалі ў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце тэзіс, што Беларусь імкнецца быць нэўтральнай дзяржавай, а сваю тэрыторыю — зрабіць без’ядзернай зонай.

Фармулёўка «краіна імкнецца» (да нэўтральнасьці, бяз’ядзернасьці) — не эфэмэрная, а канкрэтная, яна юрыдычна вызначае накірунак, і ўступленьне ў АДКБ было парушэньнем гэтага тэзісу ў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, як было б парушэньнем, калі б зброю пакінулі.

У 1993 годзе, нягледзячы на супраціў Апазыцыі БНФ, большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савета прагаласавала за далучэньне да АБКБ (сыстэмы калектыўнай абароны СНД), дзе вядучую ролю адыгрываў Генштаб РФ. Беларусь была ўцягнутая ў арбіту вайсковых інтарэсаў Масквы. І гэта супярэчыла Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, а з 1994 — супярэчыць і Канстытуцыі, дзе таксама зафіксаваны нэўтралітэт.

ЗША і Захад у пачатку 90-х у Беларусі лёс дэмакратыі цікавіў, умоўна кажучы, на 1%, а 99% — гэта быў вывад ядзернай зброі. Усе размовы з амэрыканскімі палітыкамі былі завязаныя на гэта: ці выведзе Беларусь ядзерную зброю, і калі?

Я перакананы, што прынятае ў 93-м рашэньне Вярхоўнага Савета аб вывадзе ядзернай зброі павінна было быць абстаўленае пэўнымі ўмовамі да ЗША і Захаду. Гэта, па-першае, рэальныя гарантыі захаваньня сувэрэнітэту, а па-другое — фінансы.

Мы павінна былі запатрабаваць ад ЗША ўзамен за вывад ядзернай зброі бязвыплатную фінансавую дапамогу — скажам, у памеры тагачаснага гадавога бюджэту, гэта, калі не памыляюся, прыблізна 2 мільярды даляраў.

Гэта непараўнальна меней, чым давалі ЗША ельцынскай Расеі.

Два мільярды ў 1992-93 паспрыялі б пачатку рынкавых рэформаў. Але галоўнае — яны дапамаглі б істотна палепшыць узровень жыцьця і зьменшыць сацыяльную напружанасьць, і ўзьнікла б прынцыпова іншая сытуацыя, у якой шанцы прыходу да ўлады Лукашэнкі былі б значна, значна меншыя. Альбо іх не было б увогуле.

Страшна ўявіць, што Лукашэнка меў бы ядзерную зброю. Але калі б у свой час мы выводзілі зброю ня проста за «дзякуй», а за кампэнсацыю, ніякага Лукашэнкі ва ўладзе магло б і ня быць.

Мы ж фактычна аддалі ядзерную зброю ні за што — ах, паглядзіце, якія мы высакародныя! Украіна нечага патрабуе, а мы — не, мы, беларусы, ідзем з адкрытай душой!

Адзіным дэпутатам, які казаў пра тое, што вывад ядзернай зброі павінен быць абстаўлены пэўнымі ўмовамі, быў Зянон Пазьняк.

Шушкевіч часта кажа, што нам ЗША далі 70 мільёнаў на рэкультывацыю земляў, дзе разьмяшчаліся ракеты. Але гэта сьмешная сума.

Спісаньне Расеяй мільярд даляраў запазыкі за газ у абмен на ядзернае паліва, якое зрабіла Масква ў 1996 годзе — гэта зусім іншае. Я кажу пра фінансавую дапамогу менавіта з боку ЗША ў 1992-93 гадах, тады гэта магло б зьмяніць эканамічную сытуацыю.

Што такое «гарантыі», якія давалі ЗША і Вялікабрытанія Ўкраіне (а таксама Беларусі і Казахстану за вывад ядзернай зброі, мы ўбачылі ў 2014 годзе, пасьля Крыму і Данбасу.

Але падпісваў Будапэшцкі мэмарандум увосень 1994 не Шушкевіч, а Лукашэнка.

Ёсьць і такі аспэкт: ядзерныя кампанэнты па ўзгадненьню з ЗША з Беларусі, Украіны і Казахстану вывозіліся — куды б вы думалі? У ЗША? Не, у Расею. Такім чынам, Крэмль узмацніў свой ядзерны патэнцыял. Дзесяцігодзьдзямі ў СССР чэкісты не маглі валодаць ядзернай кнопкай, над імі быў генсек. Сёньня — чэкісты над усімі, і ядзерная зброя ў іх руках.

Цяжка сказаць, што рабіў бы Лукашэнка, калі б ракеты засталіся. Нават калі ўявіць, што гэта проста балванкі зь ядзернымі кампанэнтамі — гэта моцны фактар шантажу. Скажам, ён мог бы пагражаць прадаць гэтыя кампанэнты Ірану. «Міграцыйны крызіс» паказаў, што Лукашэнка не спыніўся б і перад падобным.

Калі Беларусь будзе вольнай, дэмакратычнай, прававой дзяржавай — яна, перакананы, здолее абысьціся бяз ядзернай зброі. Грамадзяне краіны адчуваюць сябе шчасьлівымі, калі яны матэрыяльна забясьпечаныя, калі іх правы выконваюцца, калі яны свабодныя — а не тады, калі ў іх ёсьць ядзерная дубіна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)