Политика

Ці гатовы Лукашэнка ўцягнуць Беларусь у чужую вайну дзеля ўтрыманьня сваёй улады?

Беларуска-расейскія вучэньні яшчэ не пачаліся, але ўжо выклікалі вялікі ажыятаж, моцную трывогу суседзяў, апакаліптычныя вэрсіі, піша Валер Карбалевіч.

Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017»

Кансьпіралягічныя гіпотэзы наконт сэнсу вучэньняў «Саюзная рашучасьць», заплянаваных на 10–20 лютага, узьніклі не на пустым месцы. Гэтаму садзейнічаў шэраг фактаў.

Найперш, згаданыя вучэньні — пазаплянавыя. Рашэньне аб іх правядзеньні было прынята падчас перамоваў Пуціна з Лукашэнкам 29 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу. Гэта пры тым, што ў верасьні мінулага году на тэрыторыі Беларусі прайшлі стратэгічныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2021».

Па-другое, расейскія войскі зьявіліся на тэрыторыі Беларусі яшчэ да афіцыйнага абвяшчэньня даты вучэньняў, іх сцэнару, колькасьці ўдзельнікаў і іншай інфармацыі. І гэта дае падставы думаць, што вучэньні — гэта маскіроўка, прыкрыцьцё для ўводу сюды войскаў РФ.

Па-трэцяе, паводле інфармацыі вайсковых дасьледчыкаў, на вучэньні прыбываюць расейскія вайсковыя падразьдзяленьні з Далёкага Ўсходу. Што даволі незвычайна і падводзіць да вылучэньня самых змрочных прагнозаў.

Па-чацьвёртае, тыя ж дасьледчыкі паведамляюць, што некаторым расейскім вайскоўцам, якія едуць у Беларусь, кажуць пра пляны знаходжаньня тут цягам паўгода ці 9 месяцаў. Гэта дае падставу для высноваў, што пасьля вучэньняў войскі РФ не пакінуць беларускую тэрыторыю, а застануцца.

Нарэшце, па-пятае і самае галоўнае. Вучэньні плянуецца праводзіць на тле рэзкага абвастрэньня адносін Расеі з Захадам, ультыматуму Масквы ЗША і НАТО, відавочнай падрыхтоўкі РФ да вайны з Украінай. На гэтым фоне зьяўленьне тут расейскіх войскаў выглядае злавесным.

Хто быў ініцыятарам правядзеньня гэтых вучэньняў? Думаю, тут якраз той момант, калі інтарэсы Пуціна і Лукашэнкі супалі. Крамлю, каб троліць, пужаць Захад, вельмі патрэбен «беларускі балькон» як пляцдарм, зь якога можна пагражаць і краінам НАТО, і Ўкраіне. Таму чым больш тут будзе вучэньняў, базаў, вучэбна-баявых цэнтраў, тым больш яны падмацоўваюць расейскі ўльтыматум.

Для Лукашэнкі ўмова ягонага палітычнага выжываньня — падтрымка з боку Крамля. Таму ён імкнецца максымальна ўпісацца ў стратэгію Масквы па эскаляцыі адносін з Захадам. І нават імкнецца бегчы паперадзе паравоза, правакуючы розныя крызісы, кшталту міграцыйнага.

За гэта Пуцін гатовы дараваць Лукашэнку адмову ад абяцанага транзыту ўлады, дапамагчы абыйсьці заходнія санкцыі і нават, магчыма, даць грошай. Акрамя таго, канфлікт з суседзямі патрэбен для абгрунтаваньня неабходнасьці пастаяннага мабілізацыйнага стану дзяржавы, без чаго існаму рэжыму ня выжыць.

Іншая справа, што ад гэтых расейскіх мілітарысцкіх гульняў на беларускай тэрыторыі могуць быць непрадбачаныя наступствы. Прычым вельмі непрыемныя.

Сам факт рэзкага павелічэньня тут вайсковай прысутнасьці РФ абмяжоўвае ваенны сувэрэнітэт Беларусі і, адпаведна зьмяншае ролю Лукашэнкі як галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі.

Замежныя суб’екты ўсё больш разглядаюць Беларусь як марыянэтку Расеі. Вось, напрыклад, старшы супрацоўнік Дзярждэпартамэнту ЗША заявіў: «Ключавое пытаньне — якія рычагі кантролю яшчэ трымае Лукашэнка і колькі гэтага кантролю ён перадаў Расеі». Калі на гэтае пытаньне адказ будзе не на карысьць Лукашэнкі, то цалкам рэальна, што замежныя гульцы будуць абмяркоўваць лёс Беларусі ня зь Менскам, а з Масквою.

Нарэшце, вынікам гэтых ваенных авантур можа стаць тое, што Беларусь не па сваёй волі і нават насуперак жаданьню Лукашэнкі можа быць уцягнута ў чужую вайну. Ці варта плаціць такую цану дзеля ўтрыманьня ўлады?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)