Общество
Анастасія Зелянкова

Чорная справа Алеся Пушкіна

Мастак Алесь Пушкін адпушчаны на свабоду. Да гэтага часу трое сутак ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання Крупскага раёна. Мастак падазраецца ў пашкоджанні помніка.

Уначы з 9 на 10 мая каля школы ў пасёлку Бобр невядомыя аблілі чорнай фарбай помнік героя Савецкага Саюза, СМЕРШаўца Васіля Чабатарова і пакінулі на ім налепкі: “Далоў расейскіх акупантаў з дзяржаўных пасадаў у незалежнай Беларусі!”.

Праз два дні ў дом да мастака Алеся Пушкіна з вобыскам наведаліся супрацоўнікі Крупскага РАУС і ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама.

— Яны шукалі чорную фарбу, — ўспамінае мастак. — Аблазілі не толькі хату, але і ўсе гаспадарчыя пабудовы, пераварочвалі нават абразы і карціны. Фарбу не знайшлі, адно толькі ў цюбіках. Затое канфіскавалі “Нашу Ніву” ад 26 сакавіка, часопіс “ARHE” і некалькі брашур Зянона Пазняка пра маскоўскі рэжым і беларуска-расейскую вайну. Навошта ім гэта патрэбна і якое дачыненне мае да справы, я не зусім разумею.

Па словах Алеся Пушкіна, у той дзень, калі здарылася злачынства, ён знаходзіўся ў цешчы, пра што і даводзіў следчым падчас штодзённых допытаў.

— Ніхто асабліва не стаў разбірацца ў гэтым, — сведчыць мастак. — Ім было дастаткова і таго, што ёсць такая сям’я, у якой над хатай вісіць бел-чырвона-белы сцяг і дзе размаўляюць па-беларуску. Адсюль і пытанне: хто ж, як не мы? Відаць, цяжка ўявіць, што ёсць яшчэ на свеце людзі, якія думаюць па-іншаму, якія сапраўды ведаюць нашу гісторыю.

Разбіральніцтва пакуль працягваецца. Справу вядзе следчы-дазнавальнік крымінальнага вышуку Крупскага РАУС Уладзімір Крэпскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)