Чаму сілавікі палююць на дырыжораў
Затрыманая яшчэ адна — Таццяна Галуза.
Таццяна Галуза
Затрыманая Таццяна Галуза, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Яна харавы дырыжор, вучаніца прафесара Роўды.
Затрыманне адбылося 2 лістапада каля 23:40 у а.г. Лясны, Бараўлянскі сельсавет, каля магазіна Гіпа на вул. Аляксандрава. У момант затрымання Таццяна была з мужам. Мужа не ўзялі.
Супрацоўнікі ў цывільным даставілі яе ў Бараўлянскі аддзел міліцыі. Праз паўгадзіны да аддзела прыехаў бус з АМАПам і звёз Таццяну ў невядомым напрамку. На пытанне мужа «Куды везяце?», не сказалі нічога, зачыніўшы дзверы.
Таццяна — маці дваіх непаўналетніх дзяцей (7 і 11 год).
Раней была затрыманая іншая дырыжор — Галіна Казіміроўская.
Галіна Казіміроўская
Дырыжор Галіна Казіміроўская была затрыманая перад выхаднымі і правяла час да суда пад вартай. Праваабаронцы заўважылі, што так сілавікі часта абыходзяцца з жанчынамі, у якіх непаўналетнія дзеці. Суддзі не маюць права даваць ім «суткі».
Магчыма, затрыманні дырыжораў звязаныя з паляваннем на «лятучыя хары». Гэтыя фенаменальныя калектывы выконваюць беларускія песні — «Магутны Божа», «Пагоню», «Купалінку», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Разбуры турмы муры» ды іншыя — у самых нечаканых месцах: гандлёвых цэнтрах, Нацыянальнай бібліятэцы.
Лукашэнкаўцы вядуць змаганне з любой некантраляванай публічнай актыўнасцю, у тым ліку і культурнай. Было шмат выпадкаў затрымання аўтараў графіці, плакатаў, а таксама людзей, якія зняліся ў пратэсных відэакліпах.
Усяго за час пратэстаў супраць фальсіфікацый і прыгнёту затрымана больш за 16 600 чалавек, заведзена амаль 700 крымінальных спраў. Ніводная краіна Еўропы не ведала такіх маштабных палітычных рэпрэсій за апошнія 40 гадоў.
Выступы «лятучых хароў» у масках застануцца ў гісторыі культуры Еўропы як унікальны феномен. Дырыжоры таксама кіруюць спевамі ў масках, капюшонах, інкогніта.
Читайте еще
Избранное