Общество
Сямён Печанко

Чаму Шчорсы не сталі беларускім Скансэнам: «А гаспадара няма!»

Знакаміты маёнтак Храптовічаў на Наваградчыне ўсё яшчэ чакае гаспадара.

У дзяцінстве я ездзіў на аўтобусе праз Шчорсы ў Наваградак да дзядулі з бабуляй. Часцей за ўсё гэта былі вечаровыя рэйсы, калі абрысы храптовічаўскага парка і рэшткі былога фальварка асабліва маляўніча глядзеліся ў промнях нізкага сонца.

Запомнілася, як старыя людзі ў аўтобусе на дзіцячыя пытанні, што гэта за замак вунь там, з павагай у голасе казалі пра панскі падворак.

Праз трыццаць гадоў я сустрэў каля былога дома аканома мясцовую жанчыну сталага веку. Тая пабачыла, што я фатаграфую бераг возера і загаварыла са мной:

— Што, сынок, прыгожа ж тут?

— Прыгожа, так.

— А гаспадара няма! — дадала жанчына.

У свой час маёнтак Храптовічаў параўноўвалі з Прусіяй. Эфектыўная і прагрэсіўная гаспадарка, асвета для простага люду, багатая бібліятэка. Пры Адаме Храптовічы ў пачатку ХІХ стагоддзя традыцыйная трохпольная сістэмаземляробства была замененая на шматпольную. Сялянскіх дзяцей у Шчорсах ды суседніх Нягневічах навучалі паводле методык англійскага педагога Джозэфа Ланкастэра.

У нашы дні грэх было не скарыстацца з шанцаў адрадзіць колішнюю славу маёнтка Храптовічаў, стварыўшы тут беларускі аналаг шведскага Скансэна. Гэта мог бы быць помнік тым часам, калі тут было не горш, чым у Прусіі, ці Бельгіі. Знак таго, што мы былі некалі Еўропай не толькі геаграфічна.

Але сёння ў Шчорсах, праз амаль тры дзясяткі год незалежнасці, няма ніводнага помніка Храптовічам. Пры гэтым, тут з савецкіх часоў захаваўся недарэчны бюст герою Грамадзянскай вайны Мікалаю Шчорсу, ураджэнцу Чарнігаўшчыны. Які, напэўна, ніколі не ведаў пра наваградскія Шчорсы.

А таксама бюст Леніну — чалавеку, які без ведама беларусаў здаў Польшчы палову Беларусі.

За тры дзясяткі год новая ўлада не толькі не пазбавілася савецкай мінуўшчыны ў Шчорсах. Рэшта спадчыны Храптовічаў занепадае год ад году, а нешматлікія зрухі да лепшага — з’яўленне міні-гатэля ды навядзенне парадку на тэрыторыі колішняга фальварка — справа рук валанцёраў ды прыватных энтузіястаў.

Зрэшты, ці варта дзівіцца таму, што Шчорсы, з іх багатым падмуркам, не сталі нашым Скансэнам. Такі прыклад наўрад ці прыйдзецца да густу тым, хто да апошняга намагаецца працягнуць жыццё сістэме гаспадарання, прынесенай сюды восемдзесят год таму. Тады, калі адсюль вывезлі ў Казахстан апошніх гаспадароў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)