Цыганкоў: «Быў бы Лукашэнка кіраўніком большай краіны, якім ён быў бы «мірным»?

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра тое, чаму беларускі правіцель зноў змяніў агрэсіўную рыторыку на аблічча голуба міру.

На сённяшняй нарадзе Рады бяспекі Лукашэнку прадставілі праект указу аб ацэнцы стану нацыянальнай бяспекі. Яго плануецца прыняць у працяг новай Канцэпцыі нацбяспекі, але змест дакумента засакрэчаны.

Правіцель заявіў, што Беларусь — «мірная краіна, заўжды адкрытая для раўнапраўнага дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», і што «мы нікому ніколі не пагражалі». Каму былі адрасаваныя гэтыя заявы, і ці не ёсць яны ў пэўным сэнсе рэакцыяй на нядаўні саміт міру ў Швейцарыі?

— У соты ці мо ў тысячны раз ён такое кажа, — заўважае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў на Еўрарадыё. — Але наконт «мірнай краіны» хочацца прыгадаць показку «з’есці б ён з’еў, ды хто ж яму дасць» — у тым сэнсе, што ўявіце: быў бы Лукашэнка кіраўніком большай геаграфічна, з большым насельніцтвам краіны, якім ён быў бы «мірным»?

Віталь Цыганкоў

Быў бы ён кіраўніком Расеі — ужо, баюся, ядзернай вайной усё б скончылася. Але ж Беларусь адносна невялікая краіна, таму Лукашэнка і «мірны». Ён не можа нікому пагражаць, таму што беларуская армія маленькая, слабая, з маленькім ваенным бюджэтам і г.д.

Таму ён і гаворыць тое, што гаворыць. А што вы хочаце пачуць — «Мы ваяўнічая краіна, на ўсіх хочам нападаць»? Не, лепш лішні раз паўтарыць пра мірную краіну.

Ніякай канкрэтнай прывязкі ў гэтай рыторыцы да нядаўняга саміту міру ў Швейцарыі, на думку Віталя Цыганкова, няма. Бо «тэма Беларусі як магчымага пасярэдніка ва ўкраінска-расійскай вайне даўно закрытая, кандыдатамі на гэтую ролю называюць ці то Кітай, ці то Турэччыну альбо Ватыкан, дый тое пры пэўных абставінах».

— Другі аспект — ён хоча ўсё ж на будучыню прасунуць тэзіс, што «мы не ўдзельнікі вайны, мы проста саюзная Расеі краіна, мы прадаставілі сваю тэрыторыю, аэрапорты і ўсё астатняе для нападу, але ў нас не было выбару», — разважае журналіст. — Потым калі-небудзь ён будзе, — дай божа, мы пачуем, — у рамках судовага працэсу расказваць, што ён не пры чым, яго прымусілі, а ён не хацеў.

Больш за ўсё тут хвалюе пытанне, якое застаецца актуальным у апошнія два гады: ці будзе беларускае войска ўцягнутае ў вайну непасрэдна?

Памятаю, як цяжка было мне даказваць у першыя месяцы, калі большасць лічыла: так, неўзабаве гэта адбудзецца, — што ўсё ж такі негатыўны прагноз менш верагодны, паколькі гэта не трэба ні Лукашэнку, ні, па вялікім рахунку, Пуціну.

На сёння выглядае, што ў гэтым дасягнуты пэўны кансэнсус і гэтага не адбудзецца, паколькі Лукашэнка нейкім чынам пераканаў Пуціна, што карысці ад таго не будзе, адна шкода.

Натуральна, усё можа змяніцца, і гэтае пытанне па-ранейшаму самае балючае.

На ўсялякі выпадак беларусаў прывучаюць да вайны — і прапаганда, і ўсё на гэта працуе. Адбівацца Лукашэнка хоча і можа, але такі момант можа наступіць.

У ягонай традыцыі ўжываць вельмі супярэчлівыя мэседжы, але на сёння, з аналітычнага гледзішча, больш верагоднасці, што пакуль наўпроставага ўдзелу Беларусі ў вайне не павінна адбыцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)