Культурны працэс

Паўліна Бярозавік

Будкін: «Зараз так не падманеш, як у свой час падманулі Францішка Аляхновіча і Майсея Кульбака»

Чатыры гады беларускія ўлады працягваюць беспрэцэдэнтныя па маштабах рэпрэсіі, з большым ці меншым поспехам зачышчаючы ўсе сферы. Аднак, нягледзячы на гэтыя захады, жыццё прабіваецца скрозь муштру і ідэалогію, казённыя формы і «чорныя спісы». У тым ліку культура, па абодва бакі мяжы — жыве. Як?

Акурат гэта мы абмяркоўваем у сумесным праекце «Салідарнасці» і Беларускай Рады культуры з творцамі, крытыкамі, экспертамі ў культурніцкай галіне.

І для пачатку спрабуем ацаніць актуальны стан беларускай культуры і яе перспектывы ў будучыні. Наш суразмоўца — Сяргей Будкін, арт-менеджар са шматгадовым досведам, кіраўнік Беларускай Рады культуры. (Першую частку інтэрв’ю чытайце тут).

Фота з сацсетак

«Любы «варушняк» людзей, злучаных агульнымі каштоўнасцямі — добрая з’ява»

У Беларусі таксама ёсць культурнае жыццё, і гэта не толькі фэсты «Бацькава булка» альбо «Купалле ў Александрыі». У адной з дыскусій бачыла меркаванне, маўляў, нават у турме ёсць самадзейнасць. Беларусаў знутры краіны крыўдзяцца: што ж мы, павінны легчы ў труну? То ладзім хоць нейкія імпрэзы, максімальна далёкія ад палітыкі. На вашу думку, якая пазіцыя бліжэй да рэчаіснасці?

— У беларускіх умовах (і я маю харошыя прыклады, але пра іх нельга публічна казаць) любое супольнае дзеянне, якое аб’ядноўвае людзей па інтарэсах, вельмі дарагога каштуе. Хай гэта нават нешта дробнае, кшталту гуртка па пляценні з саломкі ці клуба аматараў ліпавага мёду.

Гэта важна, па-першае, на псіхалагічным узроўні, каб не пачувацца самотна, бо паасобку выжываць цяжэй. Па-другое, там могуць выспяваць цікавыя ідэі, хоць яны і могуць падавацца не вострымі, зусім дзіцячымі для тых, хто жыве ў дэмакратычным грамадстве, дзе можа вольна выйсці на плошчу, пракрычаць што захочаш.

Сход на 5 чалавек для прагляду беларускага кіно падаецца зусім дробным — але з такіх драбніц і сплятаецца жывая Беларусь, пакуль што нябачная. Якая, дарэчы, выспявае і ў няволі. Ёсць сайт з вершамі палітвязняў, нават друкаваныя кнігі, ёсць малюнкі, — і гэта сведчыць, што нават у вязніцы ёсць рэфлексія, магчымасць для стварэння. Сфармаваўся, на жаль, цэлы пласт, які таксама стане часткай беларускай культуры.

Таму мая пазіцыя адназначная: любы «варушняк» людзей, злучаных агульнымі каштоўнасцямі — незалежнасць Беларусі, узаемапавага, чалавечнасць — добрая з’ява.

Якія культурніцкія кірункі ў краіне на сёння захаваліся найлепш, ці аднавіліся — гэта нешта ўмоўна нейтральнае, скажам, краязнаўства, агратурызм?

— Безумоўна, унутраны турызм — вялікая з’ява ад кавідных часоў. Не маючы магчымасці выехаць у іншыя краіны, многія пачалі вывучаць сваю краіну, некаторыя ўпершыню ў жыцці звярнулі ўвагу на багацце і прыгажосць Беларусі. Гэта сапраўды цікавая рэч, якая, на маю думку, надалей спрацуе на розных узроўнях, і ў адчуванні сябе беларусам, і ў бізнесе, і ў захаванні спадчыны.

Але не толькі турызм. У кожнай сферы адбываюцца нейкія працэсы. У тэатрах — падпольныя чыткі, дыскусіі, кватэрныя выступы, нават і ў агульным доступе ёсць цікавыя пастаноўкі. Віруе жыццё ў музычнай сферы: з’яўляюцца новыя імёны, новыя запісы, нават ёсць выканаўцы, хто мае сусветныя туры (і гэта не пра «Молчат дома»).

Як ні дзіўна, з’яўляюцца — нават адзначаюцца на міжнародных фестывалях — мастацкія фільмы. На жаль, гэта значыць, што пакуль іх няма ў вольным доступе, таму тут можам хіба завочна парадавацца за беларусаў.

Развіваюцца цікавыя праекты для дзяцей, — як калісьці ў 1930-х рэпрэсаваныя творцы «хаваліся» ў дзіцячую літаратуру і замежныя пераклады, так і сёння гэта даволі бяспечная зона. Па-за зонай бачнасці для «кантралёраў» самаарганізуюцца мастакі, якія ладзяць пленэры і праводзяць выставы.

Словам, фактычна ў любой сферы людзі альбо прыдумляюць новыя фарматы, альбо дзейнічаюць на такім бяскрыўдным узроўні, што дазваляе хаця б збірацца, абменьвацца думкамі.

«Праз культуру пераадолець тэндэнцыю разрыву паміж намі прасцей, чым праз палітыку»

Некаторыя беларускія творцы кажуць, што цяпер яны ў сітуацыі падвойнай дыскрымінацыі: унутры краіны пільнуюць ідэолагі і «праўладныя актывісты», а міжнародныя конкурсы/фэсты не прымаюць заяўкі ад грамадзян РБ. Гэта маштабная праблема ці адзінкавыя выпадкі?

— Такіх выпадкаў дыскрымінацыі было даволі шмат адразу пасля пачатку вайны. Сёння, мяркую, гэта асобныя выпадкі — калі нешта далятае да нас, Беларуская Рада культуры гатовая дапамагчы. Мы робім шмат нябачнай адвакацыйнай працы, кшталту рэкамендацыйных лістоў, падрыхтоўкі дакументаў, якія верыфікуюць, што канкрэтны чалавек — не з лукашысцкай Беларусі.

Адначасова ладзім свае праграмы, у тым ліку ArtPower Belarus — вялікі праект з Дацкім інстытутам культуры. У яго межах ёсць праграма мабільнасці, па якой 210 чалавек (з іх 40% — беларусы, якія застаюцца ў краіне) змаглі ўзяць удзел у замежных канферэнцыях, фестывалях, зладзіць уласныя даследаванні і арганізаваць выступленні. За апошнія два гады мы рэалізавалі  яшчэ дзве буйныя праграмы, дзякуючы якім шмат людзей атрымала новыя сувязі, веды і магчымасці.

Абавязкова трэба згадаць яшчэ і канал Sekktor у Тэлеграм, які штодня паведамляе пра конкурсы, праграмы, стыпендыі для творцаў, — у іх могуць браць удзел беларусы з любой краіны.

Вядома ж, адчувальнае пытанне тут — візавая падтрымка, бо перагружаныя консульствы замежных краін у Беларусі. Пытанне з «жалезнай заслонай» пастаянна абмяркоўваецца і на палітычным узроўні, і паміж арганізацыямі. Мы таксама робім, што можам, кансультуем, накіроўваем, уздымаем яго ў прыватных размовах з амбасадарамі — але  праблема насамрэч вострая.

Тым не менш, праца ідзе, і толькі ў межах ArtPower падтрымана больш як 130 розных творчых праектаў. Наколькі «доўгайграючая» гэта праграма, якія праекты былі рэалізаваныя ў яе межах і якія далейшыя перспектывы?

— Удакладню лічбу: на сёння гэта 142 праекты, і хіба ўсе сродкі ў межах гэтай праграмы вычарпана. Яна працягвае дзейнічаць да лютага наступнага года, але гэта ўжо прыём справаздач, апрацоўка вынікаў. Таксама зладзім даследаванне, каб ацаніць уплыў праграмы — тады можна будзе больш поўна адказаць, што гэта было, і гэта дапаможа лабіяваць далейшую падтрымку беларускай культуры праз еўрапейскія інстытуцыі.

Рэалізаваныя праекты я ўмоўна падзяліў бы на некалькі груп.

Найперш варта вылучыць падтрымку актыўнасці ўнутры Беларусі, ці спрыянне творчаму яднанню беларусаў па розныя бакі мяжы: мы заахвочваем тых, хто падае заяўкі, уключаць у каманду людзей знутры Беларусі, і наадварот. У гэтым ліку — музычныя праекты, арт-рэзідэнцыі, выданне кніг. Цікавая платформа, пра якую можна сказаць публічна — Vodblisk, дзе можна паглядзець некаторыя дакументальныя фільмы беларусаў, іх база папаўняецца, а для гледачоў з Беларусі прагляд бясплатны.

Другая катэгорыя праектаў, якія маюць адукацыйны складнік, працуюць на пашырэнне ведаў і кампетэнцый. Тут магу прывесці ў прыклад YouTube-канал Андрэя Хадановіча з выдатнымі відэалекцыямі, выданне падручніка па музыцы (ён будзе ў Беларусі, таму ні назвы, ні аўтара няможна назваць), лекцыі пра слуцкія паясы, відэапраект Максіма Жбанкова і Арцёма Лобача 100 год беларускага кіно.

Трэцяя катэгорыя — праекты, якія працуюць на станоўчы імідж нашай краіны ў свеце або паведамляюць пра сітуацыю з рэпрэсіямі. Адзін з яркіх праектаў, які быў падтрыманы ArtPower — опера «Дзікае паляванне караля Стаха» Беларускага Свабоднага тэатра, адна з задумак праекта BELARUS OUTSIDE SOUND SYSTEM дыджэя Papa Bo, серыя партрэтаў «Беларускі мартыралог» Ксішы Ангелавай, пастаноўка «Зэкамерон» Купалаўцаў.

Яшчэ адна катэгорыя — праекты, якія закладаюць падмуркі інфраструктуры ў будучай Беларусі. Як я ўжо казаў, гэтая з’ява адбываецца на нашых вачах, і мы хочам паспрыяць стварэнню такіх кам’юніці, творчых сетак, арт-прастораў. Тут можна вылучыць падтрымку Інстытута Беларускай кнігі, фундацыі TUTAKA, «Дома творцаў» у Варшаве, суполак у сферы кіно.

І, канешне, непасрэдна стварэнне кантэнту — выданне кніг (падтрыманыя праект выдавецтва  «Гутэнберг»), агучванне класікі беларускай літаратуры (на платформе audiobooks.by з’явіліся пяць новых аўдыякніг); выданне ўпершыню поўнай, неадцэнзураванай версіі кнігі «Зэлмэняне».

Вядома ж, спадзяемся, што працяг будзе, і яшчэ нямала беларускіх культурніцкіх праектаў будзе падтрымана.

«Нас аб’ядноўвае жаданне бачыць сваю краіну незалежнай»

За чатыры гады, нягледзячы на «экстрэмісцкі» статус многіх творцаў і ініцыятыў, на сітуацыю выжывання, беларуская культура ў замежжы жыве, дыхае і развіваецца. Многія лічаць, што гэта такая бурбалка, дзе мы ўтульна схаваліся, іншыя кажуць — гэта спосаб не адарвацца ад зямлі. Вам якое меркаванне бліжэй?

— Напэўна, не тое і не тое. Нядаўна на канферэнцыі «Новая Беларусь» прадстаўляў наша бачанне, як працаваць з беларусамі па абодва бакі мяжы, як пераадолець тэндэнцыю разрыву паміж намі.

Бо праз культуру гэта рабіць прасцей, чым праз палітыку. І мы заўжды кажам пра непадзельнасць Беларусі — не культуру «там» і культуру «тут», але агульную беларускую культурную прастору, у якую кожны можа зрабіць свой унёсак, незалежна ад цяперашняга месца пражывання.

Зразумела, тыя, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі, у розных умовах з творцамі, якія за мяжой — гэта і рэпрэсіі, і інфармацыйны вакуум, і санкцыі, і немагчымасць выехаць, проста зрабіць імпрэзу, якую ты хочаш. Але гэта не прычына для раз’яднання , наадварот. Нас аб’ядноўвае жаданне бачыць сваю краіну незалежнай.

Таму мы надаем увагу менавіта таму, як аб’ядноўваць беларусаў па розныя бакі мяжы. Ёсць платформа Васьміног, мы падтрымліваем яе як партнёры, прысвечаная беларускаарыентаванай адукацыі дзяцей — і там прыблізна палова праектаў звязана з тымі, хто ўнутры краіны.

Таксама гэта стварэнне інстытутаў, фактычна, брэндаў у культурніцкай сферы, дзе людзі аб’яднаныя не месцам пражывання, а самой ідэяй — напрыклад, кнігі, тэатр, спадчына. Беларуская Рада культуры — таксама, лічу, такі брэнд, які за чатыры гады выйшаў на міжнародны ўзровень і зрабіў нямала.

Трэці наш тэзіс — навучанне перадусім, разнастайныя праграмы, у якія могуць уключацца беларусы з абсалютна розных месцаў. У нас ёсць школа арт-менеджменту, у якую запісаліся 80 чалавек; ведаю, што ў іншых праграмах ёсць людзі з Беларусі, якія выязджаюць, каб атрымаць новыя веды і кампетэнцыі, і потым вяртаюцца назад у краіну.

Таксама гэта несупынны дыялог — я стараюся трымаць гэты кірунак у прыярытэце, каб штодня размаўляць з людзьмі ў Беларусі, не губляць гэтую павестку, разуменне патрэб. Спадзяюся, хутка ў нас будзе схаваная праграма падтрымкі культурніцкіх праектаў унутры Беларусі, таму, калі хтосьці прачытае нашу размову і захоча даведацца болей, можна знайсці мяне ў сацсетках і звярнуцца наўпрост.

І самы галоўны пункт — штодня прыкладаць высілкі, каб заставацца беларусам, жыць для Беларусі. А калі даводзіцца гэта рабіць у іншых краінах, то пры гэтым інтэгравацца ў іх грамадства, не існаваць самім у сабе. Спалучэнне гэтых дзвюх ліній, мне падаецца, дасць плён.

Калі вызначыць топ-5 культурных падзей бягучага года, гэта…

— У жніўні пакуль складана «падбіваць вынікі» — традыцыйна наша аналітычная група робіць вялікія агляды сферы прыканцы года, і яшчэ будуць дыскусіі і абмеркаванні таго, куды занесла беларускую культуру ў гэтым годзе.

Персанальна для мяне як для чалавека неабыякавага, які назірае і спрабуе прасякнуцца тым, што адбываецца ў розных сферах — безумоўна, гэта рэзанансная акцыя Аляксея Кузьміча, якая ўвойдзе ў топ падзей 2024-га па розгаласе.

Можна па-рознаму да яе ставіцца, але факт у тым, што шмат людзей, якія раней пра культуру не разважалі, раптам падключыліся да дыскусіі і абмеркавання: гэта акт вандалізму ці культурніцкая акцыя? І гэта пастаноўка пытання, абуджэнне інтарэсу да культуры такім правакацыйным спосабам ужо цікавае.

Канешне, з’явай года я б назваў працу выдавецтваў. Кажу так, каб не вылучаць кагосьці аднаго, — бо за вельмі кароткі тэрмін на нашых вачах стварылася інфраструктура, рух, нават рынак  беларускай кнігі. І я стараюся нячаста заходзіць у месцы, дзе прадаюць беларускія кнігі — выбар велічэзны, хочацца ўсё.

Нядаўна купіў альбом «Экспедыцыя 1928 году Вацлава Ластоўскага» — абсалютна шыкоўны. Наогул дзейнасць Андрэя Янушкевіча, выдавецтваў «Гутэнберг», «Пфляўмбаўм», «Камунікат», «Skaryna Press», удзел беларускіх кніжнікаў у кірмашах, літаратурныя  прэміі — робіць літаратурны рух адным з самых заўважных.

У музыцы вылучыў бы тое, што адбываецца вакол каманды Papa Bo і фестывалю BELARUS OUTSIDE SOUND SYSTEM, агулам развіўся харошы фестывальны рух, які таксама аформіўся клаўся за гэтыя гады. Асабліва ён заўважны у Нямеччыне, дзе шмат цікавага робіць фундацыя RAZAM e.V., у Польшчы (MARAFEST у Сопаце, Huchna Fest у Варшаве, Пікнік Letucień  у Кракаве, TUTAKA на Падляшшы як месца прыцягнення беларусаў замежжа — то бок, ужо стварыліся фестывальныя брэнды).

Безумоўна, трэба сказаць пра тэатр. Гэта працяг жыцця Купалаўцаў: як бы хто ні жадаў іншага,  яны працягваюць жыць і ставіць пастаноўкі на мяжы магчымасцяў, гэта дарагога варта. Хачу таксама адзначыць ініцыятыву Inexkult Вольгі Кулікоўскай — фактычна, спробу стварэння незалежнай прадзюсарскай агенцыі беларускага тэатра за мяжой.

Тут жа згадаю  Люблін як месца для беларускіх тэатралаў — можа, супала, але ў Любліне ёсць дакладная копія менскага Купалаўскага тэатра, таго ж архітэктара, ці не знак?!  І, канешне, Беларускі Свабодны тэатр — анансаваная новая пастаноўка пра Кацярыну Сныціну, і думаю, гэта будзе нечакана, шумна, дзіўна, спрэчна.

Днямі  ў Харкаве адкрылася выстава «Пачуццё бяспекі» міжнароднай арт-групы Antiwarcoalition.art, да якой маюць дачыненне і беларускія мастакі, і гэта вялікая падзея. Таксама выстава памяці Алеся Пушкіна ў Музеі Вольнай Беларусі, якая паказала мастака ў розных іпастасях і выклікала неверагодны інтарэс — праз невялікую прастору прайшло каля 1000 чалавек.

У кіно — дзейнасць «групы Кашперскага» (серыял «Працэсы», канал «ЧынЧынЧэнел», праект «Давай яго дачакаемся»).

І хіба асобная з’ява, што сёлета яшчэ наперадзе, але ярка праявілася ў гэтыя чатыры гады — Ноч паэтаў, якая аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. Штогод яна праходзіць у дзясятках гарадоў, у розных краінах, і гэта цудоўны прыклад самаарганізацыі, калі беларусы самі ладзяць імпрэзы, абмеркаванні, дыскусіі.

«Няма падстаў перажываць, што мы нешта страцім »

Чула меркаванні, што беларуская культура сёння прыкладна ў такой сітуацыі, як 100 год таму, калі ішла вялікая «зачыстка» нацыянальнай культуры, «справа нацдэмаў» і г.д. На вашу думку, ці слушнае такое параўнанне, ці ўсё ж цяпер іншыя ўмовы, і патрэбныя іншыя механізмы выжывання?

— Складанае пытанне. Аналогіі ёсць — у Беларусі я прадусаваў праект (НЕ)расстраляныя пра знішчаных у 1937-м беларускіх паэтаў. Праект ладзіўся ў 2017-2020 гг, потым выйшла кніга, і дзіва было, калі мы паглядзелі рэтраспектыўна, спрабуючы перадаць атмасферу трывогі 30-х — аказалася, шмат якія героі нашага часу перажылі той жа страх, той жа ціск, звальненні, што і тыя, каму быў прысвечаны праект. 

Хоць, канешне, нельга параўнаць гэты час літаральна — на шчасце, няма масавых расстрэлаў. Іншая сітуацыя, іншае грамадства, іншыя часы.

Хоць арыштоўваюць часта пераемнікі тых катаў, якія вядуць радавод ад Дзяржынскага і НКУС — але грамадства больш развітае, урбанізаванае, у ім больш інтэлектуалаў. Таму зараз так не падманеш, як у свой час падманулі Францішка Аляхновіча і Майсея Кульбака: усе разумеюць, што такое дыктатарскі рэжым, і што ніякія абяцанні «камісіі па вяртанні» не спрацуюць.

Таму калі сур’ёзна адказваць на гэта пытанне — такія паралелі не маюць пад сабой грунту, але на ўзроўні эмоцый падабенства ёсць.

У сітуацыі пераследу, інфармацыйнага вакууму, амаль закрытай «жалезнай заслоны» многія рэчы ў беларускай культуры ідуць як бы паралельнымі трэкамі, мы пра многае не ведаем, што адбываецца ўнутры, беларусы ў краіне — пра тое, што і дзе за мяжой. Частка творцаў, на жаль, не вернецца. Наколькі вялікая небяспека, што гэтыя трэкі разыдуцца яшчэ больш, і будзе асобна «эмігранцкая», асобна «ўнутраная» плыні?

— Тут я паўтару тэзіс, што для нас няма «эмігранцкай» і «ўнутранай» культуры. Шмат хто не звяртаў увагі на тое, што беларусы стваралі па-за межамі — маю на ўвазе  эміграцыю пасля Другой сусветнай. Каласальная колькасць твораў з’явілася ў Канадзе, Злучаных Штатах Амерыкі у Нямеччыне, іншых краінах. Абмінаць іх — памылка. Мы мусім усё ж разглядаць беларускую культуру ва ўсёй яе разнастайнасці, шматгеаграфічнасці, калі хочаце.

Няма аднаго трэку, мы не можам разглядаць культуру як нешта аднароднае. Шляхі заўжды розныя. Тыя беларускія творцы, хто вырашыць застацца ці нават «распусціцца» ў іншай культуры — могуць узбагаціць ужо яе. Як тыя, хто прыязджаў з тэрыторыі Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя і засноўваў і галівудскія кінастудыі, і мафіёзныя групоўкі, і гэтак далей — яны ўвайшлі ў гісторыю іншых  краін, але сувязь з Беларуссю прасочваецца.

Мы адзначаем гэта ў кампаніі #art_born Belarus (рэ:візія беларускіх артэфактаў у сусветных музеях), калі аргументуем перагляд падыходаў да ідэнтыфікацыі творцаў. Напрыклад, што Хаім Суцін ці Чэслаў Немэн, многія іншыя творцы нарадзіліся не ў Расеі, а паходзяць з Беларусі. Тое, што людзі, народжаныя на Беларусі, могуць падмацоўваць  іншыя культуры, паказвае ў тым ліку прыгажосць і моц нашай зямлі.

Таму няма падстаў перажываць, што мы нешта страцім, акрамя таго, што мы павінны заўважаць і цаніць тое, што ствараецца нашымі людзьмі на розных мовах, у розных абставінах — і ўключаць гэта ў агульнае поле здабыткаў, а не адсякаць, скажам, па лініі «беларускамоўны-не беларускамоўны», ці прымяняць іншыя рамкі, якія звужаюць і збядняюць нашу культуру.

«Мастацкай радай ёсць гледачы, мастацкай радай ёсць час, і яны зробяць выбар»

Некаторыя аналітыкі, што праўда, палітычныя, не культурніцкія, разважаюць: ці хопіць у беларускай дыяспары сіл і рэсурсу, каб захаваць беларускую матрыцу, культурны код нацыі, і потым у спрыяльны момант перанесці яго ў Беларусь? Калі акторы тут і цяпер вымушаныя працаваць у таксі, а музыкі на будоўлі, гэта не пустое пытанне. Сапраўды, ці хопіць — і што мы можам зрабіць, каб адказ быў станоўчым?

— Памятаеце, на пачатку размовы я разважаў пра розны настрой у розныя гады: 2020 — эйфарыя, 2021 — вера, 2022 — разгубленасць, 2023 — засваенне, дзе ты і з кім, 2024 — самавызначэнне, нейкая ўпэўненасць. А 2025-ы, мяркую, стане годам выпрабаванняў, годам выбараў. Я не пра прэзідэнцкія, канешне, а пра спалучэнне асабістых выбараў беларусаў.

Вельмі складана прыняць, што перамены адбудуцца не вельмі хутка. Але гэтае «не вельмі хутка» — дробязь у параўнанні з 19 гадамі змагання польскай «Салідарнасці» альбо з тым, як Польшча пасля падзелаў пражыла пад Расейскай імперыяй больш за 120 гадоў , калі такой краіны як «Рэч Паспалітая» проста не было на мапе. Але праз час мы бачым моцную, трывалую нацыю.

У гістарычным ракурсе 4-5 гадоў — нішто. Але з іншага боку, гаворка пра жывых людзей, іх пачуцці, эмоцыі, дзяцей, якія наўрад ці будуць хацець  вярнуцца ў Беларусь, калі ўжо ў 1 клас пайшлі недзе ў Еўропе.

Таму кожны мае знайсці матывацыю, сілы, каб заставацца беларусам і працаваць на пазнейшы вынік, які будзе бачны мо і не пры нашым жыцці. Шукаць паплечнікаў, аднадумцаў, натхняцца прыкладамі іншых, спакойна і ціха рабіць сваю працу, пісаць музыку, выдаваць кнігі, ствараць супольнасці. І набліжаць момант, умоўна, гэту вольную Беларусь для сябе самога.

Ад гэтага залежыць агульны эфект: калі выклік прыме значная частка людзей, гэта будзе хутчэй, калі не — пазней. Дакладна такая частка людзей будзе — а значыць, Беларусь будзе жыць.

Калі ўявіць, якой яна будзе і якой будзе ў ёй беларуская культура? Ці збярэцца ў новай Беларусі новая мастацкая рада і вызначыць: умоўна, Цэслер і Naviband — беларускае мастацтва, а Святлана Жыгамонт і сёстры Груздзевы — трэш, выкрэсліваем? Ці такія рады і іншыя структуры Мінкультуры, уключна з самім міністэрствам — перажытак саўка, які не мусіць існаваць, а жыццё само ўсё расставіць па месцах?

— Безумоўна, ідэалогія, выбар ракурсу мастацтва з пункту гледжання абслугоўвання ўлады — гэта перажытак мінулага. І спроба ўкруціць яго ў сучаснасць выглядае смешнай і абсурднай. Мастацкай радай ёсць гледачы, мастацкай радай ёсць час, і яны зробяць выбар: штучнае сыдзе ў нябыт, а сапраўднае будзе жыць.

Гэта не адмаўляе таго, што нас могуць папракнуць, і я чую такія папрокі, што мы адбудоўваем свае камісіі, фактычна, ствараем альтэрнатыўны Мінкульт. Але гэта ў адносінах да разгляду праектаў, калі запыт у 10 разоў перавышае магчымасці, і трэба рабіць выбар. І выбар не па лаяльнасці да Ціханоўскай, ці да Рады культуры, а па іншых крытэрыях, выпрацоўка якіх — для нас важная задача і выклік, бо асабістае стаўленне не павінна ўплываць на выбар, толькі тады схема будзе жыццяздольнай.

Мы вывучаем, як гэта адбываецца ў іншых краінах, як у прынцыпе функцыянуе культурніцкая палітыка, як адбываецца размеркаванне фінансаў у сферы. Ёсць ужо цэлае  даследаванне, як галіна працуе ў Эстоніі, Грузіі, Харватыі, Літве, Польшчы. І ў перспектыве гэтыя варыянты могуць быць выкарыстаныя пры стварэнні ўласнай мадэлі, адпаведнай беларускай сітуацыі.

Ці слушна я разумею, што аснова гэтай мадэлі — ствараць магчымасці, а не абмежаванні?

— Так. Аснова ў тым, каб празрыста, зразумела падтрымліваць развіццё класных ініцыятыў, даць без бюракратычных перашкод прастору для рэалізацыі таго, што сапраўды мае сэнс. І пры гэтым не важна, што чалавек сабе думае пра іншыя тэмы, да каго ён лаяльны.

Што да міністэрства культуры, гэта дыскусійнае пытанне, ці мусіць быць такая структура і чым яна павінна займацца, ці ў прынцыпе яна можа адказваць толькі за мыла ў прыбіральнях музеяў, альбо нешта яшчэ важнае рабіць. Ні ў якім разе мы не хочам стварыць альтэрнатыўны Мінкульт і не прэтэндуем на гэтую ролю — мы якраз за стварэнне як мага большага поля магчымасцяў для беларускай культуры, мноства «цэнтраў сілы» ў гарызантальным разуменні.

Гэта мае сэнс, калі ўсе пагаджаюцца, што мы не павінны перакуліць сітуацыю дагары нагамі і стварыць сваю ідэалагічную камісію, свае «чорныя спісы». Такая рызыка, безумоўна, ёсць — баюся, на пераходным этапе акурат гэта будзе адбывацца.

Але мне асабіста не блізкая гісторыя звядзення рахункаў з апанентамі — дзе гэта ляжыць у плоскасці парушэння закону, зразумела, хто павінен разбірацца, а твае асабістыя рахункі могуць перашкодзіць рабіць сапраўды важную справу.

Читайте еще