Культурны працэс

Паўліна Бярозавік

Будкін: «Сход на 5 чалавек для прагляду беларускага кіно падаецца зусім дробным — але з такіх драбніц і сплятаецца жывая Беларусь, пакуль што нябачная»

Культура па абодва бакі мяжы — жыве. Як? Распавядаем пра сучасны стан культуры, агульную прастору, страты, здабыткі і перспектывы.

Чатыры гады беларускія ўлады працягваюць беспрэцэдэнтныя па маштабах рэпрэсіі, з большым ці меншым поспехам зачышчаючы ўсе сферы. Аднак, нягледзячы на гэтыя захады, жыццё прабіваецца скрозь муштру і ідэалогію, казённыя формы і «чорныя спісы». У тым ліку культура, па абодва бакі мяжы — жыве. Як?

Акурат гэта мы абмяркоўваем у новым сумесным праекце «Салідарнасці» і Беларускай Рады культуры з творцамі, крытыкамі, экспертамі ў культурніцкай галіне.

І для пачатку спрабуем ацаніць актуальны стан беларускай культуры і яе перспектывы ў будучыні. Наш першы суразмоўца — Сяргей Будкін, арт-менеджар са шматгадовым досведам, кіраўнік Беларускай Рады культуры.

Фота з сацсетак

«Культурніцкае жыццё краіны адкінутае назад на дзесяцігоддзі»

Са жніўня-2020 мінула чатыры гады. Безумоўна, зачысціць культурную прастору «пад нуль» уладам не ўдалося, але многія культурніцкія ўстановы зачыненыя/ліквідаваныя, імпрэзы забароненыя/адмененыя, дзеячы культуры ў няволі ці вымушанай эміграцыі. Калі падсумаваць, з чым мы прыйшлі да сёння — што найбольш баліць, якія страты самыя значныя?

— Безумоўна, найперш гэта людзі, якіх мы ў літаральным сэнсе страцілі, якія былі забітыя і закатаваныя. У спіс ахвяраў увайшлі і людзі, звязаныя з культурай.

Гэта Раман Бандарэнка, па адукацыі мастак, які мог бы зрабіць яшчэ вельмі шмат карыснага, у тым ліку ў мастацкай адукацыі (ён займаўся, як мы памятаем, урокамі малявання з дзецьмі).

Гэта Алесь Пушкін, закатаваны ў турме — які таксама мог бы зрабіць яшчэ вельмі-вельмі шмат, яго творчае жыццё было на ўздыме, ён меў безліч ідэй.

Гэта Вітольд Ашурак — грамадкі актывіст, які таксама спрычыніўся да шэрагу культурніцкіх акцый, акцый па ўшанаванні памяці паўстанцаў на Гарадзеншчыне, у прынцыпе быў вельмі актыўным чалавекам, з такіх, як ён, і складаецца вольная Беларусь.

Шмат чаго маглі зрабіць і тыя людзі, якіх часова «абясточылі», — парадка 160 (але лічба змяняецца штодня) дзеячаў культуры, а таксама людзей, звязаных з культурай.

Такімі мы лічым і Віктара Бабарыку, бо ён мецэнат, натхняльнік тэатральных фестываляў, збору калекцыі мастакоў беларускага паходжання і выкупу яе для Беларусі; вядома ж, Марыю Калеснікаву, якая з’яўляецца вядомай музыканткай, юрыста і музыку Максіма Знака, філолага і выдаўца Аляксандра Фядуту, актывіста і публіцыста Змітра Дашкевіча, і многіх іншых.

Усе яны несправядліва асуджаныя і вымушаны знаходзяцца за кратамі.

Пад стратамі я маю на ўвазе і тысячы звольненых. Дакладна падлічыць немагчыма, можна толькі меркаваць пра маштабы звальнення пад ціскам, па палітычных матывах, якія па паперах аформленыя інакш; такіх гісторый значна больш за тысячу.

Як і пра «часова страчаных», прынамсі на тэрыторыі Беларусі, людзей культуры, якія вымушаныя былі з’ехаць, — напэўна можам казаць пра больш як дзясятак тысяч асобаў.

Трэба згадаць і пра інстутыцыйныя страты — паводле даследавання мінулага года, каля 220 культурніцкіх НДА розных формаў былі ліквідаваныя ў Беларусі. (Што да Беларускай Рада культуры, яна чатыры разы прызнавалася рознымі інстанцыямі датычнай да «экстрэмізму» — наўпрост, ці праз кантэнт у Тэлеграм і Інстаграм, ці праз людзей, якія па меркаванні ўладаў стварылі «экстрэмісцкае фармаванне» — С.).

У адносінах больш як да 200 культурных дзеячаў зафіксаваныя выпадкі парушэння іх правоў, рэпрэсій і г.д. Натуральна, што лічбы значна большыя, як і лічбы палітвязняў. Але нават калі зыходзіць з іх, відавочна: культурніцкае жыццё краіны адкінутае назад на дзесяцігоддзі — і наступствы гэтага мы адчуем яшчэ пазней.

З іншага боку, мы бачылі маштабнае грамадзянскае супрацьстаянне гвалту, у тым ліку арт-пратэст, які не толькі выйшаў на вуліцы, але пацягнуў з сабой новыя ініцыятывы і праекты. Таму падаецца важным акрэсліць не толькі страты, але і набыткі: рэжыму не ўдалося знішчыць кнігавыданне, незалежны тэатр — працягніце, калі ласка, гэты пералік.

— У прынцыпе, нічога не ўдалося знішчыць — культуру як такую і культурную сферу ў прыватнасці немагчыма знішчыць, як і ўзяць пад кантроль.

Я ўзгадваю восень 2020-га, калі мы збіралі подпісы пад лістом супраць гвалту ад дзеячаў культуры — на піку, калі не памыляюся, ён меў больш за 1700 подпісаў. У тым ліку ад людзей вельмі вядомых і нават тых, хто асацыяваўся з рэжымам на той час.

Гэта быў усплёск эмоцый.

2020 год наогул можна лічыць часам уздыму, эйфарыі, можа быць, не да канца абгрунтаванай. У 2021 годзе, калі эйфарыя спала — была яшчэ вера ў хуткія змены, і на гэтым шмат чаго рабілася, унутры Беларусі таксама. 2022-гі ўжо быў годам разгубленасці — у сувязі з вайной, з татальнай «зачысткай» грамадзянскага сектару.

2023 год — час усталявання, прыняцця для беларусаў новых умоваў, як у краіне, так і за мяжой. А 2024 і, асабліва, 2025 год — гэта час выбару, бо хуткіх вынікаў не адбылося і кожны самавызначаецца, перагортвае ён старонку, адыходзіць ад справаў ці працягвае барацьбу.

Шмат хто — кажу пра культурніцкі сектар, але гэта справядліва і для іншых — легалізаваўся, зразумеў сваё месцазнаходжанне і зарэгістраваўся ў іншых краінах ці вызначыўся з метадамі і фарматам дзейнасці ўнутры Беларусі. Мы, дарэчы, спрабавалі ацаніць колькасць незалежных інстытуцый і ініцыятыў, не важна, у краіне яны ці за мяжой, але звязаных з беларускай культурай — налічылі каля 200.

Калі казаць, колькі такіх ініцыятыў і арганізацый працуюць непасрэдна ў Беларусі, — недзе 15%. Як правіла, іх дзейнасць носіць падпольны характар.

І гэта зразумела, бо легальна працаваць усё цяжэй. Чыноўнікі ад культуры прыдумалі «рэестры» арганізатараў, выканаўцаў, намеснікаў па ідэалогіі ва ўсіх установах, прынялі новыя нормы ў заканадаўстве, перапісалі Кодэкс аб культуры. Што з рэпрэсіўных захадаў уяўляецца найбольш небяспечным?

— Забарона думаць. Таму што лёгка ніколі не было, заўжды быў пэўны ціск, ва ўсе часы беларуская мова і культура наогул не тое каб былі ў прыярытэце, за выключэннем вельмі кароткіх эпізодаў.

Але гэта, як ні дзіва, запускае гісторыю па патрэбнай сцяжыне. Калі «адкаціць», напрыклад, да 1863 года — тады, нягледзячы на паразу, разгром паўстання, гісторыя пайшла новым шляхам. 

Такія падзеі — лёсавызначальныя. Не мне ставіць знак роўнасці паміж 1863-м і 2020-м — гэта маюць зрабіць хіба нашы наступнікі, — але мы ўжо цяпер бачым, што балючы досвед прывёў да стварэння новых інстытуцый, што Беларусь стала больш бачнай у еўрапейскім культурным кантэксце, што людзі з культуры атрымліваюць новыя кампетэнцыі, сувязі, веды, што яны вывучаюць мовы — і дзякуючы праграмам мабільнасці, анлайн-актыўнасцям могуць усё ж такі рухацца наперад і рабіць тое, чым яны займаюцца, больш якасна.

Гэтыя неверагодныя вынікі ніколі не былі дзякуючы чамусьці, а насуперак. Яны выяўляюцца ў двух Нобелеўскіх лаўрэатах ад Беларусі за апошнія 10 год, у нядаўніх двух кавалерах ордэна Брытанскай імперыі, у намінацыі на Грэмі, запрашэннях беларускіх музыкаў на фестывалі сусветнага ўзроўню.

На жаль, сёння ўнутры краіны незразумела, па якіх правілах гуляць, якое дзеянне прывядзе да якога выніку.

Мяне ўражваюць сярод усёй гэтай жудасці нейкія нюансы — у хроніках рэпрэсій прачытаў пра прысуд, здаецца, у Полацку/Наваполацку, жанчыне з малым дзіцём. Сам прысуд па цяперашнім часе быў невялікі, ці то штраф, ці то «суткі». Важна, што адбыўся ён за рэпост пра смерць Міхала Анемпадыстава, а гэта 2018 год — з медыя, якое было прызнана «экстрэмісцкім» пасля 2020-га. Таму цяпер незразумела, куды рухацца і як, нават маючы жаданне «ўзгадніцца» з органамі ўлады, як суіснаваць з гэтымі ідэалагічнымі камісіямі.

Сяргей Будкін прыводзіць яшчэ адзін красамоўны прыклад, як у рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў было 700 з нечым пазіцый, а потым у адзін «цудоўны» момант засталося блізу 40 (цяпер на сайце Мінкульта іх 58 — С.). Дзе ўсе дзеліся, рэзка перасталі быць прафесійнымі — ці лаяльнымі?

«Шмат хто хацеў і хоча застацца ў сваім «доміку», але ў крытычнай сітуацыі схавацца не атрымаецца»

Часам згадваем з калегамі культурніцкія падзеі пяці- і больш гадовай даўніны, і гэта гучыць як «помніш, там, у іншым жыцці». Тады было магчымае не толькі суіснаванне, а і супрацоўніцтва дзяржаўнага і недзяржаўнага. Па вашым досведзе, ці можна да 2020-га было існаваць па-за сістэмай, і ці магчыма падобнае сёння?

— Асабіста мой 20-гадовы досвед удзелу ў гэтым полі як прамоўтара, прадзюсара, арганізатара канцэртаў, журналіста — такі, што сутыкненне было мінімальным. То бок, можна было існаваць самім па сабе, за рэдкім выключэннем.

Былі моманты, калі ты павінен быў падаць нейкія паперы ў дзяржорганы, разам з тым можна было спакойна трапіць на прыём да міністра культуры, ці да Паўла Якубовіча (на тот момант галоўны рэдактар «СБ. Беларусь сегодня» — С.) схадзіць, і на нейкія працэсы паўплываць.

У 2009-м я быў сярод арганізатараў рок-фестывалю Bela Music на аэрадроме Баравая, і як гэта ні дзіўна, ён праходзіў пад пратэктаратам Мінкульта Беларусі. Ні капейкі грошай, канешне, ад дзяржавы не было — але была такая маўклівая згода.

Хоць, вядома, былі і спробы перыядычна ўзяць пад кантроль: калі я вёў партал Tuzin FM, неяк атрымалі перасцярогу, што могуць вынесці папярэджанне ад Мінінфармацыі — маўляў, «вы кудысьці не туды ідзяце». Часам даходзіла да абсурду, калі патрабавалі не толькі пералік выканаўцаў, але і тэксты песень. І дробныя чыноўнікі прыходзілі «звяраць» са спісам, ці гэтыя тэксты спяваюцца са сцэны.

Аднак гэта таксама было «ў тым жыцці». Зараз, наколькі я ведаю, градус абсурду яшчэ большы, і трэба прадастаўляць па кожным музыку спасылку на яго сацсеткі.

Бывае, што дазваляюць на сцэну выйсці не ўсім: гітарысту і басісту можна, а бубначу не, бо ў ягоных сацсетках знойдзены рэпост чагосьці няправільнага. Альбо пяць ці сем колаў цэнзуры на мастацкіх выставах: самацэнзура, цэнзура пляцоўкі-арганізатара, цэнзура ідэолага-узгадняльніка, і яшчэ постцэнзура, з-за якой могуць зняць працу за дзень да вернісажу ці нават падчас працы выставы.

То атрымліваецца, сёння немагчыма існаваць па-за пільным вокам «вялікага брата»?

— Раней было зразумела, што калі нельга — то нельга нідзе, а калі можна — то на ўвесь аэрадром Баравая. А цяпер незразумела: калі можна, то ці можна будзе заўтра? Нават на псіхалагічным узроўні дыхаць і выжываць у гэтым тэрарыуме яшчэ больш складана.

Адбыўся ўжо канкрэтны падзел: альбо ты ў эфіры Белсату, альбо ў Саўбеліі, скажы, хто ты і з кім ты? У дадзенай сітуацыі гэта лагічнае патрабаванне, як і ва ўкраінцаў да сваіх «зорак»: адкажыце выразна, асуджаеце вы напад Расеі ці не.

Бо шмат хто хацеў і хоча застацца ў сваім «доміку», але ў крытычнай сітуацыі, калі гаворка пра выжыванне нацыі, незалежнасць краіны — кожны павінен абазначыць свой выбар, і схавацца не атрымаецца.

«Выціскаць з сябе па кроплі «рускі свет»

З-за публічнага і непублічнага пераследу з дзяржаўных устаноў культуры вымываюцца прафесіяналы, якія потым фактычна не маюць шансу застацца ў прафесіі. Сфера дэградуе? Што з гэтым рабіць?

— Вядома, дэградуе. Калі ставіць на пасады ў розных культурніцкіх установах, ад міністэрства да архіваў, людзей, якія абсалютна дачынення да культуры не мелі, а прыйшлі з ваеннай сферы, са спецслужбаў — логіка кантролю зразумелая. Але як можа нешта развівацца ў такіх умовах?

І ўсё ж гэтая сітуацыя спараджае новыя формы ўзаемадзеяння — цуд самаарганізацыі, стварэння ўласных ініцыятыў, аб’яднання ў вузкія супольнасці, асацыяцыі, ад чацікаў да зарэгістраваных арганізацый. І гэтая задача выконваецца ўжо на ўзроўні грамадзянскай супольнасці, а не дзяржавы.

Вось канкрэтныя прыклады: стварэнне Інстытута беларускай кнігі, які клапоціцца пра прома-распаўсюд беларускіх кніг; Беларускай Незалежнай Кінаакадэміі, якая ставіць сабе на мэце папулярызацыю незалежнага кіно, прасоўванне яго ў Еўропе і ў свеце; стварэнне Беларускага інстытута тэатру.

Зараз, ведаю, ідуць размовы пра стварэнне незалежнага прадзюсарскага цэнтру, які апекаваўся б распаўсюдам і прасоўваннем музыкі. У прынцыпе, так ці інакш мы бачым гэта ў кожнай сферы, і гэта адна з добрых прыкмет бягучага часу.

Яшчэ адзін выклік для беларускай культуры — экспансія «рускага міру». У леташнім аглядзе Беларускага ПЭНа, у гутарках з літаратарамі, тэатральнымі крытыкамі адзначаецца, што гэты ціск узмацніўся…

— Ён заўжды быў, і гэта ніяк не памянялася з прыходам незалежнасці. Большасць нават думаючых беларусаў падсілкоўвалася рускай культурай, усё ішло з боку Расеі, і мы амаль не ведалі, што адбываецца ў іншых суседзяў (хіба трошкі пра Украіну). Гэта як вітацца з адным суседам па лесвічнай пляцоўцы, а астатніх не заўважаць.

Самае сумнае, што нават пасля пачатку вайны многія думаючыя беларусы працягваюць жывіцца з тамтэйшых ліберальных медыяў, ад тых жа расейскіх лідараў меркаванняў.

Я лічу гэтую залежнасць ад расейскага інфаполя велізарнай і цяжка вырашальнай праблемай. Прытым з боку Расеі, нават людзей, якія ліберальна мысляць, Беларусь трактуецца як «свая тэрыторыя», цалкам зразумелая. У такой сітуацыі не можа быць стасункаў «на роўных».

Такое стаўленне з двух бакоў узмацняе, як вы кажаце, «рускамірнасць», чым безумоўна карыстаецца Расея. Колькасць «рускіх дамоў», якія працуюць пад рознымі шыльдамі, у Беларусі , напэўна, самая вялікая ў параўнанні з іншымі краінамі постсавецкай прасторы. Дзейнічае  «крымская метадычка» — фактычна, Беларусь скуплена і заваёвана, цяпер гэта замацоўваецца на практыцы.

Мне падаецца, з гэтым трэба неяк жыць і мэтанакіравана выціскаць з сябе па кроплі «рускі свет», які ва ўсіх нас ёсць — каб не адбылося ментальнага захопу, каб застацца беларусамі.

Працяг гутаркі з суразмоўцам «Салідарнасці» чытайце на нашых старонках неўзабаве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)