История

Андрэй Кныш

«Будаўнік адраджэння велічы Літвы». 5 фактаў пра Яўхіма Храптовіча

4 студзеня спаўняецца 295 год з нараджэння апошняга канцлера ВКЛ Яўхіма Храптовіча. «Салiдарнасць» прыгадвае знакавыя старонкі з ягонай біяграфіі.

Яўхім Храптовіч. Мастак: Павел Татарнікаў

Адукацыя: ад родных Шчорсаў да Вільні

Яўхім Храптовіч паходзіў з шляхецкага роду. Ён нарадзіўся ў сям’і Марцыяна Храптовіча і Рэгіны Вайнянкі ў маёнтку Ясянец Навагрудскага павета (цяпер гэта Баранавіцкі раён).

Пачатковую адукацыю маленькі Храптовіч атрымаў у Шчорсах, што пад Навагрудкам, дзе ягоны бацька меў спадчынны маёнтак.

Вучобай хлопчыка апекаваўся ксёндз Адам Хмялёўскі.

Потым былі гады вучобы на радзіме і за мяжой: Віленская акадэмія, Заходняя Прусія, Нясвіж, ізноў Вільня.

Сядзіба Храптовічаў у Шчорсах(1798). Малюнак: Напалеон Орда

Ужо маючы за плячыма высокія дзяржаўныя пасады, Яўхім Храптовіч колькі гадоў вандраваў па Еўропе, дзе набіраўся досведу, які потым з поспехам прымяніў на радзіме.

Ён дбаў не толькі пра ўласную адукцыю. У маёнтках Храптовіча адчыняліся школы для сялян.

Стаяў каля вытокаў першага ў свеце міністэрства адукцыі

У кастрычніку 1773-га сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў праект стварэння Адукацыйнай камісіі. Як мяркуюць даследчыкі, паводле сваіх функцый камісія была першым у свеце міністэрствам адукацыі.

Храптовіч атрымаў пасаду камісара дэпартамента Віленскай акадэміі і школ ВКЛ. Установа праіснавала два дзесяцігоддзі, а яе кіраўнік за гэты час не толькі здолеў істотна павялічыць колькасць школаў, але і надаць навучанню свецкі характар.

Колішняя бібліятэка Храптовічаў у Шчорсах

Храптовіч уласным прыкладам даводзіў выключную важнасць адукацыі. У родавым маёнтку Шчорсы ён заклаў вялікую бібіліятэку, якую папаўняў кнігамі з усёй Еўропы.

На хвілінку — бібліятэкарамі ў Шчорсах у свой час працавалі паэты Ян Чачот і Уладзіслаў Сыракомля. Тут бываў Адам Міцкевіч. Легенды кажуць, што пад шчарсоўскімі дубамі ён складаў сваю «Гражыну».

Да слова, напрыканцы жыцця Храптовіч захапіўся літаратурай, пісаў вершы, у тым ліку і па-беларуску.

Заснаваў адну з лепшых гаспадарак у ВКЛ

Атрыманыя ў Англіі, Германіі, Францыі і Галандыі веды Яўхім Храптовіч прымяніў у родавых маёнтках.

Ягонымі намаганнямі сядзіба ў Шчорсах ператварылася ў галоўны адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр усіх храптовічаўскіх маёнткаў.

Фальварак у Шчорсах(1798). Малюнак: Напалеон Орда

У 1770-1776 гадах паводле праекту архітэктараў Джузэпэ Сака, Карла Спампані і Якуба Габрыэля тут быў узведзены палацава-паркавы ансамбль.

Трэба адзначыць, што граф Храптовіч быў буйным землеўласнікам. У свой час адзін толькі маёнтак Шчорсы ахопліваў больш за паўтысячы сялянскіх гаспадарак у 25 вёсках.

Храптовіч замяніў паншчыну чыншам — сяляне, што працавалі ў ягоных фальварках, сталі прыгоннымі арандатарамі.

Ён завозіў з Еўропы для сваіх фальваркаў і гаспадарак прыгонных найлепшае насенне сельскагаспадарчых культураў, пародзістую жывёлу.

Захопленасць сельскай гаспадаркай была невыпадковай. Яўхім Храптовіч быў прыхільнікам ідэяў фізіякратыі — французскай эконамічнай школы XVIII ст. Фізіякраты ставілі сельскую гаспадарку на першае месца, бо лічылі, што багацце народаў было атрымана выключна за кошт развіцця працы на зямлі.

Уладальнік ордэна Белага Арла, апошні канцлер ВКЛ

За сваё жыццё Яўхім Храптовіч займаў нямала высокіх пасадаў. Дзяржаўную кар’еру пачаў у 23 гады, калі быў прызначаны маршалкам соймікаў Навагрудскага павета.

Храптовіч лічыцца адным з адданых прыхільнікаў караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста. З моманту ягонай каранацыі быў прызначаны на ўведзеную пасаду вялікага сакратара ВКЛ. А ўжо менш чым праз паўгода адным з першых атрымаў новую узнагароду Рэчы Паспалітай — ордэн Святога Станіслава.

Гэта не адзіны ордэн, якім быў узнагароджаны Яўхім Храптовіч. На пасадзе канцлера ВКЛ ён прабыў толькі год, больш не дазволілі ўзрост і здароўе. Але кароль не забыў пра заслугі свайго вернага прыхільніка і ў верасні 1793-га Храптовіча ўзнагародзілі ордэнам Белага Арла, найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Рэчы Паспалітай, заснаванай у 1705-м годзе каралём Аўгустам ІІ.

Адзін з самых інтэлігентных дзеячаў эпохі

І напрыканцы працытуем Сакрата Яновіча, беларускага пісьменніка з польскага Падляшша. Ягоныя словы не толькі характарызуюць нашага героя, але і выдатна апісваюць эпоху, у якую Храптовічу давялося жыць і дзейнічаць:

— Адзін з самых інтэлігентных дзеячаў эпохі, застаўся Храптовіч у нацыянальнай памяці як будаўнік адраджэння велічы Літвы, яе мысліцель і дзяржаўны дзеяч, пра якога з сімпатыяй выказваўся сам Вальтэр.

Вялікае Княства рушылася да ўздыму — паўставалі мануфактуры і эканоміі, капалі каналы між Прыпяццю і Нёманам, каб ажывіць міжнародны гандаль на Чорнае мора і Балтыку. Усё рухалася да лепшага: перабудоўваліся гарады, праводзіліся навуковыя і тэхнічныя доследы, вырастаў на славу Віленскі Унівэрсітэт.

Што засталося ад фальварка ў Шчорсах у нашы дні

Мала каму тады прыходзіла ў галаву, што зноў набліжаецца небясьпека, упадак Рэчы Паспалітай і ваенныя кампаніі, ад якіх не бывае дабра. ХІХ стагодзьдзе пачалося для Беларусі чарговымі спусташэннямі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(39)