У параўнанні з Узбекістанам, дзе былі мае знаёмыя, з іншымі краінамі Цэнтральнай Азіі, у Казахстане сям’я — гэта вельмі важна, яна па-ранейшаму адыгрывае істотную ролю ў жыцці кожнага чалавека, але разам з тым тут вельмі шмат жанчын не сядзяць дома, а працуюць. Прычым працуюць як менеджары, на кіраўнічых пасадах.
«Большасць людзей у Казахстане ведае пра Беларусь роўна тое, што замежнікі казалі заўсёды: як чыста прыбрана і добрая малочка»
Былы мінчанін, які вымушана з’ехаў у Алматы, распавёў «Салідарнасці» пра адметнасці менталітэту і (не)падабенства паміж казахамі і беларусамі. А таксама як тут адчуваецца «рускі свет», блізкасць да Кітаю і чаму не мае эмігранцкай тугі.
«Не адчуваю гэты горад чужым»
— Я, у цэлым, добра ўладкаваўся: у мяне ёсць праца, недалёка ад яе здымаю кватэру, знайшоў сабе для душы хобі — інтэлектуальныя гульні, — пералічвае Зміцер (праз шэраг абставінаў мы не можам назваць сапраўднае імя суразмоўцы).
Хоць на пачатку 2023 года, пасля «гутаркі» ў КДБ і разумення: стаць са сведкі абвінавачаным — пытанне невялікага часу, — падобнага аптымізму наш суразмоўца не меў.
Параіўшыся з жонкай, за пару тыдняў ён звольніўся з працы, завяршыў самыя неадкладныя справы, узяў літаральна адзін чамадан — і паколькі шэнгенскай візы не меў, прастора для манёўру была невялікая: з’ехаў у Маскву, а адтуль у Казахстан.
Незвычайны накірунак тлумачыцца насамрэч проста: калісьці даўно сям’я Зміцера некалькі год жыла тут, засталіся пэўныя сяброўскія сувязі і цёплыя ўспаміны. Гэта дапамагло пратрымацца першыя некалькі месяцаў, калі адольваў сумнеў, ці слушна ўсё зрабіў — а потым на беларускі нумар яму патэлефанавалі беларускія следчыя, выклікалі на новую «гутарку», і стала відавочна, што дарогі назад няма.
— Хутка будзе ўжо два гады пасля ад’езду — ці можна сказаць, што вы з жонкай адаптаваліся на новым месцы, ці пэўныя цяжкасці ўсё адно адчуваеце?
— Шчыра кажучы, я наогул не адчуваю гэты горад чужым. Захаваліся яркія і добрыя ўспаміны з дзяцінства. Дый моўнае пытанне не так востра стаіць, як магло б, хоць у працы гэта адчуваю: паколькі працую з моладдзю, ёсць нямала выключна казахскамоўных маладых людзей.
Таксама ёсць кандάсы — этнічныя казахі альбо чальцы сям’і этнічных казахаў, якія раней не мелі грамадзянства, прыкладам, жылі ў Кітаі. Прыязджаючы, яны размаўляюць па-кітайску і па-казахску, але не па-ангельску ці па-руску. З гэтым цяжкавата, балазе, дапамагаюць наладжваць камунікацыю старэйшыя калегі — яны і казахска-, і рускамоўныя.
— Няма патрабавання абавязкова вывучыць мову?
— Як патрабавання — няма, але сам хачу, бо ёсць аб’ектыўная неабходнасць. Каб мець хоць нейкія шансы зрабіць кар’еру, каб свабодна камунікаваць, весці дзелавую перапіску (усё ліставанне з афіцыйнымі ўстановамі, зразумела, ідзе па-казахску). Карацей, трэба.
«У канцы 2022-пачатку 2023 года — цэны на кватэры падскочылі амаль удвая»
З грашыма, расказвае Зміцер, ён пэўны час блытаўся: пастаянна пераводзіў мясцовыя цэны з тэнге ў даляры, каб зразумець, ці дорага гэта па беларускіх мерках.
— Зараз даляр каштуе 530 тэнге, адпаведна, кошты на кватэру, сярэднія заробкі, калі браць у нацыянальнай валюце — гэта дзясяткі і сотні тысяч тэнге, і зноўку перайсці на гэты парадак пасля беларускага рубля было крыху нязвыкла. Але агулам, як на мяне, Казахстан — вельмі ўтульнае месца для жыцця.
— Так ужо і ўтульнае? Прыканцы 2022 года многія расейцы ірванулі ад мабілізацыі ў Казахстан ці праз яго, — натуральна, што выраслі цэны на арэнду, таксі, мабыць, і на рынку працы стварылася пэўнае напружанне. Як цяпер са стаўленнем да рускамоўных?
— Тут многія этнічныя казахі старэйшага пакалення і нават мае аднагодкі, каму 35-40 гадоў, амаль што не размаўляюць па-казахску. Таму стаўленне да экспатаў даволі роўнае. Хоць можна адкрыць Твітар і прачытаць скаргі ад тых, хто прыехаў пару год таму: маўляў, не так утульна, як у Маскве, бюракратыя ва ўстановах, якія вырашаюць розныя адміністрацыйныя пытанні, цягнецца доўга…
Але ж тут ёсць Starbucks (У Астане, Алматы і Шымкенце — С.), так што недахвату ў гарбузовым латэ гэтыя людзі не маюць.
Скардзяцца таксама і на кошты арэнды, пішуць, што за такія грошы ў Маскве можна было б разагнацца. Пошук кватэры ці нават пакою сапраўды быў цяжкай справай у канцы 2022-пачатку 2023 года — цэны падскочылі амаль удвая, аднак у час, калі я прыехаў, сітуацыя ўжо крыху палепшылася, і цэны адкаціліся адсоткаў на 50 назад.
— Сёння цэны на арэнду высокія?
— Яны вельмі адрозніваюцца, у залежнасці ад раёну, колькасці пакояў і гэтак далей: гэта можа быць і 40 тысяч тэнге, маленечкі стары «бабушатнік», і 800 тысяч. У Алматы, да прыкладу, здымаюць кватэры шмат студэнтаў — і ўвосень выбару амаль няма, а вось калі яны з’язджаюць на вакацыі, выбар большы. Наогул, большая частка рынку нерухомасці прыпадае на Алматы і Астану, але гэтай колькасці не хапае, нават без уліку экспатаў.
Мы змянілі ўжо некалькі кватэр, зараз здымаем двухпакаёўку не ў цэнтры (затое побач з працай: ад дзвярэй да дзвярэй усяго 7 хвілін, а калі выбірацца ў цэнтр горада, то 45 хвілін на аўтобусе) — яна абыходзіцца ў 320 тысяч тэнге, па бягучым курсе каля 600$. Прытым нават цяпер, узімку, камуналка за мінулы месяц склала ўсяго 20 тысяч тэнге, альбо 40$, — вельмі танна.
— Алматы — мегаполіс, афіцыйна ў горадзе больш як 2 мільёны насельніцтва, а па плошчы ён амаль удвая большы за Мінск. Наколькі зручная ў ім інфраструктура?
— Тут вельмі таннае таксі, у параўнанні з Мінскам — што Яндэкс, што Uber — і вельмі нязручны грамадскі транспарт, хоць ён таксама танны.
Алмацінскія аўтобусы, хоць для іх на некаторых вуліцах і вылучаныя асобныя палосы, варта абіраць толькі калі дрэннае надвор’е. Бо калі пачынаюцца дажджы ці снег, горад стаіць у заторах. Неяк мы з жонкай дабіраліся на інтэлектуальную гульню больш за гадзіну з-за вялікага снегападу.
У Алматы ёсць метро, якое працуе ў аўтаматычным рэжыме, таксама плануюць будаваць LRT — Light Rail Transit, лёгкарэйкавы транспарт, гэта нешта сярэдняе паміж нямецкім S-Bahn і трамваем. Але ўсё ж грамадскі транспарт — такая сабе рэч, адна з тых нямногіх рыс Алматы, якая мне не падабаецца.
Кіроўцы водзяць так, як маршрутчыкі ў Мінску ў 2000-х. Я вельмі здзівіўся, калі ехаў аднойчы на працу: кіроўца проста спыніўся на скрыжаванні і пайшоў у краму па энергетык і цыгарэты.
«Рэчы выглядаюць як Gucci, аднак вельмі-вельмі танныя, таму што Кітай побач»
— Наколькі нязвыклы асартымент у крамах, і што па выбару і цэнах, зноў жа, у параўнанні з Мінскам?
— Мяне трыгерыць, таму што тут вельмі папулярныя беларускія прадукты. Ідзеш па вуліцы — то там, то тут надпіс «Беларускія прадукты» (хоць, шчыра кажучы, не ўсё ў гэтых крамах беларускае). Ёсць вельмі канкурэнтаздольныя брэнды па кошце і якасці, і агулам — тут ёсць усё.
У Алматы ёсць найбуйнейшы ў Цэнтральнай Азіі модны мол: з брэндамі накшталт Louis Vuitton, Prada, — і калі ёсць грошы, можна набыць літаральна ўсё. Масмаркет каштуе амаль столькі, колькі і ў Беларусі, ёсць таннейшыя брэнды, але асабіста мне не заўжды лёгка падабраць вопратку і асабліва абутак, які пасуе па памеры.
Дарэчы, таксама тут ёсць і тое, што ў нас было на рынку «Дынама» — аптоўка. І на ёй таксама прадстаўленыя Fendy, Prada, Kenzo — прычым не «Абібас», адзін у адзін, але нашмат танней, таму што вырабленыя ў Кітаі.
Першы час мяне здзіўлялі апашкі (жанчыны сталага ўзросту — С.), якія красуюць у Gucci — і на першы, і на другі позірк гэтыя рэчы выглядаюць як Gucci, аднак вельмі-вельмі танныя, таму што Кітай побач, і з яго шмат усяго вязуць.
— А наконт прадуктаў — ці адчуваеце мемную настальгію па беларускай малочцы?
— Па-першае, яна тут ёсць, — смяецца Зміцер. — І сыры, і каўбасы, — бачу той жа «Брэст-Літоўскі» і Bonfesto, і цукеркі беларускія. Так што па прадуктах не сумуем.
Да таго ж тут вельмі танная садавіна-гародніна, фрукты на смак непараўнальныя з тым, што прывозяць у Беларусь, а ў сезон іх кошт літаральна капеечны.
— Калі параўноўваць медыцыну ў Казахстане і ў Беларусі, дзе больш плюсаў?
— Дзяржаўная медыцына (а я працую ў дзяржарганізацыі, дзе трэба было афармляць санкніжку па ўсіх правілах) — у прынцыпе, таксама лечыць. Але на яе часцей скардзяцца, і большасць тых, каго я ведаю, як прыезджыя, так і грамадзяне Казахстана, карыстаюцца прыватнай.
Платныя медцэнтры ёсць любыя, з рознай спецыялізацыяй — ад пластычнай хірургіі да падалогіі, і некаторыя працуюць 24/7. Прычым гэта могуць быць не буйныя цэнтры, як у Мінску, а 2-3 ўрачы вузкай спецыялізацыі, канкурэнцыя паміж імі высокая, і пацыенты могуць выбраць лепшае і што ім больш пасуе па грашах, часе і г.д.
У снежні я захварэў даволі моцна, замовіў выклік урача на дом, і платны медцэнтр выпісаў мне афіцыйны ліст непрацаздольнасці. Таму вельмі рады, што акрамя дзяржстрахоўкі, з гэтага года мой працадаўца робіць і прыватную.
Таксама, дадае Зміцер, у Казахстане вельмі развітая сфера гінекалогіі, усё, што датычыць нараджэння дзяцей і здароўя немаўляці — бо сем’і, як правіла, вялікія, 3-4 дзіця — звычайная рэч.
Пытаемся, ці заўважны ў грамадстве культ сям’і, ці гэта рэч натуральная, якая не насаджаецца і не кантралюецца дзяржавай, у адрозненне ад Беларусі?
На бытавым узроўні, як мне падалося, збольшага стаўленне, як і ў Беларусі: а ці ты ажаніўся? А калі ж дзеці? А другое дзіця, а трэцяе? Тут моцныя традыцыі сустракацца сем’ямі — на Наўрыз увесну, на той (сямейнае свята, калі адбываецца нешта добрае), на ас (гэта, наадварот, памінальная традыцыя), усе блізкія і нават далёкія родзічы прыязджаюць, каб адзначыць важныя для сям’і падзеі ўсім разам.
«Калі нешта не падабаецца, цярпець тут не будуць ніколі»
— Цяпер у Казахстане шмат беларусаў? Ці ведаюць месцічы пра нашы падзеі, альбо гэта нешта вельмі далёкае?
— Ёсць маладыя беларусы, якія, як і мы, з’ехалі пасля 2020 года, нехта пасля 2022-га — але ў параўнанні з расейцамі, канешне, гэта мінімальная колькасць.
Што да ведання беларускай сітуацыі — калі я гутарыў з таксістамі, ці з калегамі, складвалася ўражанне, што недзе нешта чулі, але няпэўна, на ўзроўні «а, у вас там бацька». Тут, на жаль, таксама шмат хто глядзіць расейскае тэлебачанне.
Акрамя таго, у 2020 годзе нешта да іх даходзіла ў навінах — а потым тут адбыўся «Qantar», пратэсты ў студзені-2022, і ў параўнанні з Беларуссю гэта была амаль што грамадзянская вайна.
Сёння ж большасць людзей у Казахстане ведае пра Беларусь роўна тое, што замежнікі казалі заўсёды: як чыста прыбрана, добрая беларуская малочка і Лукашэнка.
А вось уплыў «рускага свету» ў Алматы, былой сталіцы, вельмі адчувальны, гэта заўжды быў горад з вялікай колькасцю рускамоўнага насельніцтва, нават з ліку этнічных казахаў. Яшчэ больш адчуваецца гэты ўплыў на поўначы краіны, дзе жыве значны адсотак насельнцітва з двайным грамадзянствам (нават нелегальна, бо Казахстан яго забараняе).
Але ж у апошнія гады ўсё больш выкарыстоўваюць казахскую мову, пішуць і гавораць на ёй. Хоць пакуль што нестае казахскіх падручнікаў, напрыклад, для старэйшых курсаў ВНУ, не хапае выкладчыкаў адпаведнага ўзроўню, і гэтая праблема пакуль не вырашана.
Аднак галоўнае, што ёсць запыт у грамадстве: я бачу, што шмат для каго з моладзі прынцыпова, размаўляць на казахскай — і ў сям’і, і з навакольнымі, паўсюль.
— Дарэчы, чула, што ў такім стаўленні да мовы беларусы і казахі падобныя, як і ў гасціннасці і ветлівасці, нават калі штосьці не вельмі падабаецца…
— О не, з гэтым не пагаджуся! — смяецца Зміцер. — Калі казаху нешта не падабаецца, незалежна ад узросту чалавека, гэта будзе «хавай», і выказванне сваёй думкі. Казах ніколі не будзе, як беларус, сядзець на гэтым цвіку і спрабаваць уладкавацца — ён пачне, па-першае, вельмі гучна выказваць сваё меркаванне, а па-другое, паспрабуе праціснуць зручнае для сябе рашэнне: «можа, мы дамовімся?».
Так што казахі — адкрытыя, ветлівыя, дыстанцыя ў іх не як у беларусаў: калі ты госць — ты дарагі госць. А вось калі нешта не падабаецца, цярпець тут не будуць ніколі.
Яшчэ адно істотнае адрозненне — калі гаворка не пра авіярэйс ці сеанс у кіно, тут нічога не пачынаецца ў час. Прыехаў на мерапрыемства, па беларускай звычцы, за 15 хвілін да пачатку — дакладна будзеш чакаць яшчэ паўгадзіны. У іх такая традыцыя: час ёсць, не турбуйся.
«Адзінае, па чым я сумую — людзі, а не Нацыянальная бібліятэка ці плошча Якуба Коласа»
— Праз амаль два гады жыцця не ў Беларусі чаго больш за ўсё не стае, па чым бярэ сум, акрамя родных і блізкіх?
— Толькі па сям’і. Бо блізкія сям’і практычна ўсе таксама з’ехалі.
Я разважаў на гэты конт, і калегі не так даўно пыталіся, ці хацеў бы вярнуцца, калі нешта зменіцца? Адказаў, што, па-першае, не веру ў гэта. А нават калі зменіцца — я не сумую па Мінску. Нават надвор’е тут лепшае. Так, рэзка кантынентальны клімат, ціск скача — але ў цэлым не магу сказаць, што ў Алматы мне не хапае чагосьці, што ёсць у Мінску.
Тут ёсць нават частка горада, Залаты квадрат, які архітэктурна нагадвае сталінскі ампір — не вельмі вялікі, таму што тут сейсмічна небяспечная зона, але ж нагадвае тыя самыя «сталінкі», што на мінскіх вуліцах.
А можна паехаць на Esentai Mall і ўбачыць шкло і фэшн-брэнды, як у Вільні ці іншых еўрапейскіх гарадах. Альбо паехаць у Астану, дзе амаль што маскоўскія памеры — шыкоўная, дарагая архітэктура, вялікі размах, але пры тым цяжкае надвор’е і клімат.
Таму адзінае, па чым я сумую — людзі, а не Нацыянальная бібліятэка ці «Панiкоўка», хоць у гэтых месцах я правёў значную частку жыцця. Але разам з тым быў прыемна ўражаны, калі ў новым серыяле «Агенцтва» з Фасбэндэрам убачыў футаж Мінска, і нават свой дом.
Ці сніцца Мінск? Таксама не. Можа быць, пару першых тыдняў, калі толькі з’ехаў, адразу як прачнуся, было такое: дзе я? Аднак той стрэс пакрысе згладзіўся. Затое колькі тыдняў таму раптам бачыў начны кашмар, што мяне забіраюць у казахстанскую армію, не слухаючы ніякіх аргументаў, што я ўжо адслужыў у Беларусі.
— Калі эмігранцкая дэпрэсія ўсё ж накрывае, што дапамагае не апусціць рукі?
— Дэпрэсія звязаная, хутчэй, з тым, што вымушаны быў разбураць, закрываць усё тое, што рабіў у Беларусі, пачынаючы з 2020 года. З тым, што тут менш шансаў пабудаваць кар’еру, якую я рабіў у Беларусі — без ведання мовы тым болей.
Вельмі турбуюся аб родных, хто застаўся там — нават пачаў угаворваць іх таксама перабрацца да нас, але яны пакуль адмаўляюцца і даводзяць, што там у іх зямля, любімая работа і ўсё такое.
А матывуе тое, што ўсё ж я тут не адзін, са мной жонка, і ў нас склалася пэўнае кола стасункаў з экспатамі. Што нельга разнявольвацца, бо вельмі шмат працы. Калі было зусім цяжка і ўжо рука цягнулася адкаркаваць бутэльку чагосьці моцнага, — татальная занятасць утрымлівала ад гэтага кроку.
І — афабазол, таксама наша ўсё (іранічна ўсміхаецца). Насамрэч, гэта таксама больш звязана з працай, цяпер на мне вялікая адказнасць і шмат эмоцый, не надта пазітыўных. Але, як я і казаў на пачатку — у цэлым добра, магло скласціся значна горш, я цудоўна гэта разумею. А разуменне таксама матывуе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное