Политика

Беларусы могуць атрымаць шведскія дакументы з пратэрмінаваным пашпартам

Швецыя спрасціла працэдуры легалізацыі для беларусаў.

Пашпарт замежніка. Фота utrikesgruppen.se

Падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з міністрам замежных справаў Швецыі Тобіясам Більстромам лідар дэмсіл падзякавала міністру за запуск працэдураў па спрашчэнні легалізацыі.

У сустрэчы таксама ўдзельнічала спецпасланніца Швецыі па працы з дэмакратычнымі сіламі і былая амбасадарка ў Беларусі Крысціна Ёханесан.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, цяпер у беларусаў не будуць патрабаваць дакументы, для аднаўлення ці атрымання якіх патрэбна вяртацца ў Беларусь.

Важна адзначыць, што Швецыя змяніла ацэнку Беларусі – краіна больш не лічыцца бяспечнай. Раней гэта служыла прычынай для адмоваў беларусам і беларускам у легалізацыі.

Акрамя таго, палітыкі абмеркавалі супольныя мерапрыемствы падчас генасамблеі ААН, і міністэрскай сустрэчы Паўночна-Балтыйскай васьмёркі. Святлана Ціханоўская заклікала міністра прапанаваць іншым краінам далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду ў падтрымку палітвязняў, які быў створаны ў Нарвегіі.

Асобна на сустрэчы ўздымалася пытанне падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці: павелічэнне стыпендыяў, падтрымка для медыя і культурніцкіх ініцыятываў, праграмы для моладзі і арганізацыя курсаў па дзяржаўным кіраванні і дыпламатыі для прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.