Беларусы дапамаглі ТБМ сплаціць запазачынасць па арэндзе

Неабходную суму сабралі менш як за тыдзень.

Дзякуючы дапамозе неабыякавых беларусаў Таварыства беларускай мовы разлічылася з даўгамі па арэндзе офісу. Пра гэта паведаміла старшыня грамадскага аб’яднання Алена Анісім.

«Неверагодна! Я ўсё яшчэ не магу паверыць у такі цуд: бухгалтар паведаміла, што мы разлічыліся з даўгамі па арэндзе сядзібы. Дарагія, шаноўныя сябры! Дзякуй вам вялікі за падтрымку!» – напісала Алена Анісім на сваёй старонцы ў сацсетках.

Нагадаем, 14 мая ў памяшканне, якое арандуе Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны для сваёй цэнтральнай сядзібы, прыйшлі прадстаўнікі камунальных службаў і паведамілі, што з-за нясплочаных запазычанасцяў па арэндзе адключаць электрычнасць.

Сума доўгу на той момант складала каля 20 тысяч рублёў. Арганізацыя звярнулася да ўсіх неабыякавых людзей з просьбай аб дапамозе: «Маем вялікае спадзяванне, што нам удасца сабраць неабходныя сродкі на працягу бліжэйшага тыдня. А гэта будзе азначаць, што сядзіба, у якой працаваў Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, зможа і надалей функцыянаваць. Мы зможам і далей ладзіць выставы, прэзентацыі, круглыя сталы, дыскусіі на актуальныя тэмы нашай гісторыі і сучаснасці, збіраць сяброў арганізацыі і прыхільнікаў, запрашаць на сустрэчы славутых людзей».

Менш як за суткі ўдалося сабраць чвэрць неабходнай сумы, а 18 мая доўг быў цалкам  сплочаны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(17)