Беларускія праваабаронцы заклікаюць правесці расследаванне смерці Ігара Ледніка
Беларуская праваабарончая супольнасць запатрабавала ад Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэту распачаць крымінальную справу па факце смерці 63-гадовага палітвязня Ігара Ледніка, правесці аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для ўстанаўлення прычын трагедыі і праінфармаваць грамадскасць аб яго выніках.
«На гэты момант афіцыйная прычына смерці Ігара Ледніка ды іншыя абставіны з пэўнасцю не вядомыя. Пенітэнцыярная сістэма ў чарговы раз паказала сваю суцэльную непразрыстасць і закрытасць ад грамадства, нават у пытаннях жыцця і смерці», — адзначаюць праваабаронцы.
Праваабаронцы нагадваюць, што гэта ўжо пятая за апошні час смерць палітвязня ў беларускіх папраўчых установах. Яны таксама патрабуюць праінфармаваць грамадскасць аб выніках расследавання смерцяў іншых палітвязняў — Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча, Алеся Пушкіна і Вадзіма Храсько.
У заяве таксама падкрэсліваецца, што адбыванне пакарання ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зняволеных доступу да спецыялізаванай медычнай дапамогі:
«Мы хочам падкрэсліць, што часцяком неаказанне медычнай дапамогі выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітычных зняволеных, што з'яўляецца недапушчальным і можа разглядацца як катаванні ці іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага альбо зневажальнага годнасць абыходжання і пакарання».
Читайте еще
Избранное