Политика
Тацяна Поклад, Радыё Свабода

Беларусь застаецца ў асноўнай эўрапейскай павестцы дня

На сустрэчы прэзыдэнтаў дзевяці краінаў чарнаморска-балтыйскага рэгіёну і прадстаўнікоў высокага рангу з 20 краінаў сьвету вырашана стварыць Эўрапейскі дэмакратычны фонд. У заключным камюніке саміту адзначаецца: “Пашырэньне дэмакратыі ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе мае незваротны характар. Важную ролю ў падтрымцы гэтых зьменаў мела эўрапейская і трансатлянтычная інтэграцыя. Дэмакратычныя зьмены ва Ўсходняй Эўропе найперш залежаць ад саміх народаў. Тым часам, надзвычай важна, каб міжнародная супольнасьць працягвала моцную падтрымку разьвіцьцю дэмакратыі”.

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі сказаў на прэсавай канфэрэнцыі па заканчэньні саміту, што дапамога беларускай дэмакратыі з суседніх краінаў будзе працягвацца:

(Качыньскі: ) “Польшча робіць канкрэтныя крокі дзеля падтрымкі беларускай апазыцыі, мы робім гэта самастойна і ў супрацоўніцтве з Эўразьвязам і ЗША. Мы павінны працягваць гэтыя высілкі. Я хачу сказаць адкрыта: тут няма ніякае падступнасьці ў гэтым, як сказаў прэзыдэнт Адамкус (і іншыя), усё вырашаць будуць самі людзі Беларусі, свой шлях яны выбяруць самі, ці будзе гэта шлях на Ўсход, ці на Захад”.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Рычард Чэйні, адзначыў, што ўдзельнікаў форуму аб'ядноўваюць агульныя ідэалы і памкненьне вызваліць краіны рэгіёну ад няроўнасьці і бар'ераў паміж імі, ад парушэньняў правоў чалавека і замарожаных канфліктаў і распачаць новую эру дэмакратыі.

(Чэйні: ) “Усе мы абвязаны спрыяць дэмакратычнаму працэсу ў Беларусі. Яе народ пакутваў ад войнаў, перажыў жахлівыя страты. І цяпер апошняя дыктатура ў Эўропе пазбавіла гэтых людзей самых асноўных свабодаў. З намі тут сёньня абаронцы дэмакратыі ў Беларусі, мы вітаем іх на гэтай канфэрэнцыі. Я спадзяваўся сустрэцца сёньня зь лідэрам апазыцыі Аляксандарам Мілінкевічам, але менскі рэжым зьняволіў яго ў турме. Сьвет ведае, што адбываецца ў Беларусі. Мірныя дэманстрацыі зьбіваюцца, іншадумцы зьнікаюць, дамінуе створаная ўладамі атмасфэра страху. У Эўропе няма месца для рэжыму такога кшталту. Людзі ў Беларусі заслугоўваюць лепшага. Вы маеце права самі вырашаць свой лёс і весьці вашую нацыю да будучыні ў дэмакратычнай супольнасьці”.

Брытанскі міністар у справах Эўропы Аляксандар Дуглас адзначыў сымбалічнасьць таго, што гэтая канфэрэнцыя адбываецца ў 200 кілямэтрах ад Менску."Мы павінны асудзіць Аляксандра Лукашэнку, паколькі ён не разьвівае дэмакратычныя працэсы і павінны вітаць беларускую апазыцыю і выказаць падтрымку людзям, якія стаялі на менскай плошчы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна чарговы раз заклікаў беларускія ўлады вызваліць А.Мілінкевіча, А.Казуліна і ўсіх іншых палітычных вязьняў у Беларусі.

"Мы бачым парасткі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Незадаволеныя людзі выказалі сваю сьмеласьць на плошчы. Эўрапейскі Зьвяз і надалей будзе падтрымліваць імкненьне беларускага народу да дэмакратыі", сказаў Саляна.

Канадзкая сэнатарка Рэйнэл Андрэйчак згадала нядаўнюю забарону на ўезд на тэрыторыю Канады для дазапраўкі самалёту зь беларускімі чыноўнікамі. Яна адзначыла, што гэта было рашэньне канадзкага прэзыдэнта, які, як і многія ўсясьветныя лідэры, далучыўся да патрабаваньняў аб вызваленьні палітзьняволеных у Беларусі.

Перад кіраўнікамі краінаў Захаду выступілі чатыры прадстаўнікі Беларусі — Іна Кулей, Ірына Казуліна, Ірына Красоўская і Анатоль Лябедзька. Празь віцэ-прэзыдэнта ЗША Рычарда Чэйні яны перадалі прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу зварот да лідэраў вялікай васьмёркі, дзе заклікаюць паставіць беларускае пытаньне на парадак дня ліпеньскага саміту ў Санкт-Пецярбурзе. Ірына Казуліна ў выступе распавяла пра свайго мужа, які цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

(Казуліна: ) “Я папрасіла гэтых прэзыдэнтаў, каб яны дапамаглі паставіць пытаньне аб палітычных вязьнях, пра Беларусь і пра вызваленьне майго мужа на парадак дня саміту краінаў вялікай васьмёркі. Апошні ў нашай чацьверцы быў Анатоль Лябедзька, які таксама выдатна выступіў. Ён прэзэнтаваў алавяны кубак, які вынес з турмы на Акрэсьціна. Ён прэзэнтаваў яго Рычарду Чэйні й сказаў, што цяпер з гэткага ж кубка п’юць гарбату ў турмах два лідэры беларускай апазыцыі — Казулін і Мілінкевіч”.

Паводле Ірыны Казулінай, спадар Чэйні наліў у гэты кубак віно.

Іна Кулей, жонка зьняволенага кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, сказала, што галоўнай тэмай яе выступу была сытуацыя ў Беларусі.

(Кулей: ) “Беларусь у стане рэвалюцыі, і пачалася яна з рэвалюцыі духу. Першы крок па гэтай цьвердзі мы ўжо зрабілі, гэта першы ўдар, і ў нас наперадзе набраньне сілаў для наступнай барацьбы. Мы ўдзячныя міжнароднай супольнасьці за такую ўвагу і падтрымку”.

Выснова, якую зрабіў прыканцы канфэрэнцыі міністар замежных спраў Літвы Антанас Валёніс – Беларусь застаецца ў асноўнай эўрапейскай павестцы дня. А прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус у сваім выступе падкрэсьліў: "Пашырэньне дэмакратыі на ўсход зробіць эўрапейскую супольнасьць больш моцнай. Усе краіны заслугоўваюць дэмакратычныя ўрады".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)