Общество

Ірына Дрозд

Беларус з Цырку дзю Салей: «Мне казалі, пацярпі, праз месяцы ці праз год адпусціць. І вось мяне не адпускае»

Сямён Букін ў інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра працу, у якой ёсць два вялікія плюсы — зарплата і вандроўкі, і адзін важны мінус.

Сямён Букін. Усе фота з архіва героя

— У сакавіку 2020 года спынілі наш Еўрапейскі тур, а нас адправілі дадому. Спачатку казалі, што гэта часова, бо ніхто не ведаў, што будзе, думалі, можа, пару месяцаў.

А калі стала зразумела, што гэта пандэмія, кампанія спыніла ўсе шоу, звольніла 95% супрацоўнікаў і падалася на банкруцтва, — успамінае артыст Цырку дзю Салей Сямён Букін.

Майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы беларус Сямён Букін вядомы сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, за якую ён у 2020 годзе атрымаў 15 сутак арышту, пасля чаго быў вымушаны з'ехаць з краіны.

Пасля аднаўлення працы ў пачатку 2022 года Цырк дзю Салей запрасіў беларуса ізноў.

Сямён расказаў «Салідарнасці» аб тым, чаму Цырк дзю Салей лічыцца лепшым, як працуюць і жывуць яго артысты і якая прычына вымушае іх сыходзіць з такой працы.

«Не кожны добры спартовец можа працаваць у цырку, бо гэта спецыфічны жанр»

— Штаб-кватэра Цырку дзю Салей знаходзіцца ў Манрэалі. Там адбываюцца ўсе пастаноўкі, трэніроўкі, распрацоўваюцца касцюмы і дэкарацыі, — расказвае Сямён. — Але калі шоу зроблена, яно пачынае жыць сваім асобным жыццём, працуе на сябе.

Сямён Букін падчас трэніроўкі

І нават калі мы траўмуемся і прыязджаем у Манрэаль на рэабілітацыю, наша шоу аплачвае гэта галаўному офісу.

Бо кожнае шоу становіцца асобнай арганізацыяй. І такіх шоу у Дзю Салей два ці тры дзясяткі. Яны падзяляюцца па лагістыцы і ў залежнасці ад віду.

Асноўная частка трупы дае прадстаўленні ў Лас-Вегасе. Таксама вядомыя стацыянарныя пляцоўкі ёсць у Мексіцы, у ЗША ў Флорыдзе, на Гаваях. Артысты гэтых шоу жывуць і працуюць у адным месцы.

Ёсць гастрольная частка Дзю Салей — Big Top-шоу. Гэтыя шоу ездзяць па ўсім свеце, выступаючы ў намётах, пад часовым шатром нібыта шапіто або на цыркавой арэне. Яны стаяць на адным месцы ад двух да шасці месяцаў.

Я працую ў Arena Tour-шоу. Такіх зараз чатыры. Мы пастаянна выступаем на розных арэнах, але не сутыкаемся, таму што графікі гастролей складзеныя на год-паўтара наперад.

Можам прыехаць у горад, дзе выступала другое шоу, але не менш чым праз паўгады. Ёсць такія гарады, дзе вялікі запыт на Дзю Салей і там заўсёды збіраюцца поўныя залі.

— Няўжо ёсць месцы, дзе не любяць Дзю Салей?

— Асабіста мне не даводзілася выступаць у залі з пустымі месцамі, але я ведаю, што, напрыклад, не ва ўсіх краінах Блізкага Усходу збіраюць поўныя залі. Там гэта звязана з моцным уплывам рэлігіі, з забаронай на асобную музыку і віды дзейнасці.

У астатніх частках свету ў нас часта oversold. Вось толькі скончыўся чарговы Еўрапейскі тур, падчас якога амаль у кожным горадзе даводзілася ці адкрываць рэзервовыя месцы, ці даваць дадатковае шоу.

Напрыклад, у Амстэрдаме прадалі білетаў амаль на палову больш, чым было месцаў у залі. А потым і на дадатковае шоу прадалі на 11% білетаў больш. Перапродажы былі амаль ва ўсіх гарадах.

Дарэчы, у кожным мы знаходзімся ўсяго тыдзень, затым пераязджаем. Рэдка дзе затрымліваемся на два тыдні. Але бываюць выключэнні. Аднойчы ў Лос-Анджэлесе працавалі шэсць тыдняў.

А зараз у нас гастролі ў Лондане, два месяцы. Выступаем у адной з самых знакамітых заляў свету — на Каралеўскай пляцоўцы — у Royal Albert Hall. Гэта вельмі адказна.

Але звычайна тур доўжыцца дзесьці дзесяць тыдняў, пасля чаго мы два тыдні адпачываем.

— Ці цяжка трапіць у Дзю Салей артысту Беларускага дзяржаўнага цырку, у якім вы працавалі раней?

— Наколькі я ведаю, у Дзю Салей не проста трапіць не толькі артыстам. Гэта вялікая кампанія, яна набірае і музыкаў, і менеджараў, нават кіроўцаў аўтамабіляў, і шмат іншых спецыялістаў.

Гэта велізарны механізм, які працуе вельмі адладжана. Толькі ў нашым шоу 50 артыстаў, а ўсяго працуюць дзесьці 130 чалавек.

Вядома, што артыст павінен адпавядаць пэўным патрабаванням, нават рост і вага падбіраюцца пад канкрэтнае шоу, бо ёсць пастаноўкі, куды, напрыклад, патрэбныя гімнасты маленькага росту.

Асабіста я спачатку даслаў відэа з трукамі, якія магу рабіць, і базавую трэніроўку, каб прадэманстраваць гнуткасць і моц. Таксама ўлічваецца досвед у спорце, дзе працаваў, якімі мовамі валодаеш.

Алімпійскага чэмпіёна запросяць адразу без кастынгу. Аднак, як паказвае практыка, не кожны добры спартовец можа працаваць у цырку, бо гэта спецыфічны жанр.

Аднойчы, калі я траўмаваўся, на маё месца спрабавалі паставіць сярэбранага прызёра Алімпіяды з Францыі, але не паставілі.

Вельмі важны таксама псіхалагічны стан чалавека: ці не будзе ён скандаліць, ці не паддасца шкодным звычкам, ці можа працаваць у калектыве.

— А ёсць на кастынгу ў Дзю Салей экзамен на акцёрскае майстэрства?

— Ёсць. Я праходзіў іспыты яшчэ ў Кіеве. Былі тры этапы і адзін з іх менавіта на акцёрскае майстэрства. Для мяне гэта было вельмі цяжка.

Трэба было выканаць пэўнае заданне. Мяне паставілі побач з хлопцам, якога я бачыў упершыню, і загадалі, каб мы пасварыліся да бойкі.

Пры гэтым сцэнка павінна мець пачатак, кульмінацыю і завяршэнне. І вось мне давялося біцца з тым хлопцам, а што зробіш (смяецца).

Аднаму знаёмаму трэба было паказаць рэакцыі чалавека перад тэлевізарам на камедыю, жудасны і рамантычны фільм, ад яго ж запатрабавалі паказаць кенгуру. Яшчэ аднаму нашаму артысту на экзамене дасталася паказаць сонейка — не на турніку, а як зорку.

— Наколькі важным патрабаваннем з'яўляецца валоданне мовамі?

— Гэта вітаецца, але не абавязкова. Калі патрэбна, дадуць перакладчыка. Я ніколі не браў перакладчыка, хоць спачатку і не мог добра размаўляць па-ангельску.

А не так даўно адна з перакладчыц, з якой давялося пагаварыць, вырашыла, што я ангельскамоўны артыст, і вельмі здзівілася, калі пачула, як я пасля гаварыў па-беларуску.

— А якія яшчэ мовы вы ведаеце?

— Акрамя беларускай, украінскай, расейскай і ангельскай, здаў экзамен па польскай мове на ўзровень В1. Калісьці нядрэнна ведаў гішпанскую, бо больш за 10 год таму працаваў у Мексіцы, у мяне і дзяўчына была мексіканка, якая не ведала ангельскай, таму я шмат займаўся гішпанскай. Зараз магу паразмаўляць.

«Гатэль для артыстаў павінен мець не менш за 4 зоркі»

— Дзю Салей лічыцца вышэйшым пілатажам цыркавога мастацтва. Ці згодныя вы з гэтым?

— Так, стандарты тут сапраўды высокія. Згодны з тым, што гэта цырк самага высокага ўзроўню.

І нават калі здараюцца нейкія збоі, форс-мажор, усё вырашаецца імгненна. У камандзе пралічана ўсё да дробязей: што робіць кожны, хто каго можа замяніць і г.д.

— Ці ёсць райдар у артыстаў Дзю Салей?

— Ёсць умова, што гатэль для артыстаў павінен мець не менш за 4 зоркі. Таксама ўлічваюць асаблівасці людзей. Напрыклад, у нас ёсць хлопец з Аргенціны, які выконвае адну з галоўных роляў, я яго называю «Велікан», бо ў яго рост больш за два метры, а важыць ён пад 200 кг.

Яму выбіраюць асобныя ўмовы ў гатэлях, у самалёце купляюць два месцы. Па жаданні мы можам браць грошы і здымаць жытло самастойна.

І калі жывём асобна і не сілкуемся разам з усімі, нам таксама пералічваюць грошы на харчаванне. А так звычайна ёсць свой кейтэрынг, які пераязджае разам з намі.

Харчаванне арганізавана па сістэме «шведскі стол», ежы шмат, яна даволі якасная, прадугледжаныя стравы для вегетарыянцаў.

— Што забаронена артысту?

— Нічога незвычайнага. Прапускаць без уважлівай прычыны трэніроўкі, спазняцца, не папярэдзіўшы. Між тым калі ў цябе здарылася нешта са здароўем, ты прыхварэў, можна ўзяць адгул.

У нас два, а, бывае, і тры свае фізіятэрапеўты. Спачатку звяртаешся да іх, і яны самі дамаўляюцца з мясцовымі лекарамі і клінікамі. Ва ўсіх артыстаў амерыканскія страхоўкі, якія пакрываюць амаль усе віды лячэння, нават стаматалогію — штосьці цалкам, штосьці на 75%.

— Вам не забаронена паліць і ўжываць алкаголь?

— Не, ты можаш рабіць што заўгодна, але на працы павінен быць цвярозы. Канешне, цябе не павінна затрымаць паліцыя. За гэта могуць звольніць.

Але калі без наступстваў, мы такія ж людзі, збіраемся ў барах, святкуем штосьці.

— А па ўзросце ёсць абмежаванні?

— Залежыць ад асабістых здольнасцяў. Абмежаванняў няма, калі можаш працаваць — працуй. У нас працуе італьянец драматычным акторам, яму пад 70 гадоў.

Некаторыя спартоўцы, ведаю, працуюць да 50.

— Вы сказалі, што графік артыста прапісаны штохвілінна. Да таго ж пастаянныя пераезды. Гэта, відаць, цяжка?

— Так, я толькі нядаўна пачаў прызнавацца сабе, што гэта сапраўды цяжка. Таму што да гэтага нібыта не адчуваў. Наша шоу працягваецца гадзіну 40 хвілін, але ты ўсё роўна цэлы дзень знаходзішся на арэне, і кожны мае свой электронны расклад.

Раніцай можа быць адна трэніроўка, потым сход, пасля трэніроўка іншага нумара — і так цэлы дзень з 12 да 22:00. І так увесь тыдзень.

Пасля пераезд, добра, калі дзесьці побач, гадзіны тры. Напрыклад, другое шоу заканчваецца дзесьці ў 19:45, а ў 20:00 мы ўжо выязджаем. Бывае, на наступны дзень вылятаем самалётам.

Адпачыць нармалёва атрымліваецца сапраўды толькі падчас адпачынку. Асабліва цяжка, калі працуеш запар восьмы ці дзявяты тыдзень. Тады два-тры дні паміж пераездамі не хапае, каб аднавіцца фізічна і псіхалагічна.

Я вельмі люблю гуляць у свабодныя гадзіны па гарадах, дзе мы гастралюем. Але, напрыклад, нядаўна ў Парыжы выйшаў з гатэлю і адразу вярнуўся, адчуў, што зусім няма сіл гуляць.

— Ці ёсць у артыстаў Дзю Салей прыхільнікі, ці чакаюць вас, каб папрасіць аўтограф?

— Быў цікавы выпадак падчас гастроляў у Японіі. Мяне на іх, на жаль, не было. Там адна жанчына наведвала кожнае выступленне, а пасля прыехала за нашай трупай у Амерыку і падарыла ўсім артыстам японскі КітКат, які кожнаму падпісала.

Бывае, што і аўтографы просяць, але не так масава, як у суперзорак.

— Колькі зарабляюць артысты Дзю Салей?

— Па ўмовах кантракту мы не маем права казаць пра свой заробак нават калегам. Але ён не маленькі.

Мы атрымліваем заробак кожны тыдзень — прыкладна да трох тысяч долараў. Але яшчэ шмат залежыць ад падаткаў, бо плацім іх у той краіне, дзе выступаем на гэтым тыдні.

І калі ў Нямеччыне гэта больш за 30 адсоткаў, то ў Швейцарыі нашмат менш. А ёсць краіны, дзе паўгода маеш права працаваць з мінімальнымі падаткамі ці ўвогуле без падаткаў. Тая ж Партугалія, напрыклад.

«Асабліва мяне кранае, як у Еўропе могуць насалоджвацца жыццём сталыя людзі»

— Цяпер хачу спытаць пра тое, чаго, нягледзячы на добрыя ўмовы, усё ж не хапае?

— Хутчэй за ўсё, не хапае сямейных адносінаў. На такую працу, як мая, сям’ю з сабой не павязеш. З-за гэтага графіку я калісьці не змог захаваць адносіны і дагэтуль у мяне няма сям’і.

І гэта адна з прычын, чаму я думаю, што буду спыняцца ў хуткім часе.

У нас ёсць некалькі сямейных пар, якія працуюць у шоу. Астатнім, з нашым рытмам, пабудаваць нармалёвыя адносіны цяжка. Не толькі я, шмат хто разыходзіцца. На жаль, ведаю нямала такіх гісторый. Той, хто хоча захаваць сям’ю, сыходзіць.

Да мінусаў дадаў бы і вялікія нагрузкі. Неаднойчы я траўмаваўся, потым доўга даводзіцца аднаўляцца.

Неяк пашкодзіў палец на руцэ так моцна, што рэабілітацыя заняла амаль тры месяцы. Мне нават дазволілі паляцець дадому, а пасля я яшчэ праходзіў рэабілітацыю ў Манрэалі.

Потым быў шэраг лёгкіх траўмаў, там, спіну пацягнуў, яшчэ нешта. Апошні раз год таму я падвярнуў ступню так, што здарыўся пералом і разрыў звязкаў. Тады мне прапанавалі на выбар: ці паляцець у Манрэаль на рэабілітацыю, ці дадому. Я выбраў другое.

Сямён Букін падчас трэніроўкі

— Што адбываецца, калі нешта здараецца з артыстам падчас выступлення?

— У нас ёсць спецыяльныя знакі, і тыя, хто побач, павінны паказаць, што здарылася. Лекары заўсёды знаходзяцца побач напагатове, таксама тэхнікі пастаянна трэніруюцца, каб аказваць першую дапамогу, у іх заняткі кожны тыдзень.

Калі трэба, то спыняецца цалкам шоу. Вельмі рэдка, але такое было. І пасля таго, як пацярпелага артыста забіраюць у шпіталь, у астатніх абавязкова пытаюцца, можа, хто сябе няўпэўнена псіхалагічна адчувае. Ім прапануюць не працягваць выступленне.

Пасля ладзіцца поўная справаздача, сапраўднае расследаванне таго, што адбылося, чаму адбылося.

— Ці часта артыстам патрэбна дапамога псіхолагаў?

— У нас нават ёсць спецыяльная праграма. Ты кажаш, што патрэбна псіхалагічная дапамога, таму што стала страшна ці яшчэ з якой прычыны, і табе могуць даць адпачынак і знойдуць псіхолага, псіхатэрапеўта альбо псіхіятра.

Можаш сам знайсці спецыяліста, наша страхоўка дазваляе выкарыстоўваць на псіхалагічную дапамогу да 200 долараў у тыдзень.

Быў выпадак, адзін спартовец рабіў трук і ў гэты момант знікла святло. Ён утрымаўся, не траўмаваўся, але потым пачаў хвалявацца, што такое здарыцца яшчэ раз. І вось ён так і не змог вырашыць гэтую праблему і звольніўся.

— Вы казалі, што ў кампаніі ёсць свая палітыка наконт выказванняў і грамадзянскай пазіцыі.

— Насамрэч мы можам выказвацца і пра палітыку, і мець сваю грамадзянскую пазіцыю, але не можам цкаваць кагосьці з-за гэтага ці прыніжаць.

Таксама я не магу пісаць нейкія брудныя рэчы, напрыклад, пра вайну ў сацсетках, дзе пазначана, што я артыст Цырку дзю Салей.

А паколькі я не магу маўчаць, таму прыбраў плашку, што я артыст, і выказваю ўсё, што хачу. Гэта маё асабістае меркаванне, а не Цырку.

Сама кампанія вельмі жорстка прытрымліваецца нейтралітэту па ўсіх пытаннях. То-бок артыст — гэта мастацтва і ўсё.

Але ж калі хтосьці мае патрэбу, пацярпеў у нейкай сітуацыі, яму дапамогуць. Калі пачалася вайна і артысты з Украіны не маглі вяртацца дадому, ім цалкам аплачвалі двухтыднёвыя адпачынкі ў іншых краінах.

Падчас мабілізацыі расіяне баяліся вяртацца да сябе, і ім таксама аплочвалі адпачынак. І беларусам, якія кажуць, што ім небяспечна вяртацца ў сваю краіну, усё арганізуюць і аплоцяць.

— Што вы будзеце рабіць, калі ўсё ж пакінеце Цырк?

— Псіхалагічна мне вельмі страшна заканчваць, бо я люблю сваю працу. Разумею, што гэта будзе зусім іншае жыццё. Можа быць трэнерская, настаўніцкая праца.

Але акрамя спорту я яшчэ цікаўлюся менеджментам, некалі працаваў у спартыўным менеджменце. Мне цікавая і лагістыка, думаю, таксама здолеў бы.

Дарэчы, і журналістыка мне цікава, я люблю пісаць. І грамадзянскай дзейнасцю мог бы займацца.

Але чым бы я ні займаўся, галоўнае, усё ж я хацеў бы сям’ю.

— Вы ўжо столькі навандраваліся, відаць, доўга пасля не захочаце, ці наадварот?

— Вандроўкі — гэта адзін з велізарных плюсаў маёй цяперашняй працы акрамя заробку. Я вяду дзённік у сацсетках, каб захаваць усе ўспаміны.

Люблю назіраць. Асабліва мяне кранае, як у Еўропе могуць насалоджвацца жыццём сталыя людзі. Вельмі шмат бачу 70- і 80-гадовых пар, якім хочацца зайздросціць.

Памятаю, маёй бабулі было ледзь за 50, а яна ўжо назбірала сабе грошы на пахаванне і рыхтавалася да смерці. А ў развітых краінах людзі рыхтуюцца да доўгага жыцця, да цудоўнага адпачынку. Гэта вельмі прыгожыя і свабодныя людзі.

Думаю, што вандроўкі і ўсе гэтыя назіранні — гэта ўжо частка майго жыцця. Нават калі буду мець сталае месца, наўрад ці змагу сядзець на адным месцы доўга. Гэта стыль жыцця.

Да таго ж яшчэ мару пабываць у Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі, хацеў бы наведаць такія краіны, як Афганістан, Непал, можа, Індыю.

— Калі вы зараз кажаце: паляцеў дадому, куды вы ляціце?

— У Польшчу. Мой дзядуля — паляк з Беластоку. Яго бацькі — таксама палякі. Дзед пераехаў на Гарадзеншчыну і потым апынуўся ў Баранавічах, дзе я нарадзіўся. Я зрабіў карту паляка яшчэ 10 гадоў таму проста так, без усякіх планаў да пераезду.

Зараз у мяне від на жыхарства ў Польшчы.

— Вы верыце, што вернецеся ў Беларусь?

— У мяне шмат сяброў і знаёмых, якія перажылі гэты цяжкі перыяд, першыя гады эміграцыі, асіміляваліся, пачалі спакойна жыць і перасталі марыць аб вяртанні.

Асабліва шкада, што ўсе яны маладыя таленавітыя годныя людзі, якіх страціла краіна. Але жыццё ідзе. І мне казалі, пацярпі, праз месяцы ці праз год адпусціць. І вось мяне не адпускае.

Таму я зараз ужо не так моцна ўпэўнены, то-бок не веру, але вельмі спадзяюся.