Экономика

Беларусь не атрымае паўмільярда даляраў ад эўрапейскіх банкаў на дарожныя праекты

Праз эўрапейскія санкцыі аказаліся заблякаванымі банкаўскія сродкі, за кошт якіх меркавалася прафінансаваць шэраг буйных праектаў, зьвязаных з рамонтам і пракладваньнем дарог, мастоў ды разьвязак, піша Радыё Свабода.

Як расказаў у эфіры «Беларусь-1» міністар транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, у сувязі з гэтым уладам давядзецца шукаць новыя крыніцы фінансаваньня. Гаворка сама меней пра паўмільярда даляраў.

Чыноўнік удакладніў, што пад шэраг праектаў ужо былі падпісаныя крэдытныя пагадненьні з эўрапейскімі банкамі, аднак праз абвешчаныя санкцыі сёньня такія фінансавыя ўгоды немагчымыя.

Гаворка пра дарогі:

М3 Менск — Віцебск,

Р46 ад Лепеля да Полацку з будаўніцтвам абыходу і новага моста,

М7 Менск — мяжа Літвы.

Паводле міністра, дзеля рэалізацыі заплянаваных аб'ёмаў рамонту і аднаўленьня дарожнай інфраструктуры ведамства пачало перамовы з Эўразійскім банкам разьвіцьця і Экспартна-імпартным банкам Кітая.

Сёлета дарожнікі плянуюць завершыць рэканструкцыю дарогі Р53 да Смалявічаў і рамонт Р23 ад Слуцку да Салігорску.

У плянах Міністэрства транспарту і камунікацый штогод прыводзіць да ладу прыкладна 1000 кілямэтраў аўтадарог.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)