БАЖ заклікае грамадзян Беларусі накіроўваць лісты ў Міністэрства інфармацыі супраць закрыцця «Народнай волі» і «Нашай Нівы»
«Калі справа дойдзе да суда, прадухіліць закрыццё газет будзе ўжо бадай немагчыма». Такую думку выказаў намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец на нарадзе кіраўнікоў арганізацыі ў звязку з сітуацыяй вакол «Народнай волі» і «Нашай Нівы».
«Фармальна ў газет хапае папярэджанняў, каб суд, не ўнікаючы ў сутнасць справы, задаволіў зыскі Мінінфармацыі. Таму спыніць драматычнае развіццё падзеяў ёсць шанец толькі праз адкліканне зваротаў у суд», — лічыць юрыст.
Паводле арт. 161 Гаспадарча-працэсульнага кодэксу (ГПК), на ўзбуджэнне вытворчасці па зысках у Вышэйшага Гаспадарчага суда 5 дзён. Паколькі зыскавая заява паступіла ў ВГС 25 красавіка, ужо найбліжэйшымі днямі справу могуць завесці. Паводле ГПК, на працягу 15 дзён пасля паступлення зыскавай заявы павінна быць прызначана дата папярэдняга судовага пасяджэння. А не больш як праз 2 месяцы пасля прыняцця «вызначэння» пра ўзбуджэнне вытворчасці справу павінны разгледзець.
«Такім чынам, сканцэнтраваць высілкі на гэты момант варта менавіта на адкліканні зыску Мінінфарма», — перакананы юрыст БАЖ.
Арганізацыя склала прыкладны ўзор звароту ў Мінінфармацыі, які можа накіраваць у гэтае ведамства любы грамадзянін Беларусі — чытач газеты, занепокаены рашэннем Мінінфарма.
Зварот павінен утрымліваць:
— Назву і (альбо) адрас дзяржаўнага органа, а таксама пасаду, прозвішча, імя і імя па бацьку службовай асобы, якім накіроўваецца зварот;
— Прозвішча, імя, імя па бацьку грамадзяніна, дадзеныя пра яго месца працы, жыхарства і (альбо) працы (вучобы);
— Выкладанне сутнасці звароту (прапановы, заявы, скаргі);
— Асабісты подпіс грамадзяніна.
Звароты можна накіроўваць заказным лістом альбо пакінуць у кабінеце № 519 Міністэрства інфармацыі.
Прыкладны ўзор самага простага звароту:
Міністру інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Праляскоўскаму Алегу Вітольдавічу
220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11.
Прозвішча, імя, імя па бацьку, дадзеныя пра месца жыхарства і (альбо) працы (вучобы)
Зварот
З паведамленняў СМІ я, (прозвішча, імя, імя па бацьку), даведаўся, што Міністэрства інфармацыі звярнулася ў суд з зыскам пра закрыццё газет «Народная воля» і «Наша Ніва».
Я з’яўляюся даўнім чытачом указаных выданняў. Спроба закрыць гэтыя СМІ груба парушае мае канстытуцыйныя правы — у прыватнасці, права на атрыманне, захаванне і распаўсюд поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі (арт. 34 Канстытуцыі РБ). Лічу, што такія дзеянні Міністэрства інфармацыі замахваюцца і на гарантаваныя Канстытуцыяй РБ свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.
Прашу адклікаць зыск пра спыненне выпуску газет «Народная воля» і «Наша Ніва».
Адказ на ўказаны зварот прашу даць у парадку і ў тэрміны, прадугледжаныя законам «Аб зваротах грамадзян».
Дата, подпіс
Акрамя таго, можна пакідаць свае заўвагі і прапановы ў Кнізе скаргаў і прапаноў, якая знаходзіцца ў кабінеце № 519 у намесніка кіраўніка справамі Міністэрства інфармацыі (г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 11), тэл. 306-32-90. Тэлефон «гарачай лініі»: 203-92-31.
БАЖ заклікае беларускія СМІ, якія жадаюць выказаць салідарнасць з калегамі, апублікаваць гэтую інфармацыю і ўзор звароту на сваіх старонках.
Читайте еще
Избранное