Баркоўскі: «Калі нам важна падтрымліваць людзей у бядзе, нам трэба гэта рабіць незалежна ад неадэкватных элементаў»

Ці трэба беларусам цярпець абразы ад украінцаў, асабліва, калі ты валанцёрыш, данаціш або робіш усё магчымае на карысць Украіны?

– Такая праблема існуе. Мы ўсе добра разумеем, што цяпер частка таго ж украінскага палітыкума і культурных дзеячоў робіць вялікую памылку, калі адштурхоўваюць сваімі выказваннямі або сваімі дзеяннямі прагрэсіўную частку як расійскага, так і беларускага грамадства, – мяркуе філосаф Павел Баркоўскі ў інтэрв’ю «Е*рарадыё». – Яны б наадварот мусілі як найболей падтрымліваць гэтых сваіх хаўруснікаў для таго, каб пераламіць сітуацыю на ўсіх франтах, а не толькі, напрыклад, на Данецкім, – працягвае думку Баркоўскі.

І, канешне, калі такія дзеянні адбываюцца, то людзі адчуваюць пакрыўджанасць. І тут ужо ўстае справа годнасці, гонару і не хочацца дапамагаць тым, хто цябе крыўдзіць або зневажае. Але трэба разумець, што гэта не пазіцыя ўсяго ўкраінскага або беларускага грамадства.

– Гэта пазіцыя асобных людзей або асобных груп. І гэта дакладна трэба разводзіць, бо ёсць міжчалавечыя стасункі, а ёсць стасункі на нейкіх сістэмных узроўнях. Так, ёсць пэўная непаслядоўнасць у дзейнасці ўкраінскіх уладаў. З аднаго боку, ўсе рускія кепскія, а з іншага, мы даем грамадзянства Няўзораву або пагаджаемся прымаць грошы ад Грабеншчыкова ды Муратава. І тое ж самае з беларускімі валанцёрамі.

Таму варта адрозніваць вось гэтыя пазіцыі і засяроджвацца не на шашачках, а на павестцы.

Калі нам важна падтрымліваць людзей у бядзе, нам трэба гэта рабіць незалежна ад таго, ці ёсць нейкія неадэкватныя элементы, якія нам за гэта штосьці кепскае кажуць.

І калі мы бачым вельмі істотным, што перамога Беларусі магчымая толькі разам з перамогай Украіны, Літвы і Польшчы ў гэтым геапалітычным змаганні, то мы ўсе разам. Мы ўсе адзін аднаго падтрымліваем, і паглядзіце, дзе мы знаходзім зараз найбольшую падтрымку? У гэтых рэгіёнах.

Пра тое, як змянілася стаўленне да беларусаў пасля 24-га лютага, Павел Баркоўскі заўважае, што апошнія два гады мы насамрэч былі ўлюбёнцамі Еўропы:

– Тут ёсць таксама псіхалагічны эфект, бо нас усе шкадавалі, намі ўсе захапляліся, нам гатовыя былі пляскаць у ладкі, – кажа філосаф. – І, канешне, цяпер, калі мы ўсяго гэтага пазбавіліся, калі ў Еўропе паўсталі новыя праблемы, то нам крыўдна. Крыўдна, бо ў нас нічога не змянілася, толькі ўзмацніліся рэпрэсіі.

І праблемы нашыя праз санкцыі таксама толькі павялічыліся. Чаму ж нас не любяць, як раней? Я лічу, што гэта трэба разумець і перажываць больш-менш рацыянальна.

Людзі не заўсёды адэкватныя істоты, і дзесьці на месцах хтосьці, не разбіраючыся, кажа, што рускія і беларусы кепскія і трэба іх адусюль гнаць. Гэтыя ж людзі фактычна не цікавіліся намі ў 2020-ым. Можа быць, паказвалі знак падтрымкі, таму што нас любілі ўсе медыі.

А цяпер давайце ўсё ж такі глядзець на справы, – прапаноўвае Баркоўскі. – Паглядзіце, што і Польшча, і Літва прыкладаюць вялікія намаганні, каб захоўваць усе праграмы падтрымкі беларусаў. І даваць ім магчымасць працаўладковацца і знаходзіць там сталае пражыванне.

Тыя ж гуманітарныя візы, якія сталі выдаваць беларусам у самой Польшчы, не патрабуючы ехаць кудысьці. Гэта ўжо таксама крок наперад, які адбыўся на пачатку вайны, а не калісьці раней.

Трэба разводзіць сістэмныя дзеянні, якія накіраваны на дапамогу беларусам у гэтай сітуацыі, бо яны ў нашых краінах-суседзях працягваюцца. А ёсць неадэкватныя рэакцыі на месцах. Таму не трэба купляцца на танную справу і на танную ганьбу. І там, і там людзі проста нічога пра цябе не ведаюць і купляюцца проста на знешні эфект.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(9)