Скандалы

«Балонам пшыкнулі на галаву, на твар, на рукі і на спіну». Хлопец з відэа «Байпола» пра затрыманне

Ініцыятыва «Байпол» апублікавала ўрыўкі відэазапісаў з устаноў Міністэрства ўнутраных спраў, дзе затрыманыя па палітычных матывах, у тым ліку 19-гадовая студэнтка Настасся Булыбенка, маюць меткі фарбай на галаве.

 

Практыка пазначаць целы зняволеных мела месца ў нацысцкіх канцлагерах. Беларускае заканадаўства такога не дапускае, і такая практыка можа быць расцэненая як катаванне. Тым не менш пра пазнакі фарбай на целе і адзенні расказвалі шматлікія палітычныя, якія выходзілі з турмаў у 2020 годзе.

Наша Ніва адшукала аднаго з хлопцаў, які фігуруе ў відэа.

«Мяне затрымалі перад Маршам партызанаў 18 кастрычніка. Узялі на вуліцы Ульянаўскай, — расказвае Кірыл. Яму 27 гадоў. Працуе маляром. — Было каля 14 гадзін, абсалютна пустая вуліца, я ішоў адзін. І раптам праехалі чатыры бусы, два спыніліся. Выйшлі людзі — АМАП? — і мяне «пагрузілі» ў бус. Унутры паставілі на калені, але не білі.

Кудысьці павезлі, ехалі нядоўга, хвілін 7-10. Там перагрузілі ў аўтазак. Там і «пазначылі фарбай». Балонам пшыкнулі на галаву і твар, на рукі і на спіну. За што не казалі, а сам я не пытаўся — было страшна. Але думаў, што цяпер праз пазнакі будуць біць у РУУСе».

Па словах Кірыла, у аўтазаку ён сустрэў яшчэ аднаго хлопца з відэа — Аляксея.

«Ён ужо быў у аўтазаку. Ужо таксама з «пазнакай». Я спачатку падумаў, што гэта кроў ці сляды збіцця, бо ў аўтазаку было цёмна. Ого, думаю, як памялі чалавека, — узгадвае Кірыл. — А пасля я зразумеў, што тое фарба. Лёша сказаў, што яго «пазначылі», бо збягаў ад сілавікоў. Але яго дагналі, пару разоў ударылі і затрымалі.

У аўтазаку я правёў хвілін 40: ездзілі, «збіралі» людзей. Пасля — РУУС Маскоўскага раёна, там адвялі ў актавую залу».

Кірыл кажа, што ў актавай зале было чалавек з 40. Людзей з пазнакамі фарбай пасадзілі асобна. Хтосьці быў пазначаны чырвоным, хтосьці — сінім колерамі. Кірыл кажа, што логікі, каго якім колерам і за што пазначалі, ён не зразумеў.

«Але ўсё ж у РУУСе не білі, — расказвае Кірыл. — Быў момант: падышоў да мяне адзін з супрацоўнікаў, вывеў на калідор, пачаў пытацца, чаму ў мяне пазнакі. Я распавёў пра сваё затрыманне, патлумачыў, што і сам не ведаю. Тады той супрацоўнік кажа: дык, можа, не варта тады хадзіць на такія мерапыемствы?

Вось так неяк пагаварылі. Пасля мяне адвялі назад у актавую залу. Там я правёў гадзін пяць. Нейкага адмысловага стаўлення да пазначаных не было. Хіба што афармлялі ў самым канцы, пасля павезлі на Акрэсціна ў асобным аўтазаку.

Затым — суд па скайпе, мне далі 10 сутак. Адседзеў, можна сказаць, нармальна».

Кірыл сам маляр, але не можа сказаць, якой фарбай яго пазначылі. Кажа, што «пшыкалі» з балона.

«Нейкая спецыфічная фарба, вельмі смярдзючая. Але не фарба для аўтамабіляў — не ведаю, што гэта было, балон разгледзець я не паспеў.

Адмывалася пасля нармальна», — узгадвае хлопец.

Дарэчы, для Кірыла гэта ўжо другая сустрэча з сілавікамі. Першая была 11 жніўня, пасля чаго хлопец трапіў у бальніцу.

Кірыл распавёў праекту august2020.info, што яго білі спачатку даішнікі, пасля сілавікі ў масках у мікрааўтобусе, пасля міліцыянты ў РАУСе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(9)