Женщины

Марына Міхайлава

Балерына, якой глядзелі ў вочы

Знакамітая балерына, актрыса і педагог, якая выканала галоўныя ролі фактычна ва ўсіх пастаноўках Дзяржаўнага тэатра оперу і балету. Расказваем пра прыму, гонар і сімвал беларускага балету, народную артыстку Беларусі Людмілу Бржазоўскую.

Без пяці хвілін мастачка

Бацька Людмілы — былы партызан, нашчадак збяднелай польскай шляхты і мастак Генрых Бржазоўскі, а яе дзед Франц — майстар-чырвонадрэўшчык, які афармляў першыя інтэр’еры Чырвонага касцёла ў Мінску. Ці паўплывалі на яе мастацкія гены? Безумоўна.

Бацька таемна спадзяваўся, што яна працягне дынастыю і таксама захопіцца мастацтвам — апошняе спраўдзілася. Людміла распавядала, што ў дзяцінстве любіла бавiць час з  татам і ва ўсім да яго прыпадабняцца, хіба што малявала не пэнзлем на палатне, а пальцамі, якія крадком сунула ў каляровую палітру — наўпрост на плоце вакол дома.

І Людміла, і яе малодшая сястра Наталля выбралі творчыя прафесіі: адна скарыла балетную сцэну і супернічала па выразнасці танцу з самой Маяй Плісецкай, другая працавала на «Беларусьфільме» кінамантажорам, — дарэчы, там умудрылася пазнаёміцца і пазней выйсці замуж за вядомага кінарэжысёра Леаніда Нячаева.

Партрэтаў старэйшай дачкі ў багатай спадчыне Генрыха Бржазоўскага  няшмат — не таму, што ён не любіў яе маляваць, а з той прычыны, што гэта ёй, жывой, цікаўнай і рухавай, цяжка давалася «застыць» для пазіравання. Значна пазней, ужо ў сталым узросце, яна таксама пачала маляваць — кветкі, пейзажы, сцэнкі з балету, — але перадусім для сябе.

Г.Бржазоўскі. Партрэт Людмілы Бржазоўскай, 1965 год

Парны танец даўжынёй у 19 год

Сям’я Бржазоўскіх жыла ў Мінску на Старажоўскай вуліцы, недалёка ад опернага тэатра, аднаго з нямногіх будынкаў, які ацалеў у сталіцы пасля вайны. Гледзячы на тэатр, мясцовыя дзеці — а кватэры і майстэрні ў гэтым раёне давалі акурат творцам, — і самі ставілі «спектаклі» ў двары, падзяляючыся на акцёраў і гледачоў.

Падчас адной такой гульні ўбачылі велічэзную чаргу ў оперны: ішоў адбор у харэаграфічную вучэльню, і Людміла ўгаварыла маці схадзіць. Тая пагадзілася — магчыма, таму, што таксама ў юнацтве марыла танцаваць, але час перакрэсліў гэтыя планы, і ў выніку стала ўрачом. Яна вадзіла дачку на заняткі, а потым не прапускала ніводнага яе спектаклю і рэпетыцыі, збірала на гастролі і была самым галоўным крытыкам.

У 1966-м Людміла скончыла Дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча і прыйшла ў тэатр артысткай балету. Яе дэбютам ужо на наступны год стала галоўная партыя Сальвейг у спектаклю «Пер Гюнт». Да сваёй першай ролі маладая балерына паставілася так адказна, што перафарбавала валасы ў светлы тон, каб быць вонкава бліжэй да гераіні, а на сцэну выйшла з траўмаванай нагой, адпрацаваўшы спектакль на болеспатольваючых.

Потым былі «Рамео і Джульета», «Трыстан  Ізольда», «Лебядзінае возера» — і творчы дуэт з Юрыем Траянам. Праз тры гады іх абаіх адправілі на стажыроўку для павышэння кваліфікацыі ў Ленінградскі тэатр оперы і балету. Маладая пара настолькі спадабалася тамтэйшым балетмайстрам, што ім прапанавалі было застацца, нават абяцалі адразу даць кватэру. Аднак Бржазоўская і Траян падзякавалі — і вярнуліся ў Мінск.

Адэта ў «Лебядзіным возеры». Фота bolshoibelarus.by
Сцэна з балету «Спартак»
«Трыстан і Ізольда»

Як гэта нярэдка бывае, творчы дуэт неўзабаве ператварыўся ў сямейны. Закахаўшыся ў партнёра па сцэне, Людміла Бржазоўская рассталася са сваім першым мужам, журналістам Аркадзем (іхні шлюб доўжыўся тры гады і скончыўся мірным разыходжаннем, былыя сужэнцы захавалі цёплыя стасункі). А вось парай на сцэне і ў жыцці з Юрыем Траянам яны былі 19 гадоў. Людміла вельмі хацела, каб і іх сын Аляксандр пайшоў у балет, але не склалася.

Одры Хепбёрн на пуантах

Бржазоўская першай з беларускіх балерын станцавала Кармен — «Кармен-сюіту» паставіў у мінскім тэатры самы малады галоўны балетмайстар СССР Валянцін Елізар’еў, які прыдумаў новыя прачытанні для класічных вобразаў.

Напрыклад, ва ўсіх пастаноўках паводле Бізе свабодалюбівую іспанку забіваюць кінжалам, і толькі ў версіі Елізар’ева Кармен загінула ў «адбымках» былога каханага.

«У гэтым спектаклі ўсё бясконца прыгожа. Гэта і злосць, і каханне, і дараванне — Кармен памірае, але даруе», — гаварыла пра сваё бачанне гераіні Людміла Бржазоўская.

Кармен. Фота t.me/s/bolshoibelarus

Яе пластычнасць і вытанчанасць, бездакорная тэхніка і адухаўлёнасць, эмацыйнасць і амаль эфемерная зграбнасць скарылі не толькі публіку — ужо ў 29 гадоў Бржазоўская атрымала званне народнай артысткі. І — стала прымай Вялікага тэатру оперы і балету.

«Стварэнне свету» і «Карміна Бурана», «Шчаўкунок» і «Спартак», — яна была першай выканаўцай у многіх пастаноўках Елізар’ева, які часта рабіў галоўныя партыі менавіта «пад Бржазоўскую», захапляўся ёй і падкрэсліваў,  што ніхто іншы не ўмеў так тонка перадаць харэаграфічную задумку і дапоўніць вобраз сваім разуменнем сэнсаў, індывідуальнасцю.

«Дон Кіхот»
З Валянцінам Елізар’евым. Фота gorodw.by

Талент беларускі ацанілі і замежныя гледачы з амаль 30 краін — Бржазоўская ў складзе інтэрнацыянальнай балетнай трупы пабывала на гастролях у Фінляндыі, Італіі, Венгрыі, Чэхіі, Польшчы, Сінгапуры, Турцыі, Індыі, Іарданіі, Малайзіі, Сірыі. Еўрапейскія выданні пісалі захопленыя рэцэнзіі, а балетаманы засыпалі артыстаў кветкамі.

Да прыкладу, на «Лебядзіным возеры» ў Хельсінкі заслона адкрывалася восем разоў — публіка патрабавала артыстаў на паклон, апладзіравала і нават тупала нагамі. Людміле Бржазоўскай падарылі два шыкоўныя букеты руж — белых і чорных, як сімвал белага і чорнага лебедзяў.

Падчас гастроляў у Італіі за кулісы прайшоў знакаміты рэжысёр Франка Дзефірэлі і прэзентаваў Бржазоўскай два флаконы парфумы: «Для вас і вашага Адама» (беларусы якраз паказвалі «Стварэнне свету»).  Сама ж балерына любіла згадваць гастролі па Індыі — бо, паводле сямейнага падання, у аднаго з яе продкаў былі індыйскія карані.

Што да Кармэн, у гэтай ролі прафесійныя крытыкі нярэдка параўноўвалі яе з Маяй Плісецкай — і перавагу аддавалі майстэрству беларускі. А вось на здымках — выразныя вочы, высокія сківіцы, вытанчаны авал твару — балерына нагадвала многім Одры Хепбёрн. Дарэчы, і балетныя крытыкі сцвярджалі, што Бржазоўская — адзіная балерына, якой глядзяць не на ногі, а ў вочы.

Што праўда, з кіно артыстка блізка не пасябравала. Хоць і знялася ў дзвюх стужках: у меладраме «Міф» сыграла балерыну — па сутнасці, самую сябе (да таго ж скарысталася магчымасцю пазнаёміцца са знакамітым Марысам Ліепам), а ў фільме-мюзікле «Пададзеным смеху» — спявачку (хоць пазнаць яе ў забаўным парыку з кудзеркамі вельмі складана).

На здымках фільма «Прададзены смех» з Леанідам Нячаевым

Не сядзела на пенсіі

Сына Аляксанда балерына нарадзіла не тое каб рана, у 39 гадоў — і, хоць ужо праз 6 месяцаў танцавала ў «Бахчысарайскім фантане», разумела, што хутка сыйдзе са сцэны: узрост, зададзеная самой сабе высокая планка, падарванае здароўе (з-за перагрузкі імуннай сістэмы ў яе пачалася астма, даводзілася нават танцаваць з інгалятарам). Праз некалькі год, калі ў тэатры адбывалася чарговая змена пакаленняў, Бржазоўская выйшла на пенсію.

Фота gorodw.by

Нейкага развітальнага спектаклю, згадвала яна, не было — проста нібыта ўключыўся таймер унутры, і сама для сябе адзначала: вось гэта — апошні яе «Спартак», а гэта — апошні выхад у «Лебядзіным возеры».

У 1987 яна скончыла факультэт харэаграфіі ў Інстытуце культуры — і ўжо налета сама стала выкладаць у харэаграфічным каледжу, у Акадэміі музыкі і Акадэміі мастацтваў. Але пратрымалася ўсяго некалькі год: потым зразумела, што не можа быць без тэатру — і вярнулася, у якасці балетмайстра-рэпетытара.

З маладымі артыстамі балету яна працавала фактычна да апошніх сваіх дзён, сярод яе вучаніц, да прыкладу, Вольга Гайко і Ірына Яромкіна, Людміла Хітрова, Марына Вежнавец.

Калегі па тэатру адзначалі, што і педагогам Людміла Бржазоўская была выбітным — патрабавальная, але не жорсткая, а наадварот, клапатлівая, гатовая падказаць і падбадзёрыць, зняць лішняе хваляванне — ды хоць бы і за хвіліну да выхаду на сцэну.

Пры тым яна ніколі не параўновала сучасных артыстаў з сабой ранейшай, не крытыкавала «гэтае новае пакаленне», а шчыра захаплялася пераемнікамі і сцвярджала, што працаваць з маладымі — сапраўдная радасць.

«Божа, якое шчасце, што я на інтрыгі ніколі не адцягвалася. У сваім жыцці зайздросціла тры дні, і так мяне гэта выматала, што больш гэткім эмоцыям не паддавалася», — напаўжартам гаварыла яна ў адным з «юбілейных» інтэрв’ю.

2021 год, Людмілу Бржазоўскую віншуюць з юбілеем міністр культуры, балетмайстар Юрый Траян і тагачасны дырэктар Вялікага тэатру Беларусі. Фота t.me/s/bolshoibelarus

6 снежня 2023 года Людміла Бржазоўская пайшла з жыцця — але засталася ў памяці тэатралаў як легенда беларускага балету. Пахаваная артыстка на Усходніх могілках у Мінску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(23)