Политика
Любоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

“Бацькаўшчыне” пагражае ліквідацыя

Сябры грамадзкай арганізацыі “Бацькаўшчына” праз Менскі гаспадарчы суд дамагаюцца, каб гарадзкія ўлады вырашылі праблему з памяшканьнем. Яны падалі сустрэчны зыск да прадпрыемства “Менская спадчына”, якое з’яўляецца арэндадаўцам памяшканьня “Бацькаўшчыны”. Пасьля высяленьня арганізацыі на час рамонту “Менская спадчына” ініцыявала ў судзе скасаваньне дамовы пра арэнду. У судзе прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” запатрабавалі заключыць дадатковую дамову на час рамонту.

У Менскім гаспадарчым судзе прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” паведамілі, што арганізацыя мае дамову на арэнду памяшканьня ў будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай да 2018 году. 7 жніўня будынак добраахвотна вызвалілі на час рамонту.

У суд зьвярнуліся, бо заключыць новую дамову, пакуль не скасаваная старая, немагчыма. Сябры “Бацькаўшчыны” ня могуць пагадзіцца на гэта, бо разьлічваюць пасьля рамонту зноў пераехаць у будынак на вуліцы Рэвалюцыйнай. Акрамя іх, там месьціўся цэнтр Францішка Скарыны і аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Цэнтральнага раёну Менску.

Актывістка “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская:

(Шыдлоўская: ) “Мы не пагаджаемся самі ў добраахвотным парадку скасоўваць дамову арэнды, якую заключылі да 2018 году. У дачыненьні да камунальных службаў мы ня маем ніякіх ілюзіяў. Ніхто нам даваць памяшканьня ня будзе. Спадзяемся самі знайсьці арэнду на час правядзеньня капрамонту. Але мы настроеныя дамагацца пасьля правядзеньня капрамонту вяртаньня нашай арганізацыі (у тым ліку і Беларускага дому, які стварылі) у будынак на вуліцы Рэвалюцыйнай, 15”.

Калі арганізацыя пэўны час ня мае юрыдычнага адрасу, яе могуць ліквідаваць. Старшыня “Бацькаўшчыны” мастак Аляксей Марачкін прысутнічаў на судзе.

(Марачкін: ) “Ёсьць пастанова Савету Міністраў пра тое, што нам даюць гэтае памяшканьне да 2018 году. Я, як кіраўнік, лічу, што пры ўсіх зьменах, пры ўсіх нейкіх унутраных праблемах, накатах найперш павінны адмяніць рашэньне Савету Міністраў. А рашэньне Савету Міністраў можа адмяніць толькі сам Савет Міністраў. Гэтае рашэньне прымалася ў незалежнай Беларусі, і мы цяпер жывем юрыдычна ў незалежнай Беларусі. Таму менавіта гэты пункт дае нам магчымасьць абараняцца”.

Заканадаўствам не прадугледжана, каб гарадзкія ўлады ў выніку рамонту давалі арандатарам іншае памяшканьне. Паколькі дагэтуль не знайшлося ахвочых здаць плошчу для офісу “Бацькаўшчыны”, то праз тры месяцы Мін’юст можа пачаць ліквідацыю арганізацыі ў судовых інстанцыях.

Наступнае паседжаньне Менскага гаспадарчага суду ў справе “Бацькаўшчыны” адбудзецца 12 сьнежня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)