Политика
“Наша ніва”

Азаронка не пусьцілі ў Гішпанію

Як стала вядома “НН” з крыніцаў у пасольстве адной з эўрапейскіх краінаў, намесьніку кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі Юр’ю Азаронку было адмоўлена ў візе для наведваньня Гішпаніі. Пра візу ён хадайнічаў у пасольстве Францыі, што прадстаўляе гішпанскія інтарэсы.

У адрозьненьне ад свайго шэфа А.Зімоўскага, аўтар прапагандысцкіх тэлефільмаў ня трапіў у “сьпіс-31”. Гэта адбылося таму, што эўрапейцы вырашылі абмежаваць сьпіс пэўным лікам, і ўсе “героі Беларусі” туды не зьмясьціліся.

Як сказаў адзін эўрапейскі дыплямат, “ніякія Зімоўскі і Азаронак не журналісты. Гэта прапагандысты, якія самі ведаюць, што хлусяць, таму хай не разьлічваюць, што да іх будуць ставіцца як да журналістаў”.

Нам таксама стала вядома, што чуткі, нібыта Зімоўскі атрымаў кіпрскую візу і адпачываў на востраве, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Натомест адмова Канады прыняць для дазапраўкі самалёт Сідорскага, што кіраваўся на Кубу, праз наяўнасьць на борце Праляскоўскага й Зімоўскага, — факт.

Больш за тое, як нам стала вядома, у Азаронка таксама “няшмат шанцаў” атрымаць візу Грэцыі, якую ён просіць цяпер. Так што Азаронку ня ўдасца пагрэцца на ласкавым грэцкім сонейку, як не ўдалося на гішпанскім.

Гэта азначае, што сьпіс асобаў, якім рэальна забаронены ўезд у Эўропу, значна шырэйшы, чым фармальна абвешчаны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)