Политика
Радыё Свабода

Ангела Мэркель падтрымлівае беларускую апазыцыю

Вядучыя заходнія медыі і інфармацыйныя агенцыі перадаюць пра першую рэакцыю вядучых эўрапейскіх палітыкаў на выбары ў Беларусі. Паводле нямецкага выданьня "Handelsblatt", у Бэрліне федэральны канцлер Ангела Мэркель заявіла пра рашучую падтрымку апазыцыі, у Брусэлі эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр адзначыла: "Вельмі верагодна, што ЭЗ у дачыненьні да афіцыйнага Менску будзе дзейнічаць рашуча". Выданьне прыводзіць выказваньні міжнародных назіральнікаў за выбарамі ад АБСЭ, якія сьведчаць "пра наяўнасьць шматлікіх доказаў парушэньняў дэмакратычнага выбарчага працэсу ў Беларусі". Фэдэральны канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель гарантуе далейшую падтрымку беларускай апазыцыі. Як перадае нямецкая агенцыя DPA, ўрадавыя палітыкі і апазыцыя рэзка крытыкуюць аўтарытарны рэжым у Беларусі.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка нямецкага Бундэсканцлера Томаса Штыга, дадзеныя, якія сьведчаць пра перамогу Лукашэнкі маюць адценьне падлогу, у наяўнасьці шмат прыкметаў таго, што выбары не былі свабоднымі і празрыстымі. Часам апошніх дзён апарат Лукашэнкі настойліва пагражаў апазыцыі пакараньнем акцыяў пратэсту, заяўляе афіцыйны прадстаўнік Мэркель. Паводле ягоных словаў, сваімі дзеяньнямі ў часе выбарчай кампаніі апазыцыя знайшла глыбокую павагу ў вачох нямецкага ўраду і заслугоўвае ўсялякай салідарнасьці і падтрымкі.
Цяперашні міністар замежных справаў Эўразьвязу, кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Аўстрыі Урсула Пласьнік заявіла, што ЭЗ занепакоены той атмасфэрай запалохваньня і пагрозаў, якая існавала ў Беларусі напярэдадні выбараў. Паводле яе словаў, кантроль за хадой выбараў быў немагчымы, бо было прымусовае датэрміновае галасаваньне. Аднак, лічыць спадарыня Пласьнік, "ніякая зіма ня вечная, у тым ліку і ў Беларусі". Эўракамісар Бэніта-Фэрэра Вальднэр заявіла пра неабходнасьць уваленьня Эўразьвязам візавых санкцыяў у дачыненьні да шырокага кола вядучых беларускіх дзеячаў. Што да эканамічных санкцыяў, то яны ня павінны разглядацца, паколькі ў іх выніку можа пацярпець насельніцтва краіны.
Паводле генэральнага сакратара Рады Эўропы Тэры Дэвіса, пераабраньне Лукашэнкі не адпавядае прынцыпам вольных і карэктных выбараў. Адвольнае выкарыстаньне дзяржаўных сродкаў, якое ў часе выбараў было накіравана на падтрымку дзейнага прэзыдэнта, выходзіла за звычайныя прымальныя рамкі. Мандат Лукашэнкі, быў такім чынам, "абмараны", лічыць Тэры Дэвіс.
Злучаныя Штаты не прызнаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і падтрымліваюць заклікі правесьці паўторныя выбары. Пра гэта заявіў прэсавы сакратар амэрыканскай адміністрацыі Скот Маклелан.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)