Коктейль

Андрусь Такінданг: «Рыхтаваўся жыць ва ўяўнай Беларусі: з Кастрычніцкай, парай вясковых фэстаў»

Сольныя выступы і адчуванне галізны на іх. Выступы на панк-сквотах і касцельных фэстах. Наступствы 2020 года і магчымая пасада ў міністэрстве адукацыі… Пра сваё жыццё праекту «1906» распавёў музыка і мастак Андрусь Такінданг.

Фота: www.facebook.com/almanah.monolog

Шчыра кажучы, збіўся, калі пазначаў колькасць праектаў, у якіх вы бралі ўдзел. Самі дакладную лічбу ведаеце?

– А давайце падсумуем разам. Найперш, канечне, гурт Recha — пачалі граць яшчэ дзесьці з 2002 года. Паралельна ўзнік праект Harotnica, які адрозніваўся ад «папярэдніка» канцэпцыяй, музыкай, формай. Гэта звычайная справа, калі беларускія артысты ствараюць, працуюць альбо граюць у розных праектах. І для бытавога выжывання плюс, і для творчай разнастайнасці.

Пасля разам з Валерыяй Валадзько рабілі дзіцячыя песні — нават сёння з імі рэгулярна выступаем. Згадаю і супрацоўніцтва з музыкам Алесем Ясінскім пад назвай Hostel, калі ў Празе запісалі адмысловы альбом пасля абмену творчымі ідэямі. Вось, бадай усё, што далучыў бы да афіцыйнай дыскаграфіі (пасміхаецца).

Новыя пункты ў спісе? Не, пакуль няма — працую з тым, пра што згадаў. Дый цяпер такі час, калі часцей даводзіцца граць самому, без музыкаў — бягучымі днямі, напрыклад, выбраўся ў Польшчу, каб удзельнічаць з сольный праграмай у фэсце інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Далей разам з Валерыяй плануем выступіць з дзіцячымі песнямі, а пасля запланаваны фэст у Чэхіі, дзе да мяне далучыцца адзін з музыкаў «Recha».

Больш камфортна сябе адчуваеце ў гурце ці калі ладзіце перфоманс сам-насам з аўдыторыяй?

– Акустычныя канцэрты ладзяцца не ад добрага жыцця (пасміхаецца). Перакананы, што ўсе нашы музыкі, якія граюць цяпер без бэндаў — Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Іван Кірчук — робяць гэта з-за складаных эканамічных ды лагістычных рэалій. Далёка не ўсе арганізатары імпрэз сёння здольныя запрасіць гурт цалкам з-за грашовых выдаткаў. Візавыя пытанні таксама дадаюць галаўнога болю.

Але, калі хочаш быць у музыцы, усё адно даводзіцца граць. На жаль, мы не можам сыходзіць у творчы адпачынак на паўгода—год без наступстваў для жыцця. Таму прыдумляем нешта, выкручваемся.

Для мяне сольныя выступы заўсёды былі праблематычнымі. Упэўнены ў сваіх музыках на сто адсоткаў: усім кажу, што гэта найлепшыя людзі з магчымых як па характары, так і па прафесійных якасцях — і мне пашчасціла з імі супрацоўнічаць. Таму, калі выходжу на сцэну адзін, без іх, то адчуванне, быццам голы стаю перад натоўпам.

Тады імкнуся больш размаўляць з аўдыторыяй, даю пэўны ўхіл у бок тэкстаў. Карацей, шукаю спосабы спрасціць ціск ды чамусьці навучыцца нават у такіх складаных абставінах.

На гэты конт ёсць гісторыя, дарэчы. Паехаў неяк па Германіі з гастролямі: Берлін, Магдэбург — такія андэграўнд-канцэрты больш для тамтэйшай аўдыторыі, чым для беларусаў. Праходзілі яны ў сквотах ды камунах з адпаведнай аўдыторыяй: панкі, анархісты… Я па-нямяцку не размаўляю, яны, відавочна, не знаёмыя з беларускай мовай. Таму атрымаўся спецыфічны досвед: стаіш перад чужымі людзьмі, адзін, у руках інструмент, спрабуеш спяваць-граць. Людзі прымалі, слухалі. Але гэта быў пэўны чэлендж. Апынуліся б побач музыкі, зразумела, праграма пайшла б больш насычаная, а там і танцы з людской раскаванасцю — толькі пытанне часу. Але замест занурэння ў творчасць давялося быццам іспыт здаваць. Таму і кажу: калі хочаш быць музыкам, то мусіш прыстасоўвацца да самых нечаканых абставін.

Вы цяпер сябе больш успрымаеце музыкам, мастаком ці літаратурным творцам?

– Насамрэч, залежыць ад праекта, у якім заняты, на што ёсць запыт. Быў перыяд, калі некалькі месяцаў правёў у гастролях, і тады пераважала музыка. Пасля рабіў арт-праект — ілюстрацыі да дзіцячых казак. Адпаведна, большасць часу аддаваў мастацтву.

Цяжка неяк натуру падзяляць, бо блізкая творчасць любога кшталту, калі яна шчырая і ідзе ад сэрца.

Ведаеце, калі пачынаў кар'еру, чуў ад людзей: «Андрусь, мо варта ўжо вызначыцца ды крочыць выключна па адным шляху, каб стаць віртуозным музыкам альбо пайсці ў Саюз мастакоў ды начапіць берэт, каб адпавядаць канону?» Але я веру, што існуе і такі варыянт, пры якім увесь час шукаеш нешта новае ў любой галіне творчасці — і дамагаешся поспеху. Хай сабе пры гэтым музыка з мастацтвам будуць спецыфічным, «на аматара».

Наколькі вам зручна ў ролі мастацкага кіраўніка цэлага згуртавання? Бо прыгадваю часы Harotnica, якая моцна выбухнула і выступала на вялікіх сцэнах кшталту Open'er Festival. Там вас успрымаў менавіта як сапраўднага боса.

– Ох, не маё гэта амплуа (смяецца). На самой справе, гурт Harotnica ў пашыраным складзе — дзесьці чалавек восем: духавая секцыя, гітара, бубны, бас. І найбольш перажывала за арганізацыю працы наша салістка Валерыя. Яна чалавек прафесійны, адказны, таму ўвесь час пераймалася, каб людзі не згубіліся, своечасова прыйшлі на рэпетыцыю, каб знаходзіліся ў годных кандыцыях. Я ж наадварот у нейкі момант зразумеў, што неабходна проста адпусціць сітуацыю: маўляў, хай яно само расце і развіваецца — што будзе, тое будзе.

І мы так існавалі ажно пакуль не разваліліся, бо не вытрымалі ўласнай разнастайнасці. Вялікі калектыў — гэта весела як на сцэне, гэтак і ў жыцці. Але ў кожнага свой характар, звычкі, прыярытэты. І файна, калі ад таго, што робіш, людзі хочуць радасці ды пазітыву. Але музыка часамі — нудная праца, калі трэба быць пунктуальным, шмат чым ахвяраваць. У нас жа ўдзельнікі калі-нікалі больш нагадвалі дзяцей: адзін згубіў інструмент, іншы сам згубіўся…

Памятаю, як Валерыя плакала ды пераймалася ад таго, што нехта спазняецца, а іншы ўвогуле не прыходзіць. Таму ў пэўны момант прыйшлі да высновы — трэба спыняць супрацоўніцтва. Узялі даўжэзную паўзу, пасля якой аднавіліся ў трыа Harotnica mix: Эрык Арлоў, Валерыя ды я. Гэта ўжо іншы вайб, іншая музычная атмасфера — больш аскетычная, больш эксперыментальная.

Але, па шчырасці, я не той чалавек, які здольны грукаць кулаком па стале, уздымаць голас. Лічу, што гэта хіба, бо часам у калектыве мусіць быць такі рухавік, які здольны музыкаў застрашыць альбо заахвоціць. Даю сабе справаздачу, што функцыі такога кшталту не заўсёды годна выконваў.

Вы часта выступаеце на рознага кшталту касцельных святах. Што для вас рэлігія?

– Пачну крыху здалёк — з першага фэсту падобнага кшталту, куды нас запрасілі. Выступалі ў вёсцы Лучай, дзе пробачшам у касцёле быў ксёндз, які штомесяц ладзіў імпрэзы. Туды завітвалі Вольскі, Вайцюшкевіч, Шалкевіч, Камоцкі, Паліна Рэспубліка, N.R.M. з Пітам Паўлавым… Калі з гуртам Recha таксама атрымалі запрашэнне, здзівіліся: «А што, так увогуле можна?». Бо мы гралі музычку забаўляльную, зусім не звязаную з рэлігіяй. Таму меліся сумневы, ці будзем да месца. Але калі туды завіталі, пытанні адпалі самі сабой.

Уявіце: простая вёсачка, касцёл, мясцовая моладзь, бабулі — і перад імі выступае Вольскі. А пасля ладзіцца сапраўднае фаер-шоў, байкеры, гук адпаведны, фарбы… Прыблізна сем гадоў такое жыццё ў Лучаі віравала. І вось гэта мне дало магчымасць з іншага боку паглядзець на касцёл. Бо звычайна падзяляў: ёсць справы рэлігійныя, калі ідзеш на імшу ў нядзелю, а ёсць будзённае, калі выпраўляешся, напрыклад, на рок-канцэрт. Аднак аказалася, што сусветы гэтыя могуць суіснаваць ды рабіць чалавека цэльным.

Вось вы кажаце пра непадзельнасць жыцця. Аднак падзеі 2020 года павінны ж былі прывесці да дыхатаміі…

– Да 2020 года мы выступалі на розных фэстах: рэлігійных, экалагічных, пацыфісцкіх. Мелі эфіры на беларускім радыё. Гралі лёгкую музыку: з простымі словамі, гармоніямі, што не патрабуюць ад слухачоў дадатковай падрыхтоўкі. Пасля вандравалі па любым Мінску з думкамі: ну файна ж — кавярні працуюць, моладзь прыгожая, творчыя праявы не горшыя за той Берлін…

Але ўнутры заўсёды адначасова прысутнічала адчуванне несвабоды. Быццам мы да нейкага пэўнага моманту знаходзімся ў парніку. І пакуль нешта не здарыцца, усе гэтыя цуды кшталту «Арт-Сядзібы», фэстаў, творчых сустрэч будуць існаваць. Але дастаткова штуршка, каб палац з крышталю ператварыўся ў руіны. І ты наўпрост чакаў гэтага «моманту ікс», бо разумеў: пры далейшым развіцці паралельных сусветаў унутры Беларусі яны не здолеюць суіснаваць.

Так і адбылося ў 2020-м, калі выявілася праўда. З аднаго боку, горкая, бо мы жахнуліся жорсткасці ды гвалту. Але з іншага боку, беларусы пабачылі, колькі ўсяго ўтварылася, колькі вырасла годных людзей, якія здольныя даваць адэкватную ацэнку рэчаіснасці. І ўсё гэта дзякуючы «Мова Нанова», незалежнай прэсе, канцэртам, фэстам, беларускім кнігам…

Я ўжо рыхтаваўся пражыць жыццё ва ўяўнай Беларусі: з Кастрычніцкай вуліцай, парай бараў на Зыбіцкай з беларускамоўнымі сябрамі, парай-тройкай вясковых фэстаў, дзе ўсе ўсё будуць разумець, а нам застанецца толькі граць-спяваць. Але гэта будзе крышталёвы палац пасярод таталітарнай дзяржавы…

Аж не! На дзіва аказалася, што гэта не мая зона камфорту ці ўнутраная эміграцыя, а наша Беларусь, нашы агульныя мары пра будучыню! І тое, што лічыў уласным скарбам — кнігі Караткевіча, пласцінкі N.R.M. ці «Новага неба» — выявілася агульнанацыянальнымі каштоўнасцямі. Таму казаць, што 2020-ы нешта раздрабіў… Наадварот, ён аб'яднаў людзей і шмат што ім патлумачыў.

У новай Беларусі ці прывабілі б вас пасады міністра адукацыі альбо культуры? І якія б змены ажыццявілі ў першую чаргу?

– Ой, не, крый божа (смяецца)! Мая справа — карцінкі маляваць, песенькі спяваць ды з дапамогай гэтага здзяйсняць змены. Увогуле лічу, што пачынаць можна наўпрост з сябе, для гэтага не абавязкова быць чыноўнікам. Дастаткова казаць людзям: вы існуяце і гэтае існаванне важнае. Калі прыязджаеш у вёску ці мястэчка на канцэрт, абавязкова трэба засведчыць і давесці кожнаму: тваё жыццё мае значэнне. Глядзі, прыехалі артысты, а ты набыў квіток ды прыйшоў на імпрэзу — ты важны для іх, ты існуеш, ты асоба, вартая павагі, а не нейкі там шруб.

Перакананы, што кожны чалавек мае сваё асаблівае хараство, непаўторнасць. Кожны чалавек — сапраўдны скарб. Пра гэта варта казаць са школы, малым дзецям. Што яны не проста гарматнае мяса ці нейкія функцыі ў дзяржаве, а скарб для краіны, для людзей навокал.

На жаль, у нас гэта часта забіраюць — і саромеемся быць беларусамі, самімі сабой, шчаслівымі, разняволенымі. Часта мяркуем, што не вартыя лепшай долі, ды існуём у злосці альбо нянавісці. Таму нам патрэбная ўсеагульная псіхатэрапія. У 2020-м быў зроблены да яе першы крок, калі беларусы падумалі пра ўласныя годнасць ды права на радасць.

Не ведаю, як на пасадзе міністра адукацыі даводзіць да людзей, што яны маюць права радавацца. Але ўсё пачынаецца з таго, што мусіш ставіцца да тых, хто слабейшы — да дзяцей, школьнікаў, падначаленых — як да роўных. Каб яны спрачаліся з табой, выказвалі альтэрнатыўныя погляды і думалі вольна, не зашорана.

Чаго бракуе Андрусю Такіндангу, каб назвацца шчаслівым чалавекам?

– Цяпер такі вар'яцкі час, што проста хочацца, каб перасталі забіваць людзей, каб перасталі лётаць ракеты. Каб пачуццё бяспекі вярнулася да ўсіх нас: пачынаючы ад сваякоў, сяброў, знаёмых і да апошняга чалавека ў Беларусі. Каб знікла прычына страху. Вось у гэтым і будзе шчасце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)